Расея атакавала памежныя зь Беларусьсю рэгіёны. Прынамсі адзін рэактыўны дрон заляцеў на Гомельшчыну

Наступствы расейскага ўдару па Кіеве 7 кастрычніка 2026 году. Ілюстрацыйнае фота
Наступствы расейскага ўдару па Кіеве 7 кастрычніка 2026 году. Ілюстрацыйнае фота

Пасьля наймацнейшага камбінаванага ўдару, нанесенага па Ўкраіне 7 кастрычніка, калі загінулі сама меней 25 чалавек, расейскія войскі аднавілі інтэнсіўныя дронавыя атакі на памежныя зь Беларусьсю Ровенскую і Жытомірскую вобласьці.

Паводле ўкраінскіх маніторынгавых каналаў, пасьля 5-й раніцы на тэрыторыю Гомельскай вобласьці заляцеў прынамсі адзін расейскі рэактыўны дрон, маршрут якога пралягаў праз чарнобыльскую зону ў кірунку Нароўлі.

У Ровенскай вобласьці расейскія войскі атакавалі Сарненскі і Вараскі раёны, якія мяжуюць зь Берасьцейскай вобласьцю, а ў Жытомірскай — Оўруцкі раён, што мяжуе з Гомельскай вобласьцю.

Украінскія ўлады пакуль не паведамляюць пра наступствы гэтай атакі. Раней яны заяўлялі, што расейскія войскі цэляць у крытычную інфраструктуру.

Цяпер большасьць дронаў праз чарнобыльскую зону ляціць у кірунку Кіева. Позна ўвечары 7 кастрычніка адзін з дронаў лучыў у шматпавярховы жылы дом у Дзясьнянскім раёне — загінулі два чалавекі і яшчэ пяць атрымалі раненьні. Сярод пацярпелых — дзеці ва ўзросьце аднаго і шасьці гадоў. У Абалонскім раёне расейскі дрон упаў у двары паміж жылымі дамамі — загінулі два чалавекі і яшчэ 7 атрымалі раненьні, у тым ліку два падлеткі.

Расейскія войскі працягваюць атаку.


​
XS
SM
MD
LG