У 2025 годзе ўлады нацыяналізавалі ягоны завод «Амкадор», а ўрад усё яшчэ працягвае забіраць акцыі прадпрыемства. Раней выданьні «Люстэрка» і «Наша ніва» паведамлялі, што разам з акцыямі «Амкадору» Аляксандар Шакуцін страціў і недабудаваны на праспэкце Пераможцаў і завулку Весьнінка гатэльна-бізнэсовы комплекс з тэнісным цэнтрам.
Як стала вядома Свабодзе, цяпер у комплексе плянуюць падрыхтоўку і запуск сыстэмы ацяпленьня, а таксама абслугоўваньне вымяральных прыладаў і лічыльнікаў цеплавой энэргіі на ацяпляльны сэзон. Адпаведны запыт 30 верасьня апублікаваў генэральны падраднік «Трэст Мінскпрамбуд».
Працы і абслугоўваньне прадугледжаныя на пэрыяд з 9 кастрычніка 2026 году да 30 красавіка 2027 году. Крыніцай фінансаваньня пазначаныя сродкі рэспубліканскага бюджэту ў межах дзяржаўных інвэстыцыйных праграмаў.
Тое, што ў гэтым даўгабудзе разьмесьцяць Акадэмію інтэлектуальных тэхналёгіяў, пацьвярджае і фотаздымак, апублікаваны беларускім выданьнем onliner.by, з пашпартам аб’екту. На ім адзначана, што рэканструкцыю комплексу пачалі 1 кастрычніка і мусяць завяршыць 31 ліпеня 2027 году. Згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі, гэтая навучальная ўстанова павінна пачаць працаваць з 1 верасьня 2027 году.
Што папярэднічала
Аляксандар Шакуцін паведамляў, што будаўніцтва гатэльна-бізнэсовага комплексу «Шантэр Хіл» у Менску павінна завяршыцца да канца 2018 году. Яго пачалі будаваць у 2016 годзе і перш плянавалі ўвесьці ў чэрвені 2019 году. Комплекс плошчай больш за 140 тысяч квадратных мэтраў месьціцца недалёка ад «Менск-Арэны». Там мусіў быць гатэль, тры офісы, рэстаран, шматузроўневы спартовы комплекс. Пра гэта расказваў сам Шакуцін, як вынікае з адпаведнай публікацыі дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА.
Раней дакладна было вядома толькі тое, што ўлады нацыяналізавалі завод «Амкадор». У жніўні 2025 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «ранейшыя ўласьнікі» холдынгу перадалі прадпрыемства дзяржаве, бо не маглі вярнуць крэдыты.
Эўразьвяз увёў санкцыі супраць Аляксандра Шакуціна ў сьнежні 2020 году за падтрымку і фінансаваньне рэжыму. Шакуцін намагаўся абскардзіць абмежаваньні, але ў чэрвені 2023 году суд Эўразьвязу адхіліў яго пазоў.
У лютым 2024 году стала вядома, што на холдынг «Амкадор» пачалі падаваць у суд розныя кампаніі — ад транспартнікаў да вытворцаў сталёвых вырабаў.
Сярод пазоўнікаў былі транспартна-экспэдыцыйная кампанія «Глобал Лагістык», «Тэхінтэркорн» (аказвае інжынірынгавыя паслугі, у тым ліку мантаж прамысловага абсталяваньня), «Сталь ТМК» (вытворца вырабаў з мэталу). Таксама пазоў падала расейская кампанія «Метмашэкспорт», якая займаецца ў тым ліку вырабам і мантажом трубаправодных сыстэмаў з сталі.
У красавіку 2025 году выданьне «Люстэрка» паведаміла, што Шакуцін, імаверна, страціў і недабудаваны комплекс.
Форум