Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Літвы прапануе новыя абмежаваньні для грамадзян Расеі і Беларусі як папраўкі ў прыняты раней закон аб санкцыях

Будынак Міністэрства замежных справаў Літвы ў Вільні. Архіўнае фота
Будынак Міністэрства замежных справаў Літвы ў Вільні. Архіўнае фота

Прычына — працяг вайны Расеі супраць Украіны. Рэжым Лукашэнкі ў Беларусі падтрымлівае Маскву.

Як паведаміла BNS, Міністэрства замежных справаў Літвы прапанавала дапоўніць закон аб нацыянальных санкцыях новымі абмежаваньнямі для грамадзян Расеі і Беларусі. Прапануецца забараніць набыцьцё нерухомасьці паблізу стратэгічных аб’ектаў і не ўпускаць у краіну дзеячоў культуры, адукацыі і спорту, якія падтрымліваюць агрэсію Расеі супраць Украіны.

Паводле МЗС Літвы, новыя папраўкі перадухіляць дзейнасьць у Літве прадстаўнікоў культуры, сфэры забаваў і спорту, якія працуюць у Расеі і Беларусі.

«Нядаўнія дыскусіі, у тым ліку на муніцыпальным узроўні, паказалі патрэбу больш дакладна рэгуляваць удзел прадстаўнікоў Расеі, якая ажыцьцяўляе агрэсію супраць Украіны, і Беларусі, якая дапамагае ёй, у публічнай дзейнасьці ў Літве ў сфэрах адукацыі, навукі і вучобы, культуры, спорту, мастацтва і забаваў», — адзначыла міністэрства.

На думку МЗС, Літва «як дэмакратычная дзяржава» абавязана абараняць публічную прастору ад рэжымаў, якія сыстэматычна парушаюць правы чалавека, ажыцьцяўляюць агрэсію супраць суседніх дзяржаваў і выкарыстоўваюць публічную дзейнасьць у сфэры культуры ці забаваў «як інструмэнты мяккай сілы».

Згодна з пададзенымі на ўзгадненьне папраўкамі ў Закон аб абмежавальных захадах у сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны, у Літву ня будуць дапускацца фізычныя і юрыдычныя асобы Расеі і Беларусі, прадстаўнікі арганізацыяў, якія хочуць весьці публічную дзейнасьць у сфэрах адукацыі, навукі і вучобы, культуры, спорту, мастацтва і забаваў, калі будзе ўстаноўлена, што яны праводзілі дзейнасьць на акупаваных тэрыторыях Украіны або яны проста ці ўскосна падтрымліваюць вайну супраць Украіны ці ўдзельнічалі ў ёй.

Таксама прапануецца не ўпускаць тых, хто прадпрымае дзеяньні ці палітыку, якія падрываюць тэрытарыяльную цэласнасьць, сувэрэнітэт і незалежнасьць Украіны, падрываюць стабільнасьць ці бясьпеку Ўкраіны, а таксама — хто наўпрост ці ўскосна падтрымлівае грубыя парушэньні правоў чалавека ці рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў у Расеі і Беларусі ці чыя дзейнасьць становіць пагрозу.

МЗС прапануе, каб ахвочыя прыбыць у Літву былі абавязаныя падпісаць дэклярацыю, у якой асудзілі б расейскую агрэсію супраць Украіны, выказалі падтрымку Статуту ААН і яго прынцыпам, незалежнасьці, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны ў міжнародна прызнаных межах.

Гэтая дэклярацыя будзе публікавацца адкрыта. Адмова ад яе падпісаньня закрые шлях у Літву. Сачыць за стасаваньнем гэтых абмежаваньняў мецьмуць арганізатары публічнай дзейнасьці ў адпаведных галінах у Літве.

Гэтым жа праектам МЗС імкнецца абмежаваць магчымасьці расейцаў і беларусаў набываць нерухомасьць у Літве побач з стратэгічна важнымі абʼектамі. У праекце мяркуецца прыпыніць права грамадзян Расеі і Беларусі, якія маюць дазвол на жыхарства ў Літве, набываць нерухомасьць на тэрыторыях побач з важнымі для нацыянальнай бясьпекі абʼектамі або вайсковымі палігонамі. На такіх тэрыторыях нерухомасьць ня змогуць набываць грамадзяне Беларусі, якія ня маюць дазволу на жыхарства ў Літве, і юрыдычныя асобы, якія ім належаць. Магчымасьці расейцаў купляць нерухомасьць у Літве былі абмежаваныя раней.

МЗС прапануе, каб такія папраўкі набылі моц з 1 студзеня наступнага году.

Чаму зьявіліся прапановы

Гэтыя прапановы зьявіліся пасьля адпаведнага рашэньня Сейму Літвы. Ва ўхвалены ў красавіку сёлета закон аб санкцыях супраць Расеі і Беларусі была ўпісаная норма аб тым, што ўрад да 1 кастрычніка павінен падрыхтаваць і падаць Сейму праекты паправак да законаў аб уводзе абмежаваньняў на набыцьцё нерухомасьці для грамадзян Беларусі, аб прывязцы права на набыцьцё нерухомай маёмасьці для грамадзян Расеі і Беларусі да статусу пастаяннага жыхара Літвы, а таксама аб дадатковай ацэнцы нацыянальнай бясьпекі для ўгодаў зь нерухомай маёмасьцю.

Што ў цяперашніх санкцыях

Закон пра абмежавальныя захады прымяняецца ў Літве з 2023 году.

23 красавіка Сейм Літвы падоўжыў нацыянальныя санкцыі супраць грамадзян Расеі і Беларусі да 2028 году.

Мэта закону — прадэманстраваць падтрымку Ўкраіне і абмежаваць пэўныя правы грамадзян дзяржаваў-агрэсарак — Расеі і Беларусі.

У адпаведнасьці з законам аб санкцыях спынены прыём заяваў ад грамадзян Расеі і Беларусі на выдачу як нацыянальных, так і шэнгенскіх візаў, акрамя выпадкаў, калі пасярэднікам выступае Міністэрства замежных справаў Літвы.

Расейцам больш не выдаюцца дазволы на жыхарства ў Літве, калі ў іх няма дзейнай візы або дазволу на жыхарства ў іншай краіне Эўразьвязу.

Грамадзяне Расеі, якія прыбываюць у Літву, зь некаторымі выняткамі, праходзяць індывідуальную дадатковую старанную праверку наконт пагрозы нацыянальнай бясьпецы, грамадзкаму парадку, унутранай бясьпецы, здароўю насельніцтва або міжнародным адносінам; таксама ацэньваюцца рызыкі прыбыцьця грамадзян Беларусі.

Заявы расейцаў і беларусаў на атрыманьне статусу электроннага рэзыдэнта Літвы больш не прымаюцца, з выняткам асобаў, якія маюць часовы або пастаянны дазвол на жыхарства ў краіне.

Закон ужо забараняе расейцам, якія ня маюць дазволу на жыхарства ў Літве, набываць нерухомасьць.

Акрамя таго, устаноўлена, што грамадзян Расеі будуць пазбаўляць часовага дазволу на жыхарства ў Літве, калі цягам апошніх трох каляндарных месяцаў яны больш як адзін раз выяжджалі ў Расею або Беларусь. Вынятак толькі для перавозьнікаў і асобаў, якія выяжджаюць з аб’ектыўных, незалежных ад іх прычынаў.

Таксама літоўскі ўрад можа замарожваць грашовыя сродкі й іншыя эканамічныя рэсурсы, а таксама прымяняць сэктаральныя абмежавальныя захады ў выпадку, калі санкцыі, уведзеныя на ўзроўні ЭЗ для Расеі або Беларусі, перастануць прымяняцца або будуць скасаваныя.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG