Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Літвы перадаў у Сейм праект закону аб санкцыях супраць беларусаў, якія падтрымліваюць расейскую вайну ва Ўкраіне і рэпрэсіі ў Беларусі

Сейм Літвы. Ілюстрацыйнае фота
Сейм Літвы. Ілюстрацыйнае фота

Урад падтрымаў прапановы Міністэрства замежных справаў Літвы.

Урад Літвы прапанаваў і ўхваліў зьмены ў законе аб нацыянальных санкцыях, якія прадугледжваюць забарону на ўезд у краіну грамадзянам Беларусі й Расеі, якія падтрымліваюць расейскую агрэсію супраць Украіны.

Як паведаміла агенцтва BNS, з адпаведнай прапановай выступіла Міністэрства замежных справаў. Цяпер праект закону мае разгледзець літоўскі парлямэнт.

Законапраект, у прыватнасьці, прадугледжвае недапушчэньне ў Літву фізычных і юрыдычных асобаў зь Беларусі і Расеі, а таксама прадстаўнікоў арганізацыяў, якія хочуць весьці публічную дзейнасьць у галінах адукацыі, навукі, культуры, спорту і мастацтва, калі выявіцца, што яны вядуць або вялі такую дзейнасьць на анэксаваных ці часткова акупаваных тэрыторыях Украіны, наўпрост або ўскосна падтрымліваюць вайну Расеі супраць Украіны ці ўдзельнічалі ў ёй.

Абмежаваньні ня будуць накладаць на асобаў, якія на гэтых тэрыторыях Украіны «яўна дзейнічалі супраць агрэсіі, акупацыі або анэксіі, публічна дэманстравалі нязгоду з гэтымі дзеяньнямі і сваёй дзейнасьцю аб’ектыўна не спрыялі рэалізацыі інтарэсаў акупацыйных уладаў».

Апроч таго, прапанавалі таксама не ўпускаць у Літву тых, хто спрыяе ці праводзіць палітыку, накіраваную на падрыў тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту і незалежнасьці Ўкраіны, яе стабільнасьці й бясьпекі, а таксама тых, хто падтрымлівае грубыя парушэньні правоў чалавека ці рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці й дэмакратычных сілаў у Расеі і Беларусі, або чыя дзейнасьць пагражае дэмакратыі і вяршэнству закону.

Грамадзяне Беларусі і Расеі на мяжы пры ўезьдзе ў Літву павінны будуць падпісаць публічную дэклярацыю з асуджэньнем расейскай агрэсіі супраць Украіны і падтрымкай яе тэрытарыяльнай цэласнасьці. Той, хто адмовіцца, ня зможа трапіць у Літву.

Адначасова прапанавалі абмежаваць грамадзянам Беларусі і Расеі магчымасьць набываць нерухомасьць у Літве побач з стратэгічна важнымі аб’ектамі. Такія абмежаваньні ня будуць дзейнічаць пры набыцьці права ўласнасьці ў спадчыну.

Калі Сейм Літвы падтрымае ініцыятыву ўраду, зьмены пачнуць дзейнічаць з 1 студзеня 2027 году. Падпісаныя дагэтуль дамовы аб канцэртнай і падобнай дзейнасьці будуць перагледжаныя і ўдакладненыя да 28 лютага 2027 году.

Што папярэднічала і чаму гэта важна

Закон аб нацыянальных санкцыях супраць грамадзян Беларусі і Расеі дзейнічае ў Літве з 2023 году. Ён накіраваны на дэманстрацыю падтрымкі Ўкраіны і абмежаваньне правоў «грамадзян краін-агрэсарак — Расеі і Беларусі».

Дагэтуль Літва ўхваляла толькі асобныя рашэньні аб забароне на ўезд шэрагу выканаўцаў, якія падтрымліваюць рэжым Уладзіміра Пуціна і выступалі ў Расеі з падтрымкай анэксіі ёю Крыму. Такія рашэньні датычыліся толькі расейскіх выканаўцаў.

Якія санкцыі супраць беларусаў ужо дзейнічаюць у Літве

Літва, як і іншыя краіны Балтыі, спыніла прыём дакумэнтаў у грамадзян Беларусі на выдачу шэнгенскіх турыстычных візаў. Выдаюць толькі гуманітарныя візы.

Атрымаць дазвол на жыхарства ў Літве магчыма толькі за межамі краіны — іншаземцы, якія прыбылі ў краіну на падставе шэнгенскай візы, ня могуць падаць дакумэнтаў на часовы дазвол для працы або навучаньня ў краіне. Апроч таго, усе тыя грамадзяне Беларусі, якія зьвяртаюцца па дазвол на жыхарства ў Літве, праходзяць абавязковыя праверкі ў органах нацыянальнай бясьпекі і мусяць падпісаць дэклярацыю аб непадтрыманьні расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Літва практычна цалкам закрыла магчымасьць уезду на сваю тэрыторыю аўтамабілям зь беларускімі нумарамі.

Апроч таго, цяпер на мяжы працуюць толькі 2 з 6 пунктаў пропуску. Цалкам закрытыя пешаходныя пераходы мяжы. Абмежаваны вываз гатоўкі ў эўра, а таксама ўвоз грыўні з боку Беларусі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG