Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінца пакаралі ўмоўным тэрмінам за перадачу Беларусі праграмы для трэнажора ў падрыхтоўцы вайсковых пілётаў

Украінскія зьнішчальнікі МіГ-29. Ілюстрацыйнае фота
Украінскія зьнішчальнікі МіГ-29. Ілюстрацыйнае фота

Грамадзянін Украіны ў абыход санкцый і ў парушэньне правілаў міжнароднай перадачы тавараў і паслуг падвойнага прызначэньня перадаў Беларусі праграмнае забесьпячэньне для стацыянарнага комплекснага трэнажора «КТС 21М» вайсковага прызначэньня

Як адзначаецца ў выраку, які Свабода мае ў сваім распараджэньні, абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну ў аб’ёме інкрымінаванай яму злачынства і пайшоў на дамову з сьледзтвам.

У выніку суд асудзіў яго на два гады зьняволеньня, але вызваліў ад адбываньня пакараньня з выпрабавальным тэрмінам цягам двух гадоў.

Найбліжэйшыя два гады асуджаны будзе знаходзіцца пад наглядам органаў прабацыі. Апроч таго, ён ня зможа без адмысловага дазволу выяжджаць за межы Ўкраіны.

Што папярэднічала

У справе фігуравалі некалькі грамадзян Украіны, адзін зь якіх нібыта працуе ў Беларусі на ЗАТ «Група вытворчых тэхналёгій і авіяцыйнага машынабудаўніцтва «Аэрамаш», што ў Мачулішчах пад Менскам.

«Аэрамаш» робіць поўны цыкль авіятэхнічных работ — канструктарскай распрацоўкі да выпуску гатовай прадукцыі, тэхнічнага суправаджэньня, рамонту і мадэрнізацыі. Тут аб’ядноўваюць трэнажоры рознага ўзроўню ў адзіную сетку і распрацоўваюць праграмы і мэтодыкі навучаньня лётнага і інжынэрнага складу. На трэнажорах «КТС-21М» рыхтуюць пілётаў вайсковых самалётаў МіГ-29.

Паводле ўкраінскіх сьледчых, перадача тэхналёгій адбылася не пазьней за чэрвень 2025 году праз адзін з мэсэнджэраў. За гэта ўкраінец нібыта атрымаў 1 тысячу даляраў.

Асуджаны ўкраінец раней працаваў канструктарам модульных электронных авіяцыйных трэнажораў для вайсковых верталётаў МІ-8, МІ-24, зьнішчальнікаў МіГ-29 і транспартных вайсковых самалётаў тыпу ІЛ-76. Ён перадаў тэхналёгіі свайму былому калегу па Інстытуце аўтаматызаваных сыстэм Акадэміі навук Украіны.

Чаму гэта важна

Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.

Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.

У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.

Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.

Раней расьсьледнікі заяўлялі, што больш за 100 беларускіх прадпрыемстваў выконваюць вайсковыя замовы Расеі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG