Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вымушаны манэўр Лукашэнкі: эканоміка патрабуе рынку, а ўлада баіцца прыватніка

Лукашэнка наведвае гаспадарку Ўладзімера Маліноўскага ў Шклоўскім раёне. 18 верасьгя 2026
Лукашэнка наведвае гаспадарку Ўладзімера Маліноўскага ў Шклоўскім раёне. 18 верасьгя 2026

Сьцісла

  • Лукашэнка пачаў ставіць у прыклад працу прыватных гаспадарак, раздаючы зямлю бізнэсоўцам ці ня цэлымі раёнамі.
  • Ягонае стаўленьне да рынку абумоўлена палітычнай мэтазгоднасьцю.
  • Сытуацыя ў аграрнай сфэры рэзка пагоршылася. Мадэль з дамінаваньнем дзяржгаспадарак паказвае ўсю большую неэфэктыўнасьць.

Створаная Лукашэнкам сацыяльна-эканамічная мадэль з вялікім дзяржаўным сэктарам, калгасна-саўгасным ладам ёсьць аптымальнай для ўтрыманьня ўлады. Аднак з кожным годам яна працуе ўсё горш, дае збоі. Таму Лукашэнка вымушаны рабіць асьцярожныя крокі ў кірунку пашырэньня прасторы для прыватнага сэктару.

Жэсты ў бок прыватнікаў

Апошнім часам незалежныя мэдыя зьвярнулі ўвагу на тое, што Аляксандар Лукашэнка падчас наведваньня рэгіёнаў усё часьцей кантактуе з бізнэсоўцамі, ставіць у прыклад добрую працу прыватных гаспадарак. У жніўні сёлета ён прыехаў у фэрмэрскую гаспадарку Міхаіла Шруба (Жыткавіцкі раён) і заклікаў мясцовых чыноўнікаў вывучаць яго досьвед: «Чаму не вучыцца ў яго? Гэта скарбніца. Прыйшоў і скапіяваў». Таксама ў верасьні Лукашэнка наведаў фэрмэра Ўладзімера Маліноўскага ў Шклоўскім раёне: «Калі б нам 5 тысяч Маліноўскіх, дык і праблем не было б у сельскай гаспадарцы».

Шмат гадоў Лукашэнка навязваў бізнэсоўцам адсталыя прадпрыемствы і сельгасгаспадаркі, тым самым ратуючы калгасна-саўгасны лад.

Цяпер гэтая практыка пашырылася. Лукашэнка пачаў раздаваць зямлю бізнэсоўцам амаль што цэлымі раёнамі. Кампанія «Сервалюкс», якая належыць бізнэсоўцу Яўгену Баскіну, атрымала пад кіраваньне ўвесь аграпрамысловы комплекс Дубровенскага раёну. ААТ «Савушкін прадукт» Александра Машэнскага перадалі сельгасарганізацыі Аршанскага раёну і Полацкі малочны камбінат. Бізнэсоўцу Мікалаю Вараб’ю аддалі землі Верхнядзьвінскага раёну.

Ці можна зрабіць выснову, што Лукашэнка зьмяніў сваё стаўленьне да ролі бізнэсу ў эканоміцы?

Лукашэнка разумее эканамічныя перавагі рынкавай эканомікі

За тры дзесяцігодзьдзі ў грамадзтве склалася ўстойлівае меркаваньне, што Лукашэнка — праціўнік рынкавай эканомікі. Але гэта не зусім так. Хоць ён шмат разоў даводзіў, што ідэю рынка сьвядома падкінуў Захад, каб разваліць Беларусь, Расею і іншыя постсавецкія краіны, назваць яго ідэйным праціўнікам рынкавай эканомікі будзе не зусім правільна. Гэтае пытаньне варта разглядаць не ў зьвязку зь ягоным сьветапоглядам, а, хутчэй, у плашчыні палітычнай мэтазгоднасьці.

Нагадаю, што ў 1990 годзе Аляксандар Лукашэнка, будучы дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, зьяўляўся цьвёрдым прыхільнікам рынкавых рэформаў. Ён даводзіў: «Дзе свабода прадпрымальніцтва? Дзе свабода гандляваць? Дзе свабода ўстанаўленьня коштаў? Голага адміністраваньня Цытата паводле: «Народная газета», 1990, 29 траўня; «Дзяржаўную ўласнасьць на сродкі вытворчасьці павінна замяніць прыватная. Толькі так мы зможам Цытата паводле: «Навіны Беларускага народнага фронту „Адраджэньне“», 1991, № 4. Тады Лукашэнка быў упэўнены, што калгасна-саўгасны лад на сяле ёсьць прыгоньніцкая, фэадальная сыстэма.

Ягоныя мімалётныя выказваньні ўжо ў статусе прэзыдэнта не пакідаюць сумневаў у тым, што ён лічыць рынкавую эканоміку больш эфэктыўнай у параўнаньні з дзяржаўна-мабілізацыйнай эканамічнай сыстэмай: «Дзе б мы сёньня ні сутыкаліся, прыватнік працуе лепш, чым дЦытата паводле: «Белорусы и рынок», 2006, № 27; «Вы працуеце на ўзроўні разваленага калгасу. Вас таксама трэба прыватызаваць і Цытата паводле: «Белорусская деловая газета», 2004, 5 жніўня.

Гэтыя выказваньні абвяргаюць распаўсюджаную вэрсію аб тым, што, маўляў, Лукашэнка закасьцянеў у камуністычным мінулым і нічога не разумее ў сучасных эканамічных працэсах. Праблема ў іншым.

Аптымальная мадэль для ўтрыманьня ўлады

Крытыкі Лукашэнкі ўвесь час адрасуюць яму папрокі, што многія яго рашэньні падрываюць эканамічнае разьвіцьцё краіны. Але праблема ў тым, што задачу стварэньня эфэктыўных гаспадарчых мэханізмаў ён і ня ставіць. Ва ўсякім разе як галоўную. Насамрэч дзяржаўная палітыка падпарадкаваная задачы выжываньня рэжыму. І ўсе працэсы ў эканоміцы арыентаваныя на вырашэньне менавіта гэтай задачы. Зразумела, што ў гэтым выпадку рацыянальныя эканамічныя аргумэнты адыходзяць на другі плян.

Ён выразна ўсьвядоміў, што даміноўны дзяржаўны сэктар у эканоміцы, калгасна-саўгасны лад — аптымальная мадэль для ўтрыманьня ўлады. Яна простая і зручная для ўладараньня і кантролю. Адміністрацыйная сыстэма кіраваньня перадухіляе зьяўленьне іншых цэнтраў эканамічнай улады (алігархаў), а значыць, і палітычнага ўплыву. А паўнавартасная рынкавая эканоміка стварае прастору, непадкантрольную дзяржаве.

Паўнавартасная рынкавая эканоміка стварае прастору, непадкантрольную дзяржаве


Лукашэнка гэта не хаваў, ён казаў: «Скажыце, навошта мне сёньня ў Беларусі прадаваць два нафтаперагонныя заводы? Бо ўласнасьць — гэта ўлада. Я іх не аддаю, бо мне трэба Цытата паводле: «Беларускі маніторынг», 1995, 31 жніўня. На адной нарадзе ў 1998 годзе Лукашэнка наўпрост задаў пытаньне аднаму з кіраўнікоў вобласьці: ня будзе калгасаў, як ты дасі каманду, Пераказ цытаты паводле: «Белорусская газета», 1998, 14 верасьня.

У той жа час Лукашэнка ня можа абысьціся без прыватнага сэктару, бо разумее, што ў такім выпадку эканоміка згіне. Таму разглядае прадпрымальнікаў як непрыемную рэчаіснасьць, якую даводзіцца цярпець. Але імкнецца прымусіць бізнэс працаваць не на прыбытак, а «на карысьць народу».

Лукашэнка пагражаў «выразаць» бізнэс

2020 год пацьвердзіў усе перасьцярогі ва ўяўленьні Лукашэнкі наконт небясьпекі прыватнага сэктару для ягонага рэжыму. Вялікую частку пратэстоўцаў складалі супрацоўнікі недзяржаўных кампаній. Лукашэнка не хаваў свайго рэзка нэгатыўнага стаўленьня да прыватнікаў.

У лютым 2021 году, выступаючы на паседжаньні Ўсебеларускага народнага сходу, ён назваў бізнэсоўцаў «мярзотнікамі», паабяцаў іх «выразаць гарачым жалезам», пагражаў, што «ўсялякіх іпэшнікаў прывядзём у пачуцьці». Ён аб’явіў, што спыніцца практыка спрошчанай рэгістрацыі бізнэсу.

«Лепш няхай яны зьедуць з тымі грашыма, якія накралі, таму што яны перавернуць краіну», — казаў Лукашэнка. Нейкі час на парадку дня стаяла пытаньне пра ліквідацыю Парка высокіх тэхналёгій.

Сытуацыя вымагае карэктываў у стаўленьні да бізнэсу

Чаму ж цяпер Лукашэнка карэктуе свае падыходы да прыватнага сэктару?

Найперш таму, што ў аграрнай сфэры рэзка пагоршылася сытуацыя. Мадэль з практычна поўным дамінаваньнем дзяржаўных гаспадарак паказвае ўсю большую неэфэктыўнасьць. Улады ня могуць вырашыць нават простых праблемаў, напрыклад спыніць масавую гібель цялят. Сытуацыю трэба тэрмінова ратаваць.

Другую прычыну два гады таму агучыў сам Лукашэнка. Аказваецца, вёскі абязьлюднелі, зьнікае ягоны электарат на сяле. У красавіку 2024 году ён тлумачыў мясцовым чыноўнікам: «Калі да вас прыватнік заможны зьвярнуўся і хоча ў Віцебскай вобласьці ці Магілёўскай узяць калгасы нейкія ці калгас цалкам, — аддайце. І сяляне на нас ужо сёньня не павінны крыўдзіцца. 25 гадоў таму гэты фактар быў, я яго ўлічваў. Калі б мы пачалі ўсё гэта раздаваць, у нас была б аграрная рэвалюцыя. Сёньня прыватнік сябе зарэкамэндаваў».

Тым ня менш, гэтыя жэсты ў бок рынкавай эканомікі Лукашэнка робіць асьцярожна. Не адбываецца масавай прыватызацыі дзяржсэктару. Зямлю фэрмэрам ці прыватным кампаніям аддаюць не ў прыватную ўласнасьць, а ў арэнду. Ранейшая сацыяльна-эканамічная мадэль захоўваецца, хоць і трохі мадэрнізуецца.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода

    Кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі «Александр Лукашенко. Политический портрет» (2010), адзін з самых цытаваных палітычных камэнтатараў Беларусі.

    На Свабодзе — ад 1999 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG