На прадпрыемстве «Гродна Азот» спыняць два цэхі для праверкі абсталяваньня. Пра гэта БелТА паведамілі на прадпрыемстве.
«29 верасьня для рэвізіі абсталяваньня будзе праведзены спыненьне цэху „Аміяк-3“ з прыпынкам узаемазьвязанага зь ім па сыравіне цэху „Карбамід-3“», — адзначылі на «Гродна Азот».
Таксама ўлады ўдакладнілі, што пры спыненьні і наступных пускавых апэрацыях у цэху «Аміяк-3» для ўтылізацыі гаручых рэчываў, якія ўваходзяць у склад тэхналягічнага газу, рэглямэнтам прадугледжана яго спальваньне на факельнай устаноўцы.
Такія апэрацыі могуць працягвацца некалькі содняў, пасьля заканчэньня апэрацый спальваньне тэхналягічнага газу на факельнай устаноўцы спыніцца.
Кіраўнікі прадпрыемства запэўніваюць, што пагрозы гораду, экалёгіі, жыхарам і работнікам прадпрыемства няма.
Цэх праблемны
Папярэдні раз прыпыненьне працы цэху «Аміяк-3» з прыпыненьнем узаемазлучанага зь ім па сыравіне цэху «Карбамід-3» адбылося сёлета 20 красавіка раніцай.
«Падставаў і нагоды для занепакоенасьці ў жыхароў горада, а таксама пагрозы экалёгіі няма», — сьцьвярджалася ў паведамленьні й тады.
А да таго цэх аварыйна спынялі 3 верасьня 2025 году. Прычынай назвалі «спыненьне падачы паветра на стадыю рыформінгу цэха».
Летась у лістападзе на прадпрыемстве «Гродна Азот» запусьцілі цэх «Аміяк-4», які шмат разоў спыняўся праз аварыйныя сытуацыі і ўрэшце быў закрыты летась у жніўні на «плянавы рамонт і мадэрнізацыю». Раней паведамлялі, што на «Гродна Азоце» да 2026 году плянуюць правесьці праграму мадэрнізацыі коштам 800 мільёнаў даляраў. Кіраўніцтва заводу заяўляла, што 95% абсталяваньня плянавалі купіць у Расеі.
Прадпрыемства «Гродна Азот» дзяржаўнае і знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі.
Форум