Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі парадокс: улада ўмее караць, але ня ўмее кіраваць

Аляксандар Лукашэнка і Віктар Хрэнін
Аляксандар Лукашэнка і Віктар Хрэнін

Сьцісла

  • Сёлета ўлады апрабавалі новыя спосабы прымусу да працы.
  • Нядобрасумленных працаўнікоў сельскай гаспадаркі сталі прызываць на вайсковыя зборы.
  • Умяшаньне ўлады ў прыватнае жыцьцё, у сямейныя справы — адна з важных прыкметаў таталітарызму.
  • Атрымліваецца, што ў адных сфэрах дзяржавы мала, яна не дае рады сваім задачам, а ў іншых, наадварот, яе зашмат.

Палітычны рэжым Беларусі эвалюцыянуе ад аўтарытарызму да таталітарнай мадэлі. Гвалт прызнаны ўнівэрсальным сродкам вырашэньня ўсіх праблем. У той жа час пасьля 2020 году ў Беларусі ў шмат якіх сфэрах адбыўся дэфолт дзяржаўных функцыяў.

Рух да таталітарнай мадэлі

Вонкава выглядае, што грамадзка-палітычнае жыцьцё ў Беларусі цалкам замарожанае. Кіроўны рэжым зрабіў усё, каб максымальна закрыць грамадзтва ад непажаданых вонкавых уплываў. Тым ня менш створаная Аляксандрам Лукашэнкам сыстэма застаецца жывым арганізмам, які вымушаны рэагаваць на выклікі, хоць і своеасаблівым чынам. Працэсы эвалюцыі аўтакратыі адбываюцца паводле сваіх заканамернасьцяў.

Вызначаны трэнд — гэта рух ад аўтарытарнай да таталітарнай мадэлі. Машына запушчаная, яна працуе на аўтамаце, адбываецца закручваньне шрубаў. Гвалт прызнаны ўнівэрсальным сродкам вырашэньня якіх-хаця праблемаў, дзяжурным адказам на розныя выклікі.

Напрыклад, як разьвязаць сацыяльна-эканамічныя праблемы Віцебскай вобласьці, прыпыніць яе дэградацыю? 15 кастрычніка Лукашэнка, наведваючы гэты рэгіён, даў стандартны адказ: «Тут павінна быць вайсковая, вельмі жорсткая („жесточайшая“) дысцыпліна».

Новыя формы гвалту

Лукашэнка творча вышуквае ўсё новыя формы, мэтады, мэханізмы гвалту. Сёлета ўлады апрабавалі новыя спосабы прымусу да працы. Нядобрасумленных працаўнікоў сельскай гаспадаркі сталі прызываць на вайсковыя зборы. Лукашэнка вельмі задаволены сваёй прыдумкай і цяпер спрабуе тыражаваць гэты досьвед. Ён пагражае такім чынам караць ня толькі шараговых камбайнэраў, мэханізатараў, але і высокіх чыноўнікаў: старшыню Віцебскага аблвыканкаму Аляксандра Рагожніка, кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Дзьмітрыя Крутога. Лукашэнка пагрозьліва заявіў: «Калі хтосьці ня выканае тое, што я зараз сказаў, — да Хрэніна, ён чакае. На чале з губэрнатарам, май гэта на ўвазе. А можа, і Круты пойдзе з вамі туды батальёнам камандаваць».

Падчас размоваў у асяродзьдзі незалежных экспэртаў, што Круты — фаварыт, а можа і пераемнік Лукашэнкі, гэтая пагроза выглядае вельмі паказальнай. У пэрсаналісцкім рэжыме, які створаны ў Беларусі, ніякіх фаварытаў быць ня можа. Як толькі зьяўляюцца нейкія, няхай слабыя, намёкі на нейкага спадчыньніка пасаду, Лукашэнка яго тут жа дэманстратыўна штурхае ў апалу.

Умяшаньне ў прыватнае жыцьцё

Ці вось як, напрыклад, можна вырашыць дэмаграфічную праблему? Дзяржава адказвае. Як паведамляе «Позірк», Навукова-дасьледчы інстытут тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіраваньня Акадэміі кіраваньня падрыхтаваў мэтадычныя матэрыялы для інфармацыйна-прапагандысцкіх групаў, якія 15 кастрычніка праводзілі штомесячны «адзіны дзень інфармаваньня насельніцтва».

У гэтым дакумэнце даводзіцца, што «спрошчаныя формы адносін» паміж мужчынам і жанчынай (напрыклад, грамадзянскі шлюб, зьмена партнэраў), рост колькасьці разводаў, павелічэньне колькасьці няпоўных сем’яў, нізкая нараджальнасьць — ключавыя пагрозы нацыянальнай бясьпецы ў многіх дзяржавах, у тым ліку ў Беларусі. Паводле ідэолягаў Акадэміі кіраваньня, настроі сярод моладзі наконт таго, што нараджэньне дзяцей неабавязковая справа, ня могуць заставацца без увагі дзяржавы. «Мы ня можам гэтага дапусьціць», — заяўляюць аўтары мэтадычкі ад імя ўладаў.

То бок, у перакладзе на зразумелую мову, цяпер у Беларусі мець дзяцей — амаль што грамадзянскі абавязак, за выкананьнем якога дзяржава будзе сачыць і кантраляваць.

Дарэчы, Лукашэнка яшчэ ў 2023 годзе ў штогадовым «пасланьні народу і парлямэнту» заявіў: «Любая папулярызацыя ідэі бязьдзетнай сямейнай пары ў нашай інфармацыйна-культурнай прасторы павінна спыняцца… Такая ідэалёгія павінна быць па-за законам».

Умяшаньне ўлады ў прыватнае жыцьцё людзей, у сямейныя справы — гэта адна з важных прыкметаў таталітарызму. У сталінскім СССР, у гітлераўскай Нямеччыне дзяржава жорстка кантралявала адносіны ў сям’і, сфэру ўзнаўленьня насельніцтва, нараджэньне дзяцей.

Пры гэтым застаецца па-за ўвагай той факт, што менавіта жорсткія палітычныя рэпрэсіі пасьля 2020 году вымусілі эміграваць каля паўмільёна беларусаў, і гэта вельмі адмоўна адбілася на дэмаграфічных працэсах у краіне. А цяпер дзяржава імкнецца гвалтам вырашыць дэмаграфічную праблему, апэлюючы да «традыцыйных каштоўнасьцяў».

Дэфолт дзяржаўных функцыяў

Парадокс сытуацыі ў тым, што пасьля 2020 году ў Беларусі ў шмат якіх сфэрах адбыўся дэфолт дзяржаўных функцыяў. Гэта значыць, дзяржаўныя ўстановы ў пэўнай ступені перасталі выконваць свае абавязкі, базавыя задачы.

Напрыклад, цалкам разбурана праўная сыстэма і інстытуты правасудзьдзя, без чаго немагчымае існаваньне паўнавартаснай сучаснай дзяржавы. У адносінах да апанэнтаў рэжыму законы, права перасталі дзейнічаць.

Моцна дэградавала замежная палітыка краіны, яна страчвае сваю міжнародную субʼектнасьць, бо трапіла ў вялізную залежнасьць ад Расеі. Дзейны рэжым правакуе штучныя канфлікты з суседзямі, дыстанцыюецца ад эўрапейскіх арганізацыяў (Рада Эўропы, Усходняе партнэрства ЭЗ), але інтэгруюцца ў азіяцкія структуры (ШАС, Нарада аб узаемадзеяньні і ўзмацненьні захадаў даверу ў Азіі), неэўрапейскія аб’яднаньні (BRICS, «Рух недалучэньня»). Міністэрства замежных справаў эвалюцыянавала ў нейкае падабенства міністэрства прапаганды.

Назіраецца дысфункцыя ў галіне эканомікі. Лукашэнка ўжо два гады займаецца ратаваньнем Віцебскай вобласьці, найперш сельскай гаспадаркі, і сам прызнае, што ня можа даць рады. Здавалася б, ёсьць простае выйсьце: раздаць зямлю фэрмэрам, уласьнікам, і не ў арэнду ў якасьці прымусовай нагрузкі, а перадаць ці прадаць у прыватную ўласнасьць. Але не, дзяржава ня хоча выпускаць зямлю з сваіх рук, аднак і распараджацца ёю па-гаспадарску ня можа.

Рэжым адмаўляецца выконваць функцыю абароны мяжы, у выніку чаго замежныя грамадзяне (незаконныя мігранты) гадамі штурмуюць межы суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу.

Перакосы ў дзейнасьці дзяржавы

Можна доўга разважаць, як рэжым Аляксандра Лукашэнкі ня ў стане выконваць тыя натуральныя функцыі, якія павінна выконваць усякая дзяржава. Аднак атрымліваецца, што ў адных сфэрах дзяржавы мала, яна не дае рады сваім задачам, а ў іншых, наадварот, яе зашмат.

Напрыклад, карныя функцыі разрасьліся да неймаверных маштабаў. Да таго ж дзяржава лезе туды, куды яна лезьці не павінна — замахваецца на прыватнае жыцьцё людзей, іх сьветапогляд, духоўную сфэру.

Такія перакосы ў дзейнасьці ўладаў выкліканыя тым, што яны ставяць на першае месца не разьвіцьцё краіны, ня тыя сфэры, дзе яны мусяць працаваць на грамадзтва, а найперш турбуюцца пра нэўтралізацыю пагрозаў свайму ўладараньню. У выніку атрымоўваецца такі дзіўны дзяржаўны Левіятан, вельмі негарманічны, несамавіты, але пагрозьлівы для ўласных грамадзян.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода

    Кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі «Александр Лукашенко. Политический портрет» (2010), адзін з самых цытаваных палітычных камэнтатараў Беларусі.

    На Свабодзе — ад 1999 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG