Новы падразьдзел ВМС Украіны — спэцрота бесьпілотных лятучых апаратаў «Воля». Галоўныя афіцэрскія пасады ўпершыню будуць займаць грамадзяне Беларусі.
Пра гэта выданьню «Люстэрка» расказаў выканаўца абавязкаў камандзіра спэцроты Мікіта Забуга. Інфармацыю пацьвердзілі ў МЗС Украіны.
Спэцрота «Воля» ўваходзіць у склад 447-га асобнага батальёна Вайскова-марскіх сілаў Украіны. Паводле Мікіты Забугі (пазыўны Аксон), упор робіцца на працу з ударнымі бесьпілётнікамі, а таксама сродкі супрацьпаветранай абароны.
«Мы будуем элітны падразьдзел, які займаецца глыбокімі і сярэднімі ўдарамі, а таксама СПА. Тут атрымліваюць навыкі сучаснай вайны, якая ў першую чаргу заснаваная на ўдзеле аўтаматызаваных сыстэмаў вядзеньня бою. Сёньня гэта вайна дронаў, ракет і артылерыі», — адзначыў ён.
Забуга пацьвердзіў, што ўсе пасады ў афіцэрскім і сяржанцкім кіраўніцтве ў спэцроце будуць займаць беларусы. Ён адзначыў, што раней у беларускіх фармаваньнях Узброеных сілаў Украіны падобнай практыкі не было: пасадаў афіцэраў беларусы не займалі. Гэты факт «Люстэрку» пацьвердзіў і амбасадар у асобых даручэньнях МЗС Украіны Яраслаў Чарнагор.
«Вайскова-марскія сілы Ўкраіны пайшлі на такі экспэрымэнт. Спадзяюся, беларусы змогуць скарыстацца магчымасьцямі. Украіна дае вам крылы», — адзначыў ўкраінскі дыплямат.
Дакладную колькасьць асабовага складу новай структуры Мікіта Забуга не раскрыў. Аднак адзначыў, што камплектаваньне працягваецца і рота пачала выкананьне задач.
Кандыдатаў у спэцроту чакае жорсткі адбор.
«Добраахвотнікаў чакаюць тэставаньне на паліграфе, псыхалягічныя праверкі і ацэнка стрэсаўстойлівасьці. Мы шукаем ня ўсіх — мы шукаем сваіх, хто разумее, што свабода не прыходзіць сама і за яе трэба змагацца», — дадагульніў выканаўца абавязкаў камандзіра «Волі».
Беларусы ў змаганьні за Ўкраіну
У канцы траўня 2026 году ўлады Ўкраіны назвалі лічбу грамадзянаў Беларусі, якія змагаліся за незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласьць Украіны супраць расейскіх акупантаў.
Выданьне «Люстэрка» спытала тады прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэта ў нацыянальнай абароне Вадзіма Кабанчука пра тое, колькі беларусаў змагаецца за Ўкраіну. Вадзім Кабанчук адзначыў, што толькі праз Полк Каліноўскага прайшлі больш за тысячу чалавек. Лічба ж аб агульнай колькасьці беларусаў на ўкраінскім баку засакрэчаная.
Полк Каліноўскага быў найбольш вядомым сярод беларускіх вайсковых адзінак у складзе ўкраінскага войска. Беларусы, якія знаходзіліся ва Ўкраіне на момант пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі, стварылі свой падразьдзел, які абараняў Кіеў, Ірпень, Бучу, Мікалаеўскую і Херсонскую вобласьці, Севераданецк, Лісічанск, Бахмут і іншыя гарачыя кірункі.
Заявак на ўступленьне ў яго было столькі, што стала ясна: можна ствараць ня толькі роту, але і батальён, які потым перарасьце ў полк. Аднак зь цягам часу полк як адзінка перастаў існаваць. Цяпер беларускія добраахвотнікі служаць на падставе кантрактаў у розных відах Узброеных сіл Украіны.
Пытаньні легалізацыі
Вялікай праблемай для беларускіх добраахвотнікаў стала легалізацыя на тэрыторыі Ўкраіны. Паводле былога байца Палку Каліноўскага Аляксандра Клачко, па стане на 2024 год агулам налічвалася «ад 800 да 1500 беларускіх вэтэранаў», а таксама «70 сем’яў загінулых беларускіх добраахвотнікаў». Зь іх каля 350 пераехала жыць у Польшчу.
У чэрвені 2025 году Вярхоўная рада Ўкраіны ўхваліла зьмены ў заканадаўства аб набыцьці і захаваньні грамадзянства Ўкраіны. У прыватнасьці, спрасьцілі працэдуру для іншаземцаў, якія служаць у сілах абароны: цяпер для атрыманьня права прэтэндаваць на грамадзянства ім дастаткова адслужыць паводле кантракту адзін года замест ранейшых трох.
У жніўні 2026 году Дзяржаўная міграцыйная служба Ўкраіны заявіла, пасьля 2014 году ўкраінскі пашпарт атрымалі 12 беларускіх добраахвотнікаў, а пасьля лютага 2022 году — яшчэ 40. Грамадзяне Беларусі, якія ваююць на баку Ўкраіны, а таксама іхныя родныя могуць легалізаваць сваё знаходжаньне ва Ўкраіне нават з пратэрмінаваным беларускім пашпартам. У прыватнасьці, яны могуць атрымаць дазвол на пражываньне або падаць дакумэнты на грамадзянства.
Згодна з інфармацыяй міграцыйнай службы, з траўня да жніўня 2026 году дазвол на часовае пражываньне ва Ўкраіне атрымалі 45 грамадзян Беларусі, якія служаць ва ўкраінскай арміі. Раней іншаземныя вайскоўцы маглі знаходзіцца на тэрыторыі Ўкраіны на падставе вайсковага білету або кантракту.
Паводле новых правілаў, усе іншаземцы-вайскоўцы павіны прайсьці працэдуру легалізацыі да 10 лістапада 2026 году.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум