9 верасьня кампанія Apple прэзэнтавала новыя смартфоны: першую ў гісторыі кампаніі раскладны iPhone Duo з тытану. Новы смартфон абсталяваны двайной камэрай на 48 мэгапіксэляў і франтальнай камэрай. Продажы гэтай мадэлі пачнуцца 23 кастрычніка па цане ад 1999 долараў за мадэль з памяцьцю 256 гігабайтаў.
Таксама кампанія прэзэнтавала смартфоны асноўнай флягманскай лінейкі: iPhone 18 Pro і Pro Max. Яны выйдуць у чатырох колерах: апроч чорнага і срэбнага, зьявяцца блакітны і бардовы. Асноўная камэра на 48 мэгапіксэляў у гэтых смартфонаў абсталяваная пераменнай дыяфрагмай. Цана iPhone 18 Pro за мадэль на 256 гігабайт пачынаецца з 1199 даляраў, на iPhone 18 Pro Max — з 1299 даляраў. Продажы стартуюць з 18 верасьня.
Што з коштамі у Беларусі
Беларускія пасярэднікі ўжо прапануюць замовіць новыя смартфоны загадзя. Напрыклад, 21vek.by прапануе iPhone 18 Pro за 7999 рублёў, гэта 2641 даляр, больш чым удвая за цану ў Apple.
Apple iPhone 18 Pro Max у той самай онлайн-краме 21vek.by па перадзамове каштуе 9099 рублёў, ці 3004 даляры. Абедзьве мадэлі абяцаюць даставіць толькі 22 кастрычніка.
Самы дарагі варыянт — «раскладушка» iPhone Duo Night Sky па перадзамове ў Беларусі каштуе зараз 14499 рублёў, ці 4788 даляраў.
Гэтую мадэль абяцаюць даставіць толькі да 26 лістапада.
Параўналі кошты на перадзамову ў Беларусі і ў эўрапейскіх суседзяў на самую дарагую мадэль iPhone Duo Night Sky:
Як смартфоны iPhone трапляюць у Беларусь і чаму такія кошты
У 2022 годзе пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну Apple сышоў з беларускага і расейскага рынкаў, афіцыйна гэтая тэхніка ў Беларусь не трапляе.
Беларускія кампаніі закупляюць тэхніку Apple праз іншыя краіны бяз згоды вытворцы, то бок наладзілі паралельны імпарт. Напрыклад, на сайце apples.by, які прадае гэтую тэхніку ў Менску, адкрыта напісана, што iPhone у Беларусь вязуць «праз схемы паралельнага імпарту з Кітаю, Аб’яднаных арабскіх эміратаў, Турцыі, і краін ЭАЭС». Таксама смартфоны трапляюць у Беларусь праз краіны ЭЗ, ЗША, Карэю і Японію, але праз неафіцыйных трэйдэраў
На ўмовах ананімнасьці Свабода пагаварыла з карыстальнікамі iPhone у Беларусі. Адна з суразмоўцаў якраз нядаўна набывала сабе смартфон гэтай маркі, але ня самай новай мадэлі. Ён аказаўся зроблены для індыйскага рынку, але нейкіх праблем з ім не было, кошты на яго таксама ня так моцна адрозьніваліся ад эўрапейскіх, бо гэта была ня новая мадэль.
Іншы суразмоўца адзначыў, што кошты на новыя мадэлі такія высокія ў Беларусі, бо яны толькі выйшлі. Гэта жаданьне прадаўцоў «па-хуткаму наварыцца». Пасьля кошты стабілізуюцца, але «у краінах, дзе афіцыйныя дылеры, гэта адбудзецца адразу пасьля зьяўленьня новых мадэляў у крамах, а ў Беларусі месяцы праз два».
Вось як выглядаюць кошты на мадэлі, якія ўжо ёсьць у крамах у Беларусі і суседніх краінах, куды гэтая тэхніка трапляе афіцыйным шляхам, напрыклад, на iPhone 17 (256 гігабайт):
- Беларусь — 1033 эўра (3599 рублёў)
- Літва — 969 эўра
- Польшча — 829-1036 эўра (3599-4499 злотых)
Як бачым, на не самыя новыя мадэлі кошты ў Беларусі і ЭЗ адрозьніваюцца не нашмат.
Што з гарантыяй і абслугоўваньнем
На сайце 21vek.by прапісана, што гарантыя на новыя мадэлі айфонаў — 1 год. Таксама за дадатковую плату гарантыю можна зрабіць даўжэйшай — за 1448 рублёў на 2 гады.
Адна з суразмоўцаў Свабоды, якая набывала сабе iPhone у Беларусі, якраз таму не захацела яго набываць у іншай краіне, бо там узьнікнуць складанасьці з гарантыяй: давядзецца яго туды везьці ў выпадку тэхнічных праблемаў.
Таксама ў Менску ёсьць некалькі сэрвісных цэнтраў, якія абяцаюць рамонт тэхнікі Apple, усе назвы сайтаў гэтых сэрвісаў так ці інакш выкарыстоўваюць назву брэнда.
Пры гэтым, прамых сэрвісных цэнтраў ад кампаніі вытворцы ў Беларусі няма, бо яна сышла з беларускага рынку.
Форум