Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісты пацьвердзілі гібель 20 расейскіх афіцэраў пры ўдары па Данецку

Акупаваны Расеяй украінскі горад Данецк
Акупаваны Расеяй украінскі горад Данецк

Украінскі ўдар па акупаваным расейцамі горадзе стаўся трапным і, падобна, дасягнуў мэты, якую закладалі ўкраінскія вайскоўцы, пачынаючы абстрэл.

Расейскае выданьне «Медиазона» і Расейская служба BBC, якія разам з камандай валянтэраў аналізуюць расейскія страты на вайне супраць Украіны, у сваім матэрыяле за 9 кастрычніка пацьвердзілі, што 20 расейскіх афіцэраў загінулі ў выніку ракетнага ўдару па акупаваным Данецку 26 жніўня.

Паводле паведамленьня, у той дзень загінулі 18 расейскіх вайскоўцаў, пазьней двое памерлі ад ранаў.

Паводле зьвестак журналістаў, вайскоўцы служылі ў штабах групы войскаў «Цэнтар»: штабе Цэнтральнай вайсковай акругі і штабе 41-й агульнавайсковай арміі. Дасьледнікі высьветлілі імёны загінулых, параўнаўшы сьпісы асабістага складу вайсковых частак з рэестрам спадчынных спраў і іншымі дзяржаўнымі рэестрамі.

«Гэта найбольш масавы выпадак гібелі афіцэраў расейскага войска ў час расейска-ўкраінскай вайны, які нам вядомы на сёньняшні дзень», — напісалі расьсьледнікі.

Агулам з пачатку паўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, якая пачалася 22 лютага 2022 году, журналісты пацьвердзілі гібель 276 113 расейскіх вайскоўцаў. Больш за 7800 зь іх — афіцэры расейскай арміі і іншых сілавых структураў.

Як адбываецца падлік?

«Медиазона» і Расейская служба BBC падлічваюць загінулых на падставе адкрытых крыніц: публікацый мясцовых СМІ, паведамленьняў гарадзкіх і сельскіх адміністрацый, паведамленьняў сваякоў у сацыяльных сетках і зьвестак з могілак. Журналісты адзначаюць, што сапраўдныя страты расейскага боку, верагодна, значна вышэйшыя за лічбы, якія яны падаюць.

Расея афіцыйна не раскрывае сваіх стратаў. Масква апошні раз называла лічбу загінулых у верасьні 2022 году — тады яна заяўляла пра 5937 чалавек. Ужо тады, праўдападобна, лічба не адпавядала праўдзе і была заніжнай.

Што гэта значыць?

Расейскія страты на вайне супраць Украіны імкліва растуць. Але гэта не спыняе кіраўніцтва ў Крамлі. Наадварот, толькі за 2026 год Ўладзімір Пуцін падпісаў ужо чатыры ўказы пра павелічэньне штатных адзінак у войску.

Шэраг вайсковых экспэртаў адзначае, што велізарны чалавечы рэсурс дазваляе расейцам на некаторых тэрыторыях нівэляваць правальную вайсковую тактыку. Сапраўдная лічба ахвяраў не падаецца, каб у народзе не было залішняй панікі.

Акрамя таго, у Расеі не спыняецца перасьлед за крытыку вайны і за падтрымку Ўкраіны. Улады дагэтуль афіцыйна не называюць вайну «вайною», а ўжываюць эўфэмізм «спэцыяльная ваенная апэрацыя», у скароце «СВО».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG