Як адзначаецца ў паведамленьні вайсковага ведамства, вайсковыя дыпляматы, у тым ліку Баўгарыі, Вугоршчыны, Турэччыны, ЗША і Чэхіі азнаёміліся зь «дзеяньнямі беларускіх вайскоўцаў па адпрацаваньні ўзаемадзеяньня авіяцыі і мотастралковых падразьдзелаў».
У Міністэрстве абароны Беларусі пераконваюць, што «прадстаўнікі замежнага вайскова-дыпляматычнага корпусу змаглі асабіста пераканацца, што вучэньні маюць выключна абарончы характар і накіраваныя на ўмацаваньне здольнасьці войскаў Рэспублікі Беларусь забясьпечваць абарону сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржавы».
Што папярэднічала
Раней за вайсковымі вучэньнямі ў Беларусі назіралі пераважна вайсковыя аташэ краін СНД, Азіі і Афрыкі.
Амэрыканскія вайскоўцы аднавілі сваё назіраньне ў верасьні 2025 годзе, калі на агульнавайсковы палігоне ў Менскай вобласьці праходзілі вучэньні «Захад-2025». Тады прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі апублікавала відэазапіс, як міністар абароны Віктар Хрэнін сустракаў двух амэрыканскіх вайскоўцаў, адзін зь іх быў Браян Шуп, раней акрэдытаваны вайсковым аташэ ў амбасадзе ЗША ў Беларусі. Апошні раз ЗША назіралі за вучэньнямі «Захад» у 2021 годзе.
Чаму гэта важна
Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.
Раней расьсьледнікі заяўлялі, што больш за 100 беларускіх прадпрыемстваў выконваюць вайсковыя замовы Расеі.
Апроч таго, з 2022 году на тэрыторыі амаль без перапынку праводзяць вайссковыя вучэньні.
Форум