Як адзначаецца ў чарговай справаздачы, рачны транспарт мае складанасьці для працы на Нёмане каля Горадні, Дняпры ў Магілёве, Жлобіне, Рэчыце і Лоеве, а таксама на Беразіне ў Бабруйску і Сьветлагорску, на Сожы ў Крычаве, Слаўгарадзе і Гомлі, на Прыпяці каля вёскі Чэрнічы і ў Мазыры.
9 кастрычніка амаль паўсюль на рэках краіны адзначалі невялікае — да 13 см у содні — зьніжэньне ўзроўняў вады і роўную іх хаду. Нязначнае падзеньне ўзроўню фіксавалі толькі на Нёмане каля Горадні, Дняпры ў Рэчыцы, Беразіне ў Барысаве і Сьветлагорску і на Прыпяці на ўчастку — Петрыкаў — Мазыр.
Ці зьмяніліся ўмовы для працы гідраэлектрастанцый
Згодна з інфармацыяй Міністэрства энэргетыкі Беларусі, у краіне працуюць 53 гідраэлектрастанцыі агульнай магутнасьцю да 96 МВт. Такога аб’ёму дастаткова толькі, каб забясьпечыць электрычнасьцю горад з насельніцтвам да 50 тысяч чалавек. Аднак, гідраэлектрастанцыі выконваюць важную ролю ў энэргетычнай сыстэме.
Найбольшыя станцыі — Віцебская і Полацкая — залежаць ад водаў Дзьвіны і Нёману (Горадзенская ГЭС). Пік іх магутнасьці прыпадае на вясну, калі пасьля зімы ўзровень вады ў рэках павялічваецца.
Цяпер на ўчастку Дзьвіны, ад якога залежыць праца Віцебскай ГЭС, узровень вады знаходзіцца ў межах нормы для сярэдзіны восені, але адзначаецца плаўны спад.
На Дзьвіне каля Полацкай ГЭС пасьля дажджоў фіксуюць невялікае падвышэньне ўзроўню вады.
У горшых умовах іншыя дзьве станцыі.
На Нёмане назіраецца нізкі ўзровень вады, неспрыяльны для рачнога транспарту, і Горадзенская гідраэлектрастанцыя вымушана працаваць у рэжыме мінімальнага пропуску.Гэта азначае, што станцыя ва ўмовах малаводзьдзя вымушана скідваць праз свае збудаваньні толькі мінімум вады, які неабходны, каб цалкам не асушыць рэчышча ракі ніжэй па цячэньні.
У Чыгрынскім вадасховішчы, якое разам з ракой Друць забясьпечваюць працу Чыгрынскай ГЭС у Магілёўскай вобласьці, узровень вады практычна не зьнізіўся. Ён і цягам лета, нягледзячы на анамальную сьпёку, утрымліваўся на дастаткова высокай адзнацы. А вось на рацэ Друць ніжэй плаціны станцыі ўзровень вады зьнізіўся больш, чым прынята лічыць нормай. Паводле апошніх вымярэньняў Белгідрамэту, цяпер узровень вады ў рэчышчы Друці складае прыблізна 48 сантымэтраў, што недзе на 24 сантымэтры ніжэй за сярэдняе шматгадовае значэньне для восені.
Чаму гэта важна
У жніўні Нямеччына, Аўстрыя, Румынія і Вугоршчына заявілі аб крытычным зьніжэньні ўзроўню вады на рэках Рэйн і Дунай, якія фарміруюць усю энэргетычную сыстэму Эўразьвязу. Празь іх абмяленьне можа паралізавацца дзейнасьць АЭС і гідраэлектрастанцый.
Ва Ўкраіне праз падзеньне ўзроўню вады ў Днястроўскім вадасховішчы і Хатынскім водазаборы абмежавалі спэцыяльнае водакарыстаньне для 92 спажыўцоў у басэйне Днястра. З аналягічнай сытуацыяй сутыкнулася і Малдова. Украіна і Малдова дамовіліся каардынаваць свае дзеяньні, абменьвацца інфармацыяй і супольна рэагаваць на выклікі, зьвязаныя з малаводзьдзем.
У Беларусі празь зьніжэньне ўзроўню вады ўскладніўся рух рачнога транспарту. Паводле эколягаў, працяглыя высокія тэмпэратуры паветра вельмі шкодныя ня толькі для ўзроўню вады ў рэках і іншых вадаёмах — яны істотна пагаршаюць іх якасьць і могуць нават выклікаць небясьпеку для чалавека.
Што папярэднічала
Праз сьпёку ў траўні і чэрвені ў Заходняй Эўропе засуха ахапіла велізарныя тэрыторыі, што зрабіла іх асабліва ўразьлівымі да лясных пажараў.
Дасьледнікі адзначаюць, што сёлетняя сьпёка — адна з самых моцных і пашыраных за ўсю гісторыю назіраньняў. Паводле іх аналізу, падобныя хвалі цяпла амаль немагчымыя без уплыву кліматычных зьменаў, выкліканых выкідамі парніковых газаў.
Асноўныя прычыны гэтага, паводле навукоўцаў: глябальнае пацяпленьне праз спальваньне выкапнёвага паліва; перасушаныя глебы, якія ўзмацняюць награваньне паветра; зьмены ў атмасфэрнай цыркуляцыі, якія «завешваюць» гарачае паветра над Эўропай; памяншэньне воблачнасьці і ахаладжальнага эфэкту аэразоляў.
Паводле Ўсясьветнай мэтэаралягічнай арганізацыі, сярэдняя тэмпэратура ў Эўропе падымаецца ўдвая хутчэй за сярэдні паказьнік у сьвеце, што робіць працяглыя пэрыяды сьпёкі ўсё больш імавернымі.
Небясьпека цяпер ідзе ня толькі ад максымальных тэмпэратураў, але і ад высокай начной тэмпэратуры (арганізм не пасьпявае астываць), павышанай вільготнасьці, перагрузкі мэдычных установаў і транспарту.
Навукоўцы папярэджваюць, што хвалі сьпёкі будуць часьцейшымі і даўжэйшымі, тэмпэратурныя рэкорды будуць абнаўляцца рэгулярна, цяперашнія экстрэмальныя ўмовы могуць стаць «новай нормай» у Эўропе.
Форум