Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эстоніі рыхтуюцца да ўзмацненьня міграцыйнага ціску зь Беларусі

Эстонская сталіца Талін. Ілюстрацыйнае фота
Эстонская сталіца Талін. Ілюстрацыйнае фота

Генэральны дырэктар Дэпартамэнту паліцыі і памежнай аховы Эстоніі Эгэрт Белічаў заявіў, што ў бліжэйшыя тыдні міграцыйны ціск можа павялічыцца, бо ў Беларусі ўсё яшчэ застаецца вялікая колькасьць мігрантаў, якія паспрабуюць пакінуць беларускую тэрыторыю да надыходу маразоў.

«Расейская Фэдэрацыя наўмысна значна спрасьціла ўмовы ўезду для грамадзян гэтых краін і павялічыла частату авіярэйсаў», — працытавала выданьне err.ee Белічава.

Паводле яго, з Расеі мігранты ў аўтобусах накіроўваюцца ў Беларусь, дзе «мясцовыя ўлады нават не спрабуюць рабіць выгляд, што перашкаджаюць гэтаму, а, хутчэй, садзейнічаюць».

Ён нагадаў, што ў Эстоніі жывуць 1,3 мільёна чалавек, а ў Этыёпіі — 130 мільёнаў, у тым ліку больш за мільён уцекачоў з суседніх краін. Паводле эстонскага службоўца, самалёт з Этыёпіі ў Маскву лятае шэсьць разоў на тыдзень, грамадзяне гэтай краіны могуць прыяжджаць у Расею безь візаў.

«Калі падумаць пра чалавека, які выкарыстоўвае беларускі міграцыйны маршрут, каб дабрацца да Эўропы, то ўсё адбываецца ня так, што купляюць білет да Масквы, а ўсё астатняе адбываецца само сабой», — сказаў Эгэрт Белічаў. Паводле яго, мігрантам дапамагаюць «злачынныя групоўкі, якія бяруць з уцекачоў за ўвесь маршрут у сярэднім ад 5 да 10 тысяч эўра».

Паводле яго, на гэтым тыдні паліцыя затрымала ў Эстоніі такую групу на месцы злачынства.

«Шмат мігрантаў намагаюцца злоўжываць дзейнай у Эўразьвязе сыстэмай абароны непаўналетніх, таму заяўляюць, што ім няма 18 гадоў. Гэта вялікая нагрузка для мясцовых самакіраваньняў, якія ў такім выпадку павінны забясьпечыць ім апеку да высьвятленьня абставін. Адміністрацыйныя суды таксама ня звыклі да такога аб’ёму работы», — дадаў Белічаў.

Што папярэднічала

На гэтым тыдні ўлады Эстоніі заявілі аб істотным росьце на сваёй тэрыторыі колькасьці мігрантаў, якія да таго незаконна перасеклі беларуска-латвійскую мяжу. За апошнія месяцы на эстонскай тэрыторыі затрымалі амаль 300 мігрантаў, якія незаконна трапілі туды зь Беларусі праз Латвію.

6 кастрычніка міністар унутраных справаў Латвіі Яніс Домбрава паведаміў, што ўзброеныя людзі ў масках пагражалі латвійскім вайскоўцам зь беларускай тэрыторыі і падганялі мігрантаў у бок латвійскай мяжы.

«Беларусі варта разумець, што падобныя выпадкі могуць прывесьці да больш сур’ёзных наступстваў для самой Беларусі», — зазначыў ён.

Згодна з інфармацыяй Нацыянальных узброеных сілаў Латвіі, на гэтым тыдні група прынамсі з 20 мігрантаў пад кіраўніцтвам людзей у масках спрабавала незаконна перасекчы дзяржаўную мяжу Латвіі.

Латвійскія вайскоўцы спынілі гэтую спробу, аднак, адрозна ад папярэдніх выпадкаў, гэтым разам правакацыя мела асабліва дэманстратыўны і агрэсіўны характар. Людзі, якія суправаджалі мігрантаў, былі ўзброеныя і пагражалі латвійскім вайскоўцам, а таксама актыўна падганялі мігрантаў у бок Латвіі.

Празь некалькі гадзінаў пасьля гэтага здарэньня людзі ў масках праніклі на тэрыторыю Латвіі, пашкодзілі разьмеркавальную электрычную шафу і скралі камэры назіраньня. Яшчэ да прыбыцьця нараду памежнікаў яны вярнуліся на тэрыторыю Беларусі.

Чаму гэта важна

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ цягнецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаваў уважаюць яго за «гібрыдную атаку», арганізаваную рэжымамі ў Менску і Маскве.

Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць мігрантаў, якія накіроўваюцца ў Эўразьвяз празь Беларусь, бо тых туды нібыта «паклікалі», а сам ЭЗ «душыць» Менск санкцыямі.

Улады суседніх зь Беларусьсю дзяржаваў Эўразьвязу разглядаюць нелегальную міграцыю церазь усходнюю мяжу як інструмэнт гібрыднага ціску.

Міністар унутраных справаў Латвіі Яніс Домбрава 11 жніўня заявіў, што арганізацыя плыняў нелегальнай міграцыі церазь беларуска-латвійскую мяжу — адна з формаў гібрыднай вайны. Ён таксама падкрэсьліў, што «Расея выкарыстоўвае Беларусь для гібрыдных атак».

У 2026 годзе Латвія стала найбольш актыўным кірункам мігранцкага крызісу.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG