«Нашы беларускія сябры заўсёды падкрэсьлівалі, што кантакты з Захадам магчымыя выключна на падставе раўнапраўя і ўзаемнай павагі пры безумоўным выкананьні нацыянальных інтарэсаў і задачаў саюзнай інтэграцыі з Расеяй», — сказаў Аляксей Паляшчук у інтэрвію расейскаму агенцтву «Інтэрфакс».
Прадстаўнік МЗС Расеі нагадаў, што гэтыя прынцыпы закладзеныя ў саюзную праграму ўзгодненых дзеяньняў у галіне вонкавай палітыкі, чарговую вэрсію якой на бліжэйшыя тры гады зацьвердзяць у лістападзе на супольным паседжаньні калегіяў замежнапалітычных ведамстваў Беларусі і Расеі.
«Расея і Беларусь праводзяць скаардынаваную вонкавую палітыку і разьвіваюць кантакты з усімі краінамі, настроенымі на дыялёг і супрацу, у тым ліку Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Дыялёг дазваляе лепш разумець падыходы іншых дзяржаваў, тлумачыць ім нашы замежнапалітычныя прыярытэты, дабівацца іх уліку», — заявіў прадстаўнік расейскага МЗС.
«Ці абмяркоўваецца зь Менскам пытаньне аб больш маштабным выкарыстаньні тэрыторыі Беларусі для вайскова-тэхнічнага адказу на актывізаваную вайсковую падрыхтоўку Эўропы да гіпатэтычнага збройнага канфлікту з намі?» — спытала агенцтва. Паляшчук адказаў:
«У межах адзінай абароннай прасторы на беларускай тэрыторыі функцыянуюць аб’яднаная Рэгіянальная групоўка войскаў (сілаў), Адзіная сыстэма СПА, разьмешчаная расейская нестратэгічная ядзерная зброя і ракетныя комплексы „Арэшнік“. Спробы праверыць на трываласьць межы саюзнай дзяржавы атрымаюць неадкладны і цьвёрды адпор з выкарыстаньнем усіх наяўных сродкаў. Як заяўлялі прэзыдэнт Расеі Пуцін і міністар замежных справаў Лаўроў, мы з Эўропай ваяваць не зьбіраемся, але калі Эўропа нападзе, то „за намі затрымкі ня будзе“ і „гэта будзе зусім іншая вайна, і яна будзе вельмі кароткая“», — заявіў прадстаўнік МЗС Расеі.
Паляшчук, як і ягонае кіраўніцтва, абвінаваціў Эўропу і NATO у падрыхтоўцы да «наўпроставага сутыкненьня з Расеяй і Беларусьсю».
«Краіны альянсу не прыхоўваюць, што рыхтуюцца да наўпроставага ваеннага сутыкненьня з Расеяй і Беларусьсю. Іх мілітарысцкая рыторыка падмацоўваецца практычнымі крокамі. Прамысловасьць перастройваюць на вайсковыя рэйкі, павялічваюць колькасьць і маштабы вучэньняў, павялічваюць спэктар гібрыдных пагрозаў. Украінскі крызіс для гэтага — ня больш чым нагода і шырма», — заявіў прадстаўнік МЗС Расеі.
Што папярэднічала
Кантакты Беларусі і ЗША аднавіліся ў 2025 годзе пасьля працяглага пэрыяду жорсткіх санкцыяў і закрыцьця амбасадаў.
Амэрыканскі бок аказвае Джон Коўл, якога прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прызначыў сваім спэцыяльным пасланьнікам для Беларусі.
З публічных паведамленьняў вядома, што перамовы вядуцца аб вызваленьні ўладамі Беларусі палітычных зьняволеных у абмен на скасаваньне ЗША эканамічных санкцыяў.
За час перамоў вызвалілі 671 чалавека, але ня ўсе яны былі палітвязьнямі. У абмен ЗША заявілі аб скасаваньні санкцыяў зь «Беларуськалію» і «Белінвэстбанку», а таксама з ААТ «Лакафарба» і канцэрну «Белляспаперпрам».
На апошняй сустрэчы з Коўлам 15 верасьня Аляксандар Лукашэнка заклікаў ЗША «няўхільна» выконваць усе дамоўленасьці.
«Адзінае — гэта не патрабаваньне, гэта мая просьба да вас — каб мы няўхільна выконвалі дамоўленасьць з нашага боку і з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі. Мы нямала дасягнулі дамоўленасьцяў, што датычаць нашых эканамічных дачыненьняў», — працытавала Лукашэнку ягоная прэсавая служба.
Так Лукашэнка выказаўся пасьля таго, як прэм’ер Аляксандар Турчын, які таксама быў на сустрэчы з Коўлам, агучыў праблему замарожаных 43–44 мільёнаў даляраў «Беларуськалію» ў амэрыканскім Citibank.
21 верасьня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў пра ўгоду з Беларусьсю аб пастаўках калію ў ЗША. Допіс ён зьмясьціў на сваёй старонцы ў Truth Social.
«Злучаныя Штаты працуюць над маштабнай угодай аб закупе калійных угнаеньняў у Беларусі. Цана будзе значна ніжэйшай за тую, якую мы цяпер плацім Канадзе, — гэта выдатная навіна для нашых фэрмэраў і жывёлаводаў. Дзякуй за ўвагу да гэтага пытаньня!» — напісаў ён.
Санкцыі зь беларускай калійнай вытворчасьці ЗША канчаткова зьнялі сёлета ў сакавіку, калі Менск вызваліў вялікую групу беларускіх палітзьняволеных. Эўразьвяз у сваю чаргу пакінуў санкцыі ў сіле. Краіны ЭЗ ня проста не набываюць беларускіх угнаеньняў, але і забараняюць іх транзыт праз свае морскія парты.
Чаму гэта важна
З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі, улады якой падтрымалі гэтую агрэсію, практычна без перапынку праводзяць вучэньні вайсковых і іншых ваенізаваных падразьдзелаў.
Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў аб пагрозах з боку Ўкраіны і іншых суседзяў Беларусі, у тым ліку тэрарыстычнай. Гэта ніводнага разу ня было пацьверджана. Аднак гэтымі заявамі ён абгрунтаваў неабходнасьць разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі расейскай ядзернай зброі і комплексаў «Арэшнік».
Камэнтуючы вайсковыя вучэньні розных відаў фармаваньняў, Лукашэнка кожны раз заяўляе, што Беларусь «рыхтуецца да вайны».
Форум