Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнатары ЗША ініцыявалі пашырэньне на Азэрбайджан практыкі вызваленьня палітвязьняў у Беларусі

Вызваленыя 16 верасьня 2026 году беларускія палітвязьні. Ілюстрацыйнае фота
Вызваленыя 16 верасьня 2026 году беларускія палітвязьні. Ілюстрацыйнае фота

Тры сэнатары Кангрэсу ЗША — Пітэр Уэлч (Дэмакратычная партыя), Том Тыліс (Рэспубліканская партыя) і Тым Кейн (Дэмакратычная партыя) заклікалі адміністрацыю прэзыдэнта Дональда Трампа распаўсюдзіць практыку вызваленьня беларускіх палітвязьняў на Азэрбайджан.

«Мы натхнёныя посьпехам адміністрацыі ў дасягненьні вызваленьня палітзьняволеных у Беларусі і заклікаем адміністрацыю прытрымлівацца падобнага падыходу з Азэрбайджанам», — працытавала Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода заяву сэнатараў.

Што вядома пра палітвязьняў у Азэрбайджане

Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, у 2026 годзе ў Азэрбайджане рэзка вырасла колькасьць палітзьняволеных — да сама меней 328 чалавек, хоць рэальная лічба можа быць значна большай. Апроч росту колькасьці вязьняў, праваабаронцы адзначаюць рэзкае павелічэньне турэмных тэрмінаў — цяпер найчасьцей прызначаюць у сярэднім па 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Сярод тых, каго перасьледуюць улады, — журналісты, праваабаронцы, навукоўцы, рэлігійныя актывісты, колішнія кіраўнікі Нагорнага Карабаху, які Азэрбайджан заняў у 2023 годзе ў выніку вайсковай апэрацыі.

У прыватнасьці, у турме знаходзіцца журналіст Азэрбайджанскай службы Радыё Свабода Фарыд Мэхралізадэ.

Чаму гэта важна

Працэс масавага вызваленьня палітвязьняў у выніку перамоваў адміністрацыі Дональда Трампа з Аляксандрам Лукашэнкам пачаўся з 2025 году. Гэтыя перамовы вядзе Джон Коўл. Ад 10 лістапада 2025 году ён займае пасаду спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША для Беларусі, а ўпершыню прыехаў на перамовы ў Менск 21 чэрвеня таго ж году.

З улікам апошняга сёлетняга вызваленьня 16 верасьня грамадзкасьці вядома пра 671 вызваленага за два гады, але ня ўсе зь іх палітвязьні. У абмен на вызваленьне вязьняў ЗША скасавалі пэўныя санкцыі, у тым ліку супраць беларускіх вытворцаў калійных угнаеньняў, банкаў, а таксама з канцэрну «Белляспаперпрам» і ААТ «Лакафарба».

22 верасьня ў этэры незалежнага расейскага тэлеканалу «Дождь» Коўл заявіў, што зьбіраецца таксама займацца вызваленьнем расейскіх палітвязьняў і ўкраінскіх палонных.

28 верасьня Дональд Трамп вылучыў Джона Коўла на пасаду свайго спэцыяльнага пасланьніка ў справах закладнікаў у рангу і статусе амбасадара. Цяпер ягоную кандыдатуру мае разгледзець Сэнат ЗША.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG