Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 25 гадоў спажываньне электраэнэргіі ў Беларусі вырасла больш чым на 30%

Астравецкая АЭС
Астравецкая АЭС

Галоўная дзяржаўная газэта напісала пра пэрспэктывы энэргетыкі ў краіне і паразмаўляла зь міністрам энэргетыкі. Паглядзім, што ён сказаў і што гаварылі пра гэта незалежныя экспэрты.

Адным з галоўных вынікаў працы галіны за 25 гадоў стала поўнае пераадоленьне імпартазалежнасьці ў электраэнэргіі. У 2001-м пры агульным спажываньні крыху больш за 30 млрд квт·г краіна змушаная была імпартаваць каля 8 млрд квт·г. Да 2019 году Беларусь цалкам адмовілася ад імпарту электрычнай энэргіі і стала экспартэрам — аб’ём экспарту ў суседнія краіны дасягнуў практычна 2 млрд кВт·г.

«Цяпер мы наогул не купляем камэрцыйнай электрычнай энэргіі, — сказаў газэце СБ міністар энэргетыкі Беларусі Дзяніс Мароз. — З энэргетычнай, з электраэнэргетычнай часткай мы цалкам незалежныя і гатовыя напоўніцу забясьпечваць унутраныя патрэбы дзяржавы».

Ключавым аб’ектам, які забясьпечвае энэргетычную незалежнасьць краіны, міністар назваў Астравецкую АЭС.

За 25 гадоў спажываньне электраэнэргіі ў краіне вырасла больш чым на 30% — з 30 да 43 млрд кВт·г у 2025 годзе.

«Гэта азначае, што эканоміка расла, узровень жыцьця насельніцтва рос, і гэты рост суправаджаўся і ростам энэргетыкі», — мяркуе кіраўнік ведамства.

У мінулай пяцігодцы ў Беларусі рэканструявалі 12,5 тыс. км электрычных сетак, на наступную пяцігодку пастаўлена задача — больш за 18,5 тыс. км. Толькі сёлета адбудзецца рэканструкцыя больш як 4 тысяч км.

Асобна міністар расказаў пра газыфікацыю краіны. За 25 гадоў у Беларусі пабудавалі 47 тыс. км газавых сетак і газыфікавалі 2500 населеных пунктаў, у тым ліку 550 аграгарадкоў. Сёньня прыродным газам забясьпечаныя 1048 аграгарадкоў з 1347.

Асобным напрамкам — газыфікацыя сельскай мясцовасьці. Тут узровень газыфікацыі складае 53,5%.

Сёлета у краіне плянуюць пабудаваць 600 км газаводаў, якія падводзяць да 40 населеных пунктаў.

Пра тарыфы

Мароза спыталі і пра тарыфы электраэнэргіі для насельніцтва. Ён лічыць іх «адносна нізкімі».

Паводле слоў міністра, тарыфы — вынік высокай эфэктыўнасьці працы энэргасыстэмы і эксплюатацыі Беларускай АЭС. Важную ролю, на ягоную думку, іграе і дзяржаўная палітыка ў галіне энэргетыкі.

Пры гэтым тарыфы ў Беларусі падвышаліся некалькі разоў толькі за 2026 год, у сакавіку і траўмы.

Пра могільнік адкідаў АЭС

Улады працягваюць падбіраць пляцоўку пад могільнік радыектыўных адкідаў. Праца над выбарам пляцоўкі праходзіла ў некалькі этапаў. Спачатку прааналізавалі ўсе патэнцыйныя — каля 20. Затым экспэртная супольнасьць вызначыла тры найбольш пэрспэктыўныя, сказааў міністар. На іх ужо праводзяць ацэнку ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе.

У верасьні завяршаецца грамадзкае абмеркаваньне.

Што думаюць іншыя?

Аптымізм міністра энэргетыкі Дзяніса Мароза адносна АЭС не падзяляе шэраг экспэртаў галіны.

10 верасьня грамадзкая арганізацыя «Зялёная сетка» сумесна з экалягічнай арганізацыяй «Экадом» прэзэнтавалі даклад экспэртаў з аналізам прапанаванага ўладамі Беларусі праекту ПЗРА. Эколягі ацанілі рызыкі праекту і прыйшлі да высновы, чаму ён капіюе расейскі досьвед, сказалі, да якіх наступстваў гэта можа прывесьці.

На сустрэчы падалі словы вядомага расейскага незалежнага эколяга Сяргея Ажароўскага, якія сьведчаць пра небясьпеку расейскага досьведу захоўваньня радыяцыйных адкідаў. У прыватнасьці, ПЗРА ў Обнінску страціў гермэтычнасьць усяго праз 38 гадоў пасьля кансэрвацыі, грунт вакол яго аказаўся забруджаным на глыбіню да васьмі мэтраў, нагадалі аўтары незалежнага агляду.

«Старыя расейскія сховішчы, якім па 40 гадоў, ужо працякаюць. Між тым Беларусь капіюе менавіта гэты досьвед і спадзяецца на гэтыя тэхналёгіі. А чаму не выкарыстоўвае тэхналёгіі захоўваньня адкідаў як у Францыі, Вялікабрытаніі, Славаччыне — для мяне гэта пытаньне», — прызналася экспэртка з ЗША Тацяна Н.

Незалежны экспэрт па радыяцыйнай бясьпецы і тэхналягічных рызыках Сяргей Бесараб, сам паводле адукацыі адмысловец у абароне ад радыяцыі, мяркуе, што ў Беларусі страчаная навуковая школа ў гэтай галіне і таму бракуе адпаведных адмыслоўцаў.

Сяргей Бесараб папярэдзіў, што спосаб захоўваньня радыяцыйных адкідаў, які абралі ў Беларусі — захоўваньне ў бэтонных канструкцыях — небясьпечны выхадам у асяродзьдзе прадуктаў распаду, што вельмі небясьпечна для біялягічных ланцужкоў, а ў выніку і для здароўя людзей.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG