Дата дня
4 кастрычніка 1582 году стала апошнім днём юліянскага календара ў краінах, якія адразу прынялі каляндарную рэформу папы Рыгора XIII, у тым ліку ў Рэчы Паспалітай. Наступным днём стала 15 кастрычніка.
Дзень у гісторыі
1535 — з друку выйшла першая ў сьвеце поўная Біблія на ангельскай мове. Асобныя кнігі Бібліі па-ангельску пачалі друкаваць у 1525-м. Нагадаем, што першая кніга, надрукаваная Скарынам («Псалтыр»), пабачыла сьвет у 1517 годзе.
1705 — у Варшаве адбылася каранацыя Станіслава Ляшчынскага.
1830 — Бэльгія абвясьціла незалежнасьць ад Нідэрляндаў.
1853 — Асманская імпэрыя абвясьціла вайну Расейскай імпэрыі, пачалася Крымская вайна.
1957 — Савецкі Саюз запусьціў у космас першы штучны спадарожнік Зямлі.
1966 — Лесота атрымала незалежнасьць ад Вялікай Брытаніі.
1993 — у Расеі вайсковыя часткі, падпарадкаваныя прэзыдэнту Барысу Ельцыну, абстралялі з танкаў і ўзялі штурмам Дом Саветаў. Старшыню Вярхоўнага Савету Руслана Хасбулатава і віцэ-прэзыдэнта Аляксандра Руцкога арыштавалі. Канстытуцыйны крызіс абвастрыўся 21 верасьня, калі Ельцын выдаў указ пра роспуск парлямэнту, які ў той жа дзень быў прызнаны неадпаведным Канстытуцыі. 3 кастрычніка прыхільнікі парлямэнту прарвалі ачапленьне, занялі будынак маскоўскай мэрыі і паспрабавалі захапіць тэлецэнтар «Астанкіна». Паводле афіцыйных зьвестак, у сутыкненьнях 3–4 кастрычніка загінулі 147 чалавек, 437 былі параненыя.
2020 — на «Марш вызваленьня палітвязьняў» у Менску выйшла больш за 100 тысяч чалавек. Больш за 250 затрыманых па ўсёй Беларусі.
У гэты дзень нарадзіліся
1741 — Францішак Карпінскі, паэт, мэмуарыст, драматург, фальклярыст, галоўны прадстаўнік сэнтымэнталізму ў лірыцы.
1750 — польскі паэт, драматург, перакладнік і фальклярыст Францішак Дыянізі Князьнін (нарадзіўся ў Віцебску).
1816 — францускі паэт Эжэн Пацье, удзельнік Парыскай камуны, які ўвайшоў у гісторыю як аўтар словаў «Інтэрнацыяналу».
1890 — Язэп Гладкі (Адам Варлыга), дзяяч беларускага руху і беларускай эміграцыі, фальклярыст, лексыкограф, этнограф, мэмуарыст, мовазнаўца, аўтар падручнікаў беларускае мовы.
1895 — амэрыканскі камэдыйны актор Бастэр Кітан, адзін з найвыдатнейшых комікаў нямога кінэматографу.
1903 — Язэп Бельскі, адзін з кіраўнікоў партызанскага руху ў часы Другой сусьветнай вайны ў Беларусі
1941 — амэрыканская пісьменьніца Эн Райс, аўтарка бэстсэлераў пра вампіраў.
1978 — беларуская балерына Марына Вежнавец, заслужаная артыстка Беларусі.
У памяці
1669 — галяндзкі мастак Рэмбрант.
1929 — паэт Пятро Сяўрук.
1947 — нямецкі фізык Макс Плянк, адзін з заснавальнікаў квантавай фізыкі. У 1900 годзе ён высунуў ідэю дыскрэтных порцыяў энэргіі і ўвёў у фізыку сталую велічыню, якая цяпер носіць ягонае імя.
1970 — амэрыканская сьпявачка Джэніс Джоплін.
1980 — у аўтамабільнай катастрофе загінуў першы сакратар ЦК КПБ Пятро Машэраў.
1981 — беларускі грэка-каталіцкі біскуп Часлаў Сіповіч, апостальскі візытатар беларусаў-каталікоў, ініцыятар і адзін з заснавальнікаў Скарынаўскай бібліятэкі ў Лёндане.
2007 — Яўген Будзінас, беларускі пісьменьнік і журналіст, адзін з стваральнікаў музэйнага комплексу «Дудуткі».