Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю працягнула на два гады, да канца 2028-а, тэрмін дзеяньня пераліку тавараў, якія можна ўвозіць у краіну і ўводзіць у грамадзянскі абарот бяз згоды замежных праваўладальнікаў.
Пастанову ведамства апублікавалі на Нацыянальным прававым партале.
Абноўлены пералік будзе дзейнічаць да 31 сьнежня 2028 году ўключна.
З 17 кастрычніка ў яго дадалі пазыцыю «Часткі энэргетычных газавых турбінаў магутнасьцю больш за 50 000 квт». Пры гэтым ёсьць памета, што такія тавары вызначаюцца як кодам адзінай Таварнай намэнклятуры замежнаэканамічнай дзейнасьці (ТН ЗЭД) Эўразійскага эканамічнага зьвязу, так і найменьнем тавараў.
Як адзначае «Экономическая газета», гэтае важнае адрозьненьне ад іншых таварных груп, уключаных у пералік, бо для іх дзейнічае больш жорсткае правіла: увозіць паводле схемы раўналежнага імпарту можна толькі тыя тавары, якія падпадаюць пад паказаныя ў дакумэнце коды ТН ЗЭД.
Чаму гэта важна?
Так званы «паралельны імпарт» у Беларусі легалізавалі ў 2023 годзе. А ў сьнежні 2024 МАРГ зацьвердзіў пералік, які зьмяшчае больш за 30 групаў тавараў.
Дзеяньне пераліку заканчвалася ў сьнежні 2026-а. Цяпер яго вырашылі працягнуць.
У 2022 годзе пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну шэраг міжнародна вядомых кампаній сышоў з расейскага, а неўзабаве й беларускага рынкаў. Афіцыйна іх прадукцыя і паслугі ў Беларусь не трапляюць. Аднак дзякуючы імпарту праз трэція краіны на беларускі рынак прывозяць тавары тых кампаній, якія афіцыйна ўжо не вядуць справаў зь Беларусьсю.
Форум