Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызначыў новага кіраўніка Генэральнага штабу арміі Беларусі, а былы цяпер будзе працаваць у ягонай адміністрацыі

абноўлена
Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка прызначыў Паўла Муравейку намесьнікам кіраўніка сваёй адміністрацыі.

Як паведаміла прэсавая служба Лукашэнкі, новым кіраўніком Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі стаў Уладзімер Белы.

Уладзімер Белы нарадзіўся 17 лютага 1977 году ў вёсцы Мікалаеўшчына, Стаўбцоўскага раёна Менскай вобласьці. Вайсковую адукацыю атрымліваў толькі ў Беларусі — скончыў камандна-штабны факультэт і факультэт Генэральнага штабу ў Вайсковай акадэміі Беларусі. З сакавіка 2023 году быў камандуючым Заходнім апэратыўным камандаваньнем.

«Тое, што ідзе вось гэта ўзмацненьне складніка, сілавога сэктара і накірунку нашай краіны, гэта натуральна, таму што мы бачым, што адбываецца вакол нашай краіны. Але галоўнае ня ў гэтым, мне як прэзыдэнту і галоўнакамандуючаму Ўзброенымі сіламі, вельмі важна мець некалькі, калі хочаце, альтэрнатыўных меркаваньняў на сытуацыю ў нашых сілавых падразьдзелах», — сказаў Лукашэнка пры прызначэньні Муравейкі намесьнікам кіраўніка сваёй адміністрацыі.

Чым вядомы Муравейка

Павал Муравейка нарадзіўся 26 верасьня 1971 году ў Мар’інай Горцы. Скончыў Менскую вышэйшую вайскова-палітычную вучэльню, пасьля якой служыў ва Ўзброеных сілах Беларусі. Пасьлядоўна займаў кіроўныя пасады ў войску, а пасьля заканчэньня камандна-штабнога факультэту Вайсковай акадэміі Беларусі перайшоў у Генэральны штаб. У 2008 годзе скончыў і Вайсковую акадэмію Расеі, пасьля чаго займаў кіроўныя пасады ва ўпраўленьнях Генэральнага штабу.

З 20 чэрвеня 2013 да 10 лютага 2022 году быў намесьнікам начальніка Генэральнага штабу, начальнікам Галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня, з 10 лютага 2022 да 23 траўня 2024 году быў першым намесьнікам дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі, а 23 траўня 2024 году ачоліў Генэральны штаб і стаў першым намесьнікам міністра абароны.

У лістападзе 2024 году назваў выкарыстаньне Расеяй ракеты «Арэшнік» супраць Украіны (упершыню гэта адбылося 21 лістапада 2024 году, калі расейскія войскі ўдарылі па Дніпры. — РС) «жэстам добрай волі і пасылам аб тым, што ня варта жартаваць з Расеяй».

У кастрычніку 2023 году, калі Павал Муравейка займаў пасаду намесьніка дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі, ён заявіў, што Беларусь мае ўсе падставы «прасячы жыцьцёва важны калідор» церазь Літву пры дапамозе зброі, каб атрымаць доступ да транзыту тавараў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG