Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускай прамысловасьці ўтварылася інфляцыйная пагроза, бо істотна вырасьлі ў цане «прамежкавыя тавары»

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Белстат апублікаваў некаторыя фінансавыя паказьнікі беларускай эканомікі за верасень 2026 году, у тым ліку рост цэнаў у прамысловасьці.

Як паведаміў Белстат, цэны ад вытворцаў прамысловай прадукцыі ў верасьні вырасьлі ў параўнаньні з пачаткам году на 4,7%, а ў параўнаньні з жніўнем — на 0,6%.

Але ня ўсе цэны ў прамысловасьці расьлі аднолькава. Цэны на так званыя прамежкавыя тавары «рванулі» ў апошні месяц: у верасьні ў параўнаньні з жніўнем яны вырасьлі на 1%, а з пачатку году — на 6,5%.

Чаму гэта важна

Прамежкавыя тавары — гэта сыравіна, дэталі, матэрыялы і паслугі, якія выкарыстоўваюцца ў працэсе вытворчасьці.

Пакупнікі такіх тавараў — вытворцы, а не прыватныя асобы ў крамах, таму значнага падаражэньня людзі яшчэ не адчулі. Але вынік гэтага падаражэньня неўзабаве праявіцца на паліцах крамаў у выглядзе значна вышэйшых цэн. Такім чынам, у прамысловасьці ўтварылася інфляцыйная пагроза.

Як паведамляе Эўразійскі банк разьвіцьця (ЭБР), зьвязаны з урадам Расеі, інфляцыя ў Беларусі паскорылася з пачатку году — з 4,5% у жніўні да 4,6% у верасьні. Асноўны ўнёсак у прырост далі цэны на паслугі і прамысловыя тавары, цэны на якія вывелі з-пад дзяржаўнага рэгуляваньня. Банк прагназуе гадавую інфляцыю ў Беларусі ў 5%. Але падаражэньня прамежкавых тавараў ЭБР пад увагу не бярэ.

Паводле прагнозаў ураду Беларусі, інфляцыя ў 2026 годзе мае быць не вышэйшай за 7%.

Раней улады прызналі, што летась інфляцыя перавысіла паказьнік, заплянаваны ўрадам, — 5 працэнтаў. Рэальная інфляцыя за 2025 год, паводле афіцыйных крыніц, склала 6,8%.


Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG