Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі пажар на станцыі нафтаправоду «Дружба», ад якой залежаць пастаўкі нафты ў Беларусь

абноўлена
Наступствы ўкраінскага ўдару па паліўных рэзэрвуарах у Расеі. Ілюстрацыйнае фота
Наступствы ўкраінскага ўдару па паліўных рэзэрвуарах у Расеі. Ілюстрацыйнае фота

Ва Ўкраіне расейскія войскі пашкодзілі жылы сэктар, інфраструктурныя і сацыяльныя аб’екты. Ёсьць загінулыя і параненыя.

Другі раз пацярпела станцыя нафтаправоду «Дружба»

Адразу некалькі маніторынгавых каналаў паведамілі аб пацэльваньні ўкраінскіх дронаў па лінейнай вытворча-дыспэтчарскай станцыі «Нікольскае» ў Мічурынскім раёне Тамбоўскай вобласьці Расеі.

Мясцовыя жыхары паведамілі, што гарыць рэзэрвуар з дызэльным палівам.

Паводле губэрнатара Тамбоўскай вобласьці Яўгенія Пярвішчава, у выніку ўкраінскай атакі «адбыўся пажар на тэрыторыі аднаго з прадпрыемстваў Мічурынскай акругі».

«Пацярпелых няма. Для ліквідацыі пажару залучылі ўсе неабходныя сілы і сродкі», — напісаў ён у сваім Telegram-канале.

Станцыя «Нікольскае» — частка нафтаправоднай сыстэмы «Дружба», якая мае тры рэзэрвуарныя паркі, дзьве помпавыя станцыі, сетку трубаправодаў і наліўныя станцыі. Яе прапускная магутнасьць складае 300 тысяч тон у содні. Нафта і нафтапрадукты, што праходзяць праз помпавыя станцыі гэтага вузла, далей транспартуюцца да бранскай станцыі «Унеча», а адтуль патокі наўпрост ідуць у Беларусь — на Мазырскі і Наваполацкі нафтаперапрацоўчыя заводы — і далей у краіны Эўропы.

Украінскае войска атакавала станцыю «Нікольскае» 18 жніўня 2025 году. У выніку транспартаваньне нафты нафтаправодам «Дружба» цалкам спынілася, што паралізавала транзыт і ў краіны Эўропы. Пастаўкі ў эўрапейскія краіны змаглі аднавіць толькі сёлета ў красавіку.

У ноч на 2 кастрычніка ўкраінскія сілы пацэлілі ў лінейна-вытворча-дыспэтчарскую станцыю «Самара», празь якую перапампоўваецца расейская і часткова казахстанская нафта. Яна даходзіць да беларускай мяжы, дзе кіраваньне сыстэмай пераходзіць да дзяржаўнай беларускай кампаніі «Гомельтранснафта Дружба».

На Кіеўшчыне пацярпелі цывільныя аўтамабілі, у Дніпры — склады

У Кіеве ў выніку лучаньня расейскага дрону ў АЗС адзін чалавек загінуў і шэсьць атрымалі раненьні.

На выезьдзе з Кіеву па адэскай трасе дрон пацэліў у аўтамабілі, папярэдне тры чалавекі загінулі і чатыры атрымалі раненьні.

«Чарговы ўдар ворага па мірных людзях, якія проста ехалі на працу, у сваіх справах... У выніку атакі варожага дрону ў Фастаўскім раёне на аўтадарозе Кіеў — Адэса гараць аўтамабілі. На месцы працуюць усе апэратыўныя службы. Рух транспарту абмежаваны», — паведаміў кіраўнік Кіеўскай абласной адміністрацыі Цімур Ткачэнка.

Уначы расейскі дрон лучыў у шматкватэрны дом у Сумах. Жылы сэктар таксама пацярпеў у Дніпры.

У Сумскай вобласьці сама меней тры чалавекі атрымалі траўмы, у Дніпры — два чалавекі загінулі, чатыры параненыя ў выніку абстрэлу мясцовага складу.

У Ровенскай вобласьці пашкоджаны гандлёвы цэнтар, тры чалавекі параненыя. Улады заклікалі мясцовых жыхароў шчыльна зачыніць вокны праз моцны пажар і дым.


Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG