Украінскія сілы пацэлілі ў помпавыя станцыі ў Самары, празь якія на беларускія НПЗ ідзе нафта з Расеі

Нафтавы рэзэрвуар у Самарскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота
Нафтавы рэзэрвуар у Самарскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота

У Службе бясьпекі Ўкраіны і галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведамілі аб удары па некалькіх нафтавых аб’ектах у Расеі.

Як адзначаецца ў афіцыйных паведамленьнях, пацярпелі чатыры важныя аб’екты ў Самарскай і Валгаграздкай вобласьцях.

У прыватнасьці, пацярпелі лінейна-вытворча-дыспэтчарская станцыя «Самара», а таксама помпавыя станцыі «Самара-1» і «Самара-2» у раёне населенага пункту Прасьвет. Пасьля ўдараў на тэрыторыі аб’ектаў зафіксавалі пажары.

Апроч таго, украінскія дроны лучылі ў Валгаградзкі нафтаперапрацоўчы завод. Спадарожнікавы сэрвіс NASA FIRMS зафіксаваў асяродкі пажараў у раёне ўстаноўкі каксаваньня і ўстановак ЕЛОУ-АВТ-1 і ЕЛОУ-АВТ-5 — ключавых магутнасьцяў заводу.

Улады Расеі пакуль не камэнтуюць гэтых удараў.

Чаму гэта важна

Самара ёсьць «сэрцам» нафтавай лягістыкі Расеі. Празь лінейна-вытворча-дыспэтчарскую станцыю «Самара» перапампоўваецца расейская і часткова казахстанская нафта. Яна даходзіць да беларускай мяжы, дзе кіраваньне сыстэмай пераходзіць да дзяржаўнай беларускай кампаніі «Гомельтранснафта Дружба».

У выніку пашкоджаньня станцыі аб’ёмы нафты, якія перапампоўваюцца ў Беларусь для беларускіх прадпрыемстваў і далей на Захад, могуць скараціцца.

Што папярэднічала

Украіна атакуе расейскія тэрыторыі, наносячы ўдары па НПЗ. Вайсковае камандаваньне заяўляе, што спрабуе пазбавіць Расею паліва, каб яго не маглі пастаўляць войскам на акупаваных тэрыторыях Украіны для працягу вайны.

Пасьпяховасьць і масавасьць украінскіх удараў па расейскіх прадпрыемствах стала прычынай глыбокага паліўнага крызісу ў Расеі, анэксаваным ёю Крыме і захопленых ёю іншых вобласьцях Украіны. У некаторых рэгіёнах увялі строгія забароны ці абмежаваньні на продаж паліва насельніцтву, чэргі па бэнзін і дызэль бачныя нават на спадарожнікавых здымках. Расейскія ўлады забаранілі экспарт аўтамабільнага і авіяцыйнага бэнзіну, а таксама дызэльнага паліва.

У пачатку ліпеня адразу некалькі краін Цэнтральнай Азіі заявілі аб паліўным крызісе праз скарачэньне паставак нафтапрадуктаў з Расеі й Ірану. У прыватнасьці, Таджыкістан, Кіргізстан і Ўзбэкістан пачалі тэрмінова шукаць магчымасьць кампэнсаваць страты ў пастаўках нафтапрадуктаў з Расеі.

Пэўную частку дэфіцыту паліва на рынку Расеі закрываюць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы.


​
XS
SM
MD
LG