Менскі гарадзкі суд асудзіў менчука Аляксандра Семіглазава, колішняга супрацоўніка МТБанку, за распальваньне варожасьці (частка 1 артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу).
Калі дакладна сёлета адбыўся суд і які тэрмін прысудзілі Семіглазаву праваабаронцам пакуль невядома. Паводле артыкулу, які інкрымінавалі, яму пагражала да 5 гадоў зьняволеньня.
Аляксандру Семіглазаву 52 гады. Паводле інфармацыі выданьня «Наша ніва», мужчына ў сацсетках крытыкаваў расейскую агрэсію супраць Украіны, называў расейскіх вайскоўцаў «акупантамі», а расейскую ўладу — «фашысцкай», спрачаўся з прыхільнікамі вайны і крытыкаваў расейскую прапаганду.
18 верасьня 2026 году Семіглазава ўнесьлі ў дзяржаўны пералік «грамадзян Беларусі, замежнікаў і асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці».
Былога супрацоўніка «Беларуснафты» асудзілі за садзейнічаньне «экстрэмізм»
18 верасьня на экстрэмісцкі ўлік таксама паставілі Зьміцера Дзіка з Рэчыцы.
Яму 49 гадоў, ён працаваў у дзяржаўнай кампаніі «Беларуснафта». У пачатку 2026 году, паводле «Гомельскай Вясны», мужыну затрымалі ў так званай «справе Гаюна». Нядаўна Гомельскі абласны суд прысудзіў мужчыне чатыры гады «хіміі» з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, паведамілі праваабаронцы. Але месца адбыцьця пакараньня пакуль невядомае.
Зьміцера Дзіка асудзілі паводле частак 1, 2 артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).
Чаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» прызнаў палітвязьнямі 879 незаконна асуджаных грамадзян, а паводле праваабарончай ініцыятывы dissidentby, такіх 935.
Форум