Пра буйны штраф апэратару А1 паведаміла Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю. Справа цягнулася зь мінулага году, тады апэратараў абавязалі пераглядаць сваю тарыфную палітыку і дачыненьні з кліентамі.
У ведамстве нагадалі, што апэратар з 1 чэрвеня 2025 году закрыў архіўныя тарыфы «Безь Ліміту» і «Безь Ліміту 2.0» і перавёў абанентаў на дзейны тарыф «Драйв Анлім», які каштуе даражэй.
10 красавіка МАРГ выдаў пастанову, у якой прызнаў такія дзеяньні парушэннем закону «Аб супрацьдзеяньні манапалістычнай дзейнасьці і разьвіцьці канкурэнцыі».
Па выніку пастановай эканамічнага суду Менску «A1» прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці і аштрафавалі на 109,7 млн рублёў. Службовая асоба прадпрыемства таксама заплаціць штраф 2250 рублёў.
Рашэньне пакуль не ўступіла ў сілу, кампанія можа яго абскардзіць.
Што папярэднічала
У чэрвені 2025 году А1, як і канкурэнты з МТС, паведаміла, што спыніць абслугоўваньне абанэнтаў па асобных архіўных тарыфах. Людзям заставалася самім выбраць які-небудзь тарыф з актуальных ці дачакацца аўтаматычнага пераводу на той, які вызначыў сам апэратар як найбольш блізкі па наборы паслуг.
Пазьней A1 паінфармаваў, што дадаткова вывучыў зацікаўленасьці абанэнтаў у выбары тарыфаў, прапанаваных кліентам у якасьці альтэрнатывы. У выніку пастанавілі вярнуць тарыфы карыстальнікам. Заяўлялася, што «Безь ліміту» будзе абслугоўвацца з ранейшымі ўмовамі.
Сытуацыю тады пракамэнтавалі ў МАРГ, дзе адзначылі, што карыстальнікі скардзіліся на закрыцьцё названых тарыфаў і перавод на даражэйшыя. Таму ў міністэрства запрасілі прадстаўнікоў кампаній-апэратараў на працоўную сустрэчу. Яна адбылася 5 чэрвеня 2025 году. Па яе выніках апэратары абвясьцілі пра вяртаньне абанэнтаў на ранейшыя ўмовы абслугоўваньня.
Як высьветлілася ў 2026-м, гэта не ўратавала А1 ад буйнога штрафу.
Форум