18 верасьня, наведваючы фэрмэрскую гаспадарку «Дзіяна» ў Шклоўскім раёне, Лукашэнка прапанаваў павялічыць пасяўныя плошчы пад бульбу. Ягоныя словы цытуе БелТА.
«Ураду пастаўлена задача знайсьці рынкі збыту за зіму. І мы тут павінны вызначыцца, дзе будзем вырошчваць бульбу. Мы павінны больш вырошчваць бульбы ў Беларусі», — сказаў ён.
Старшыня прэзыдыюму Акадэміі навук Уладзімер Каранік на гэта адказаў, што «ня варта павялічваць агульныя плошчы пад бульбу ўва ўсіх гаспадарках», а варта сканцэнтравацца на гаспадарках, якія спэцыялізуюцца на бульбе.
Глядзім, як цяпер вырошчваюць бульбу ў Беларусі і як гэта было раней.
За 32 гады ў 5 разоў менш
3,047 мільёна тонаў — такі ўраджай бульбы сабралі летась у Беларусі. Гэта ў 2,7 раза менш, чым зьбіралі ў 1994 годзе, да прыходу Лукашэнкі да ўлады. Скараціліся і плошчы пад бульбу: да 139,9 тысячы гектараў летась, а ў 1994 годзе было 697 тысяч гектараў.
Пры гэтым у сельскагаспадарчых арганізацыях за 32 гады ўраджай бульбы скараціўся з 1,2 мільёна тонаў да 379,9 тысячы — утрая. Людзі на сваіх падворках за 32 гады таксама сталі зьбіраць утрая менш бульбы: было 7 мільёнаў тонаў, а стала 2,2 мільёна.
А вось фэрмэрскія гаспадаркі, наадварот, за гэты час нарасьцілі ўраджай бульбы амаль у 13 разоў — да 452,3 тысячы тонаў.
Калі ж глядзець у адсотках, то найбольш бульбы ў агульным ураджаі беларусы зараз вырошчваюць на сваіх падворках. Ураджай бульбы 2025 году сабралі:
- Людзі на падворках: 72,6%
- Сельскагаспадарчыя арганізацыі: 12,4%
- Фэрмэрскія гаспадаркі: 14,8%
А вось ураджайнасьць бульбы за апошнія гады ў Беларусі амаль не зьмянілася. У 2015 годзе з аднаго гектару зьбіралі 220 цэнтнэраў, а летась — 219. У сельскагаспадарчых арганізацыях і фэрмэрскіх гаспадарках гэты паказьнік вышэйшы. Але ў суседняй Польшчы ўраджайнасьць большая — 318 цэнтнэраў з гектару.
Беларусь у рэйтынгах вытворчасьці і экспарту бульбы
Згодна з рэйтынгам potatopro.com за 2024 год, Беларусь з ураджаем бульбы у 3,1 мільёна тонаў знаходзілася на 23-м месцы. Раней была вышэй. Напрыклад, у 2015 годзе Беларусь займала ў ім 14 месца, то бок уваходзіла ў топ-20.
У экспарце бульбы Беларусь з аб’ёмам 300,8 тысяч тонаў тады займала 11-е месца сярод усясьветных лідэраў. У 2024 годзе ў рэйтынгу экспартэраў бульбы Беларусь апусьцілася на 24-е месца.
Паводле апошняй дасяжнай афіцыйнай беларускай статыстыкі ў 2021 годзе Беларусь прадала за мяжу 242,7 тысячы тонаў бульбы. Асноўную частку — 232,2 тысячы тонаў — у Расею.
Людзі вырошчваюць менш бульбы, а фэрмэрам яе расьціць нявыгадна
Асноўныя вытворцы бульбы ў Беларусі — гэта ня фэрмэры і не калгасы з саўгасамі, а самі людзі, кажа старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна.
«Асноўную частку бульбы вырабляе насельніцтва на прысядзібных дзялянках. Апошнімі гадамі людзі займаюцца гэтым менш. Адсюль і спад. Лукашэнка хоча прастымуляваць калгасы і саўгасы, каб хаця б часткова кампэнсаваць гэтыя аб’ёмы», — заўважае суразмоўца.
І дадае, што на зьніжэньне зацікаўленасьці людзей вырошчваньнем бульбы ўплывае некалькі фактараў: скарачэньне насельніцтва ў вёсках і пераезд у гарады, кепская дэмаграфічная сытуацыя, а таксама рост даходаў, калі людзі могуць дазволіць сабе даражэйшыя прадукты, а самі вырошчваць менш прадукцыі на сваёй дзялянцы.
А фэрмэрам вырошчваць бульбу не так выгадна, бо ў Беларусі дзяржава жорстка рэгулюе цэны на прадукты: вызначае гранічныя закупныя цэны на плодаагароднінную прадукцыю. То бок вытворцы ня могуць прадаваць гэтую прадукцыю даражэй.
«Няма сэнсу»
Эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі ў размове з Свабодай кажа, што ў вырошчваньні большай колькасьці бульбы проста няма сэнсу: яе хапае.
«Няма нічога дрэннага ў тым, каб вырошчваць бульбу, але калі Лукашэнка кажа, што яе трэба вырошчваць больш, узьнікае пытаньне: а навошта? Ні ў Беларусі, ні ў Расеі, куды Беларусь экспартуе бульбу, няма яе дэфіцыту. Узьнікае сэзонны дэфіцыт увесну — з натуральных прычын. Даводзіцца крыху бульбы закупляць у Эгіпце, але нязначныя аб’ёмы. Можна вырошчваць больш, але куды яе дзяваць?», — кажа суразмоўца.
Таксама ён зьвяртае ўвагу, што вырошчваньне бульбы ў Беларусі мае розны эканамічны эфэкт у залежнасьці ад таго, якія гаспадаркі яе вырошчваюць.
«Для большасьці дзяржаўных гаспадарак вырошчваньне бульбы нерэнтабэльнае. У добрыя гады можа быць рэнтабэльнасьць 5%. А ў дрэнныя — каля нуля ці адмоўная. Ёсьць перадавыя гаспадаркі, часьцей фэрмэрскія, дзе рэнтабэльнасьць высокая — да 20% і вышэйшая ў добрыя гады. Ува ўсіх гаспадарках вырошчваньне бульбы не можа быць высокарэнтабэльным. Трэба ўкласьці занадта шмат у гэта. Калі ў адным месцы ўдалося забясьпечыць высокую рэнтабэльнасьць, гэта ня значыць, што так можна зрабіць паўсюль», — зьвяртае ўвагу Махоўскі.
Таксама ён дадае, што зьмяніліся харчовыя звычкі ў людзей, яны сталі спажываць менш бульбы, а таксама менш вырошчваць яе на падворках.
Форум