Сейм Літвы прыняў папраўкі аб нацыянальных санкцыях супраць Беларусі і Расеі, паведамляе партал навін Delfi.
За зьмены прагаласавалі 93 дэпутаты, два ўстрымаліся.
16 чэрвеня літоўскія парлямэнтары ўхвалілі ў першым чытаньні папраўкі да закону, прапанаваныя ў якасьці свайго кшталту страхоўкі на выпадак непадаўжэньня санкцый на ўзроўні Эўразьвязу.
Паведамлялася, што папраўкі, прапанаваныя Міністэрствам замежных спраў Літвы, прадугледжваюць магчымасьць для ўраду складаць сьпісы асоб і кампаній, якія падпадаюць пад санкцыі, замарожваць іх актывы або прымяняць сэктаральныя абмежаваньні.
Выключэньне з гэтых абмежаваньняў будзе прымяняцца ў выпадках, калі сродкі неабходныя для аплаты прадуктаў харчаваньня, камунальных паслуг, арэнды, лекаў, лячэньня, падаткаў і страхоўкі, а таксама пры ўзьнікненні праблем са здароўем.
Прымяненьне сэктаральных санкцый накіраванае на забарону імпарту тэхналёгій, паслуг і праграмнага забесьпячэньня зь Беларусі і РФ, а таксама аказаньня паслуг, зьвязаных з пастаўкай або вытворчасьцю гэтых тавараў.
МЗС прапаноўвала прадугледзець дадатковыя сэктаральныя і абмежавальныя меры ў выпадку, калі будзе ўстаноўлена, што адпаведны сэктар эканомікі РФ і Беларусі можа быць выкарыстаны для падтрымкі ваеннай агрэсіі супраць Украіны, удасканаленьня арміі і тэхналёгій, нарошчваньня прамысловага патэнцыялу або прычыненьня шкоды бясьпецы і незалежнасьці Літвы, у тым ліку шляхам маніпуляваньня інфармацыяй.
14 красавіка прэм’ер-міністар Літвы Гінтаўтас Палуцкас заявіў, што калі ў дачыненьні да Беларусі і РФ «больш ня будзе эўрапейскіх сэктаральных санкцый», то абмежавальныя меры могуць быць нацыянальнымі, яны павінны быць прынятыя хаця б на рэгіянальным узроўні.
Ён прызнаў, што ў выпадку непадаўжэньня эўрапейскіх санкцый дабіцца такога ж эфэкту з дапамогай нацыянальных сэктаральных санкцый будзе складана. «Нам трэба падрыхтавацца, нам трэба пралічыць, нам трэба ўзважыць, калі такой дамоўленасьці ня будзе — гэта будзе вельмі нядобра», — заявіў Палуцкас, падкрэсьліўшы, што нацыянальныя абмежавальныя меры ня могуць кампэнсаваць эўрапейскія.
Калі ўлады Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Фінляндыі адмовяцца ўводзіць нацыянальныя санкцыі, то Літва, прыняўшы такія рашэньні асобна, не дасягне ніякіх мэт, а шкода будзе адчувальнай, дадаў кіраўнік літоўскага ўраду.
Форум