Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ідзі, Наста, ідзі». Беларуска даведалася пра невылечную хваробу і пачала здабываць горныя вяршыні

Анастасія Навіцкая, фота з прыватнага архіву
Анастасія Навіцкая, фота з прыватнага архіву
Слухаць
10 min

Гэтае аўдыё чытае аўтаматычны апавядальнік

Даведацца болей

Анастасія марыла жыць каля гор, а ў адпачынкі езьдзіла туды, дзе можна падняцца на вяршыню. Нечакана горы сталі ейным лекам і спосабам спраўляцца з адчаем, калі ў яе выявілі цяжкую хваробу.

Анастасіі Навіцкай 38 гадоў. Яна жыла ў Менску, працавала адміністратаркай школы прыгажосьці. У 2020 годзе выходзіла на пратэсты, у 2022 пачала публікаваць допісы супраць вайны ва Ўкраіне і ў падтрымку ўкраінцаў. Дома ў Анастасіі правялі некалькі ператрусаў. Урэшце яе пасадзілі на месяц у ізалятар на Акрэсьціна, бо знайшлі ў ейных сацыяльных сетках карцінку, дзе Лукашэнка выяўлены ў вобразе Гітлера. Калі Анастасія вызвалілася, то зьехала зь Беларусі ў Польшчу. Яе роднага брата Андрэя Навіцкага яшчэ раней асудзілі з палітычных прычынаў на сем гадоў турмы.

Беларуска пераехала ў Варшаву. Кажа, што першы год эміграцыі быў асабліва складаны. Яна знайшла працу, працавала кухарам. У першыя месяцы даводзілася рабіць па 14 гадзін пяць дзён на тыдзень. Ад стомы ўжо падумвала вярнуцца на радзіму і сесьці ў турму — здавалася, нават там будзе лягчэй. Але паволі жыцьцё наладзілася. Анастасіі зрабілі больш зручны графік працы. Яна стала гуляць у парках. Знаходзіла новых знаёмых у суполках, прыкладам, дзе людзі дамаўляюцца разам пакатацца на роварах.

Палёгка ў гарах

Калі Анастасіі было 35 гадоў, яна даведалася пра невылечную хваробу, ад якой у яе пагоршыўся слых і зьявіліся праблемы з раўнавагай цела. Адно вуха стала чуць горш, не ўспрымае нізкія гукі, а вось высокія, такія, як бразгат талерак, для яе сталі невыноснымі. Калі жанчына ідзе паўз ажыўленую праезную частку вуліцы, то ад мноства гукаў чуе звон у галаве, можа разгубіцца, страціць раўнавагу і арыентацыю ў прасторы. Тады яна можа проста спыніцца пасярод ходніку ў ступары.

Аднойчы ранкам Анастасія прачнулася і ня здолела ўстаць з ложку.

«Устаць не магу, проста падаю. Мяне пачынае ванітаваць. Усё круціцца, як пасьля карусэлі. Затарможанае маўленьне. Страціла з аднаго боку слых, нічога не чую. Так праляжала тры дні. Не разумела, што адбываецца», — успамінае пачатак хваробы суразмоўца.

Анастасія ў гарах
Анастасія ў гарах

Спачатку падазравалі інсульт, кажа Анастасія. Калі яна прыехала ў лякарню, мэдыкі думалі, што пацыентка нападпітку. Урэшце ў яе дыягназавалі хваробу Мэньера — захворваньне ўнутранага вуха, якое ўплывае на вэстыбулярны апарат. Хвароба праяўляецца ў прыступах галавакружэньня з шумам у вушах, ванітамі, пагаршэньнем слыху, чалавек ня можа стаяць або хадзіць. Гэтае захворваньне вылечыць нельга.

«У мяне жыцьцё зруйнавалася. Я ўпала ў такую дэпрэсію — што рабіць? Працаваць не магу. Хто мне жытло аплаціць? Як жа мне цяпер хадзіць? Я ж нічога ня чую!» — успамінае першыя перажываньні Анастасія.

Пасьля курсу лекаваньня мэдыкі паведамілі ёй, што больш нічым дапамагчы ня могуць: страчаны слых не вярнуць, галавакружэньні застануцца, бо вэстыбулярны апарат не працуе, а выправіць яго «далёка ў галаве» немагчыма. Прапанавалі рабіць зарадку і піць таблеткі — «можа быць, стане лягчэй».

«Я зарыдала», — успамінае Анастасія сваю рэакцыю.

Анастасія побач з мапай Татраў
Анастасія побач з мапай Татраў

Першы прыступ хваробы здарыўся ў студзені 2024 году. А ўжо ў траўні Анастасія пайшла ў горы. У яе тады акурат быў дзень нараджэньня. Яны з маладым чалавекам паехалі ў вандроўку ў Кракаў. У апошні дзень адпачынку вырашылі падняцца на гару Гевант у Татрах вышынёй 1895 мэтраў.

«Мы з хлопцам падняліся. Ён мяне падтрымліваў: „Ідзі, Наста, ідзі“. А я не магу. Там трэба было караскацца. Мяне з боку ў бок кідае. У мяне сьлёзы на вачах. Я сябе адчуваю слабым чалавекам. Навошта я туды паўзу?» — расказвае суразмоўца, як цяжка ёй было падымацца.

Але яна ўсё ж дайшла да вяршыні.

«Там вялікі крыж стаіць. Я села, задзьмула сьвечку, загадала жаданьне, каб паправіцца», — расказвае Наста.

Анастасія на вяршыні ў Аўстрыі
Анастасія на вяршыні ў Аўстрыі

Пасьля гэтага Наста зноў пачала рэгулярна хадзіць у горы. Горы і парушэньне раўнавагі нібыта не пасуюць адно да аднаго, разважае суразмоўца. Але здарылася адваротнае — на вышыні дзяўчыне становіцца лепш.

«Я на вышыню падымаюся, у мяне шчоўкае ў вуху, і я раз — і чую, я зноў чую! Гэта такое хараство! Мы ня цэнім, калі ўсё добра. А калі ў цябе гэта забралі, ты пачынаеш вельмі гэта цаніць. У гарах больш канцэнтруесься, раўнавага ўсё лепшая. Калі ішла першы раз, трэба было трымацца за любы выступ, скалу. Мяне штарміла ў розныя бакі. Цяпер я магу ісьці па хрыбце і не трымацца», — расказвае яна.

У гарах жанчына таксама адпачывае ад людзей. Кажа, што калі і сустракае там мінакоў, то ў гарах людзі іншыя, чым у горадзе, — там тыя, што любяць прыроду, цішыню, супакой. Яна пачуваецца ў гарах спакайней.

55 польскіх вяршыняў і «Карона Татраў»

Анастасія пасьля дыягназу ходзіць у горы ўжо два гады. Яны з хлопцам стварылі супольнасьць людзей у Польшчы, якія таксама хочуць хадзіць у горы, шукаюць кампанію, дзеляцца маршрутамі. Там каля трохсот чалавек.

Кніжачка з 55 вяршынямі Татраў вышэй за 2000 мэтраў
Кніжачка з 55 вяршынямі Татраў вышэй за 2000 мэтраў

Дадатковай матывацыяй стала ідэя скарыць усе вяршыні-дзьвюхтысячнікі Польшчы. У адмысловым сьпісе іх 55. Наста за тры гады паднялася на 54 зь іх і неўзабаве плянуе адолець апошнюю. Існуюць спэцыяльныя кніжачкі з гэтымі вяршынямі, якія трэба запаўняць, адзначаць свой маршрут, даваць фота з гары. Тым, хто «зьбярэ» ўсе вяршыні, польскае турыстычнае таварыства дае залаты мэдаль.

«Такім чынам ты дасьледуеш увесь горны рэгіён, усе сьцежкі», — тлумачыць суразмоўца.

Калі сьпіс дзьвюхтычнікаў скончыцца, Наста з партнэрам хочуць паспрабаваць скарыць «Вялікую карону Татраў» — 14 найвышэйшых гор хрыбта. Гэта ўжо горы не для турыстычных шпацыраў, а для альпінізму, дзе патрэбны адмысловы рыштунак. Пара прайшла навучаньне, каб падымацца ў такія горы. Акрамя Польшчы, яны езьдзяць у горы Нямеччыны, Аўстрыі, Гішпаніі, Славеніі.

Здароўе і свабода

Каб пайсьці ў горы ўлетку, амаль не патрэбна рыштунку, кажа Наста. Дастаткова трэкінгавых ботаў, вятроўкі, заплечніка з тэрмасам гарбаты. На зімовыя паходы патрэбна мець спэцыяльнае адзеньне, абутак, рыштунак. Добрыя боты для гор каштуюць найменей 250 эўра, «кошкі» для гор — 100 эўра, пералічвае Анастасія. Паводле ейных падлікаў, на выезд у выходныя ў горы трэба выдаткаваць каля 250 эўра на чалавека, у тым ліку на танны начлег у гатэлі ў гарах.

У пазычальні яны звычайна бяруць «лявіновы камплект» — на выпадак, калі сыдзе лявіна. Туды ўваходзяць сэнсар, шчуп і рыдлёўка, якія дапамогуць знайсьці чалавека пад сьнегам. Калі кепскае надвор’е і высокая рызыка сыходу лявіны, Анастасія высока ў горы не ідзе.

Анастасія ў гарах
Анастасія ў гарах

Суразмоўца адзначае, што асноўная памылка навічкоў, якія выбіраюцца ў горы — кепская падрыхтоўка. Яны не правяраюць надвор’е, не пракладаюць загадзя маршрут, ідуць у звычайных красоўках для гораду, непрыдатных для высокіх пад’ёмаў, у лёгкім адзеньні, у якім могуць зьмерзнуць, бо на вышыні бывае значна халадней, чым на раўніне, не бяруць з сабой ежу і пітво, каб падмацавацца. Платай за кепскую падрыхоўку можа стаць сьмерць у гарах.

Анастасія кажа, што ў іх з сабой звычайна, акрамя запаснога шматслойнага адзеньня, ёсьць аптэчка. Таксама бяруць з сабой тэрмакоўдры, адмысловыя абагравальнікі на выпадак марозу.

Паходы ў горы, кажа Наста, зрабілі яе спакайнейшай, а складанасьці апошніх гадоў дапамаглі пераацаніць каштоўнасьці.

«Рэчы нічога не каштуюць. Для мяне цяпер самае галоўнае — здароўе і свабода, калі ты можаш выбраць у кожны момант, ці табе на гару залезьці, ці на мора адправіцца, ці ў ложку паляжаць. Вялікія грошы — гэта ня першая рэч у маім жыцьці», — разважае яна.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG