Браліся пад увагу заказаныя ў турыстычнах фірмах туры. У 2025 годзе за мяжою пабывалі 736,4 тыс. беларусаў, піша Белстат. У сярэднім вандроўка доўжылася 8 дзён.
Кірункі з найбольшым попытам — Расея і Турэччына. Расейскі кірунак выбралі 162,9 тысяч чалавек, а турэцкі амаль столькі ж — 162,5 тыс.
На трэцім месцы апынуўся Эгіпэт. Паўночнаафрыканскую дзяржаву наведалі 112,8 тыс. чалавек.
У іншых краінах першай пяцёркі найпапулярнейшых — значна меншы лік беларускіх турыстаў. У Аб’яднаных арабскіх эміратах былі 78,1 тыс., а ў Грузіі 46 тыс.
А як езьдзілі ў Беларусь?
За 2025 год Беларусь наведалі 579,2 тыс. чалавек з 86 краін сьвету. Пры гэтым прадпрыемствы беларускага турбізнэсу за мінулы год супрацоўнічалі з 130 краінамі.
Сярэдняя працягласьць знаходжаньня замежнага турыста ў Беларусі склала чатыры дні. Найчасьцей сярод замежнікаў Беларусь наведваюць грамадзяне Расеі. Летась больш як 570 тыс. грамадзян гэтай краіны наведалі заходняга суседа.
Лічбы турыстаў з іншых краінаў шматкроць ніжэйшыя за лічбу расейцаў. На другім месцы Латвія, зь якой у Беларусь прыехала 2228 турыстаў, а на трэцім — Турэччына з 1657 вандроўнікамі.
Таксама ў пяцёрцы апынуліся Кітай і Эстонія, але колькасьць турыстаў адтуль не дасягнула тысячы — 884 і 566 чалавек адпаведна.
Што гэта значыць?
Пасьля ўвядзеньня заходнімі краінамі санкцый супраць Рэспублікі Беларусь істотна ўскладніліся працэдуры і асобныя правілы атрыманьня шэнгенскіх і нацыянальных візаў для грамадзян краіны. Пры існаваньні больш лёгкай, то бок бязьвізавай альтэрнатывы ў выглядзе Расеі, Турэччыны і Эгіпту выглядае лягічным, што беларусы едуць найперш туды.
Сярод расейцаў, якія прыяжджаюць у Беларусь, пэўная частка — наведнікі беларускіх санаторыяў.
Беручы пад увагу высокую лічбу палітычных зьняволеных і рэпрэсіі супраць іншадумцаў, а таксама недружалюбную палітыку адносна заходніх дзяржаў, некаторыя краіны неаднаразова папярэджвалі сваіх грамадзянаў пра рызыкі, зьвязаныя з наведваньнем Беларусі.
Пры гэтым сёлета ўрад Беларусі заклаў на 2027 год падвышэньне даходаў дзяржавы ад галіны турызму і ІТ. Лічба прыросту налета, паводле гэтага фінансавага пляну, павінна скласьці 4%.
Форум