Супярэчлівае тлумачэньне
28 верасьня Аляксандар Лукашэнка прызначыў Паўла Муравейку намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта (АП). Раней ён займаў пасаду начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сіл — першага намесьніка міністра абароны.
З тлумачэньняў Лукашэнкі вынікае, што новы прызначэнец будзе кантраляваць працу войска, увогуле сілавога сэктару. То бок гэта новая пасада ў АП, якой раней не было. І створаная яна адмыслова для Муравейкі.
Камэнтары самога Лукашэнкі адносна гэтага кадравага рашэньня, як звычайна, даволі супярэчлівыя. Маўляў, ён прызначыў Муравейку на згаданую пасаду, «каб атрымаць альтэрнатыўны пункт гледжаньня на сытуацыю ва Ўзброеных сілах». Але які альтэрнатыўны пункт гледжаньня на стан войска можа прадставіць чалавек, які толькі што займаў другую па значнасьці пасаду ў гэтым войску? Дзеля сапраўднай альтэрнатывы патрэбен быў бы нейкі чалавек збоку, зь іншага ведамства.
Яшчэ Лукашэнка заявіў: «Шмат будзе спэкуляцый, пэўных заяў і гэтак далей: „Лукашэнка „паддаўся“ сілавікам, „прызначыў“ у Адміністрацыю прэзыдэнта былога начальніка Генэральнага штаба. Гэта зьвязана з узмацненьнем нейкага там складальніка сілавікоў. Калі камусьці выгадна так гаварыць і разважаць, калі ласка. Я абсалютна ня супраць. Але тое, што ідзе ўзмацненьне гэтага складніка — сілавога сэктару і напрамку нашай краіны, — гэта натуральна».
То бок спачатку Лукашэнка называе павышэньне адміністратыўнай вагі сілавікоў у дзяржапараце «спэкуляцыяй», а потым сам пацьвярджае такую вэрсію, маўляў так і ёсьць.
Чыноўнік на выпадак аўралу
Дарэчы, прызначэньне на кіроўныя пасады ў АП сілавікоў — гэта зьява не апошніх гадоў, а даўняя традыцыя. У розны час кіраўнікамі адміністрацыі былі людзі з пагонамі: Урал Латыпаў, Віктар Шэйман, Генадзь Нявыглас, Уладзімер Макей, Ігар Сергеенка. А намесьнікамі кіраўніка АП працавалі сілавікі Ўладзімер Замяталін, Юры Сівакоў, Станіслаў Князеў. У сыстэме, дзе найбольш запатрабаваная выканаўчая дысцыпліна, а не ініцыятыва ці крэатыўнасьць, людзі з пагонамі апрыёры маюць перавагу.
У біяграфіі Паўла Муравейкі ёсьць цікавы эпізод. Ягонае прызначэньне на пасаду начальніка Генштаба ў траўні 2024 году адбылося ў трохі незвычайных абставінах. Ягоны папярэднік Віктар Гулевіч афіцыйна быў звольнены з вайсковай службы ў запас паводле ўзросту. Аднак 54 гады — гэта зусім невялікі ўзрост для вайскоўца такога ўзроўню. Той факт, што ўказ пра вызваленьне Гулевіча зьявіўся 10 траўня 2024 году, адразу пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка вярнуўся з Расеі, дзе меў сустрэчу з Уладзімірам Пуціным, справакаваў розныя кансьпіралягічныя вэрсіі.
У кожным выпадку выглядае, што прызначэньне Муравейкі на пасаду начальніка Генштаба адбылося ў сытуацыі аўралу. Чаму кар’ера менавіта гэтага вайскоўца пайшла ўгору і ў момант, калі спатрэбілася тэрміновая замена Гулевічу, выбар Лукашэнкі выпаў на яго?
Скандальныя заявы Муравейкі
Усе незалежныя мэдыя зьвярнулі ўвагу, што Павал Муравейка вядомы скандальнымі заявамі. Напрыклад, ён казаў, што Беларусь мае права сілай прасекчы калідор праз Літву да мора, намякаў на магчымасьць прарыву Сувалскага калідору, пагражаў суседнім краінам ядзернай зброяй, абвінавачваў Захад у падрыхтоўкі да вайны і інш.
Гэтыя заявы стварылі вобраз Муравейкі як радыкала, «каршака», чалавека крайніх поглядаў. Увогуле ён паводзіў сябе як палітычны дзеяч, публічны палітык. Магчыма, тут дала пра сябе ведаць першапачатковая вайсковая адукацыя. Ён скончыў Менскую ваенна-палітычную вучэльню, якая рыхтавала палітрукоў.
Аднак варта зьвярнуць увагу, што свае скандальныя заявы Муравейка рабіў, калі займаў пасаду намесьніка дзяржсакратара Савету бясьпекі. А вось стаўшы начальнікам Генштаба, раптам замоўк. Таму можна сказаць, што ягоны радыкалізм — ня столькі дэманстрацыя ідэйна-палітычнай пазыцыі, колькі спосаб дасягненьня высокіх пасад, сродак рабіць службовую кар’еру.
Ён добра зразумеў, што Лукашэнку падабаюцца чыноўнікі, якія бягуць наперадзе паравоза ў выкананьня ягоных загадаў, нават намераў, угадваюць ягоныя патаемныя настроі, падсьвядомыя думкі. І каб выслужыцца, стаць вялікім начальнікам, трэба гучна крычаць тое, на што правадыр толькі намякае. У фаворы чыноўнікі, прапагандысты, які мацней за іншых лаюць ворагаў Лукашэнкі, праслаўляюць ягоную мудрую палітыку. А Муравейка вельмі хацеў зрабіць кар’еру і гэтага не хаваў.
Недавер і дадатковы кантроль
У чым сэнс гэтага кадравага прызначэньня, якія задачы хоча вырашыць Лукашэнка? Найперш, гэта сьведчыць пра ягоны татальны недавер да свайго атачэньня, сілавікоў. Прымаючы рашэньне аб прызначэньні новага намесьніка кіраўніка АП, Лукашэнка заўважыў, што кандыдатуру Муравейкі на гэту пасаду яму ніхто не рэкамэндаваў, гэта была яго асабістая прапанова і рашэньне, часткова нечаканае як для цяперашняга кіраўніцтва Адміністрацыі, так і для Дзяржсакратарыяту Савету бясьпекі.
Варта ўзгадаць, што летась Аляксандр Лукашэнка выказваў незадаволеньне кадравымі прапановамі, якія рабіў кіраўнік АП Дзьмітры Круты, нават прапаноўваў стварыць нейкую камісію для падбору чыноўнікаў на важныя пасады. Таксама нагадаю, што праверка гатовасьці вайсковых падразьдзелаў праводзілася праз галаву ваеннага кіраўніцтва.
Лукашэнка не давярае нікому. Гэта было заўважна і раней. Але пэрыяд «позьняй аўтакратыі» абвастрае гэтую праблему. Выступаючы на форуме падчас сьвяткаваньня Дня народнага адзінства, Лукашэнка заявіў, што ня бачыць нікога, каму можна было б даверыць уладу. Цяжкі лёс незамяняльнага правадыра.
Дык вось татальны недавер можна кампэнсаваць татальным кантролем. Прызначэньнем Муравейкі на пасаду, якая прадугледжвае сачэньне за вайскоўцамі, Лукашэнка стварае яшчэ адну ступень дадатковага кантролю сілавых структур. І не хавае гэтага. Прызначаючы Ўладзімера Белага новым кіраўніком Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, Лукашэнка адзначыў, што ён будзе пастаянна знаходзіцца ў полі зроку ня толькі Дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі, але і намесьніка кіраўніка АП.
Але наяўнасьць шматлікіх службаў кантролю азначае перакрыжаваньне функцый розных ведамстваў, дубляваньне паўнамоцтваў. Гэта ня робіць дзяржаўны апарат больш эфэктыўным. Кантрольныя інстытуцыі ня маюць легітымных працэдур самарэгуляцыі, яны выконваюць толькі асабістыя загады ўладара. Дзеля ўмацаваньня ягонай улады яны ўласна і ствараюцца.
Форум