У гутарцы з Свабодай Лявон Баршчэўскі расказвае, што ня так зь фільмам Нолана і ці вернуцца беларусы дадому раней за Адысэя.
Выдавецтва «Полацкія лябірынты» анансавала выхад «Адысэі» па-беларуску і нават паказала фота сыгнальнага асобніка яшчэ тры тыдні таму, але перакладнік Лявон Баршчэўскі не пагаджаўся на інтэрвію, пакуль выданьне ня трапіць у кнігарні. Тлумачыў гэта «забабонам»: наклад папярэдняй перакладзенай ім кнігі «Апярэдзіць Госпада Бога» Ганны Краль пра варшаўскае гета амаль цалкам згарэў у друкарні перад самай прэзэнтацыяй.
«Нейкім цудам за сьценкай аказаўся цэлы пачак з нашымі кнігамі — гэта штосьці фантастычнае! Кніжка пахла вагнём — сымбалічна, бо кніга пра гета… Таму я дачакаўся, калі выйдзе наклад „Адысэі“ і трапіць у кнігарні», — тлумачыць паліглёт, літаратар і перакладнік Лявон Баршчэўскі.
Пагаварылі зь ім пра «цяжкасьці перакладу», стаўленьне да шматлікіх экранізацыяў «Адысэі» і пра тое, калі выгнаныя з сваёй радзімы беларусы вернуцца дадому.
«Гэта ж наша сага — вяртаньне Адысэя на Ітаку»
— Чаму менавіта зараз Вы ўзяліся за пераклад «Адысэі»?
— «Адысэя» — твор, які набыў больш актуальнасьці ня толькі таму, што выйшаў нашумелы фільм Крыстафэра Нолана (да якога я, дарэчы, скептычна паставіўся). Але гэта ж наша сага — вяртаньне на Ітаку, якое доўжылася ў Адысэя 10 гадоў пасьля Траянскай вайны. Гэта лёс беларусаў, гэта перажываньні, у пэўным моманце сугучныя нашым людзям, якія ня могуць да гэтай Ітакі дабрацца.
Па-другое, пасьля добрых водгукаў пра пераклад «Іліяды» я вырашыў, што трэба паспрабаваць перакласьці і «Адысэю».
Я зрабіў два варыянты «Адысэі»: празаічны пераклад (яшчэ не надрукаваны) і другі — вершаваны. Першы для чытача менш абазнанага, больш папулярны — дый прозу ўвогуле лягчэй чытаць звычайнаму чалавеку. А другі, які выйшаў днямі ў «Полацкіх лябірынтах», выдадзены гекзамэтрам.
(Гекзамэтар — галоўны паэтычны памер антычнага гераічнага эпасу, ім напісаныя знакамітыя паэмы Гамэра «Іліяда» і «Адысэя», а таксама «Энэіда» Вэргілія. Радок дзеліцца на дзьве паловы паўзай (цэзурай), што стварае напеўны і мерны рытм, як у павольнага аповеду. — РС).
Можна сказаць, што гэта навуковы пераклад — з камэнтарамі розных аўтараў, зь неабходным пасьляслоўем, сьпісам літаратуры, якой у сьвеце вельмі шмат, даступнай онлайн.
«Першы раз па-нямецку, потым па-польску»
— Колькі разоў Вы самі перачыталі «Адысэю» і на якіх мовах?
— Яшчэ школьнікам я чытаў асобныя фрагмэнты кнігі. Напэўна, першы раз цалкам я чытаў «Адысэю» па-нямецку — у мяне кніга была ў перакладзе Дытрыха Эбэнэра (Dietrich Ebener). Потым пазнаёміўся з польскімі перакладамі. І ня толькі з тым, што вывучаюць у школе — Люцыяна Сяменьскага (дарэчы, гэта рыфмаваны пераклад, які па-ранейшаму лічыцца адным з найлепшых). Чытаў пераклад Ежы Вітліна, першая вэрсія якога зроблена ў 1930-я гады, а другая ў 1950-я. Самы галоўны пераклад, што мне вельмі дапамог, — Яна Парандоўскага, які быў выдатным знаўцам антычнай культуры, аўтарам кніжак пра міталёгію. Ён зрабіў празаічны пераклад, які першы раз выйшаў у 1953 годзе. Чытаў я фрагмэнты іншых перакладаў: навагрэцкіх, швэдзкага, баўгарскага, францускага празаічнага перакладу вядомага паэта Леконта дэ Ліля. Асабліва ўважліва — тыя фрагмэнты, якія былі больш складанымі і давалі больш разуменьня арыгіналу, калі ў мяне ўзьнікалі сумневы ў інтэрпрэтацыі пэўных момантаў.
— То бок расейскіх перакладаў Васіля Жукоўскага, Вікенція Верасаева ў вашым доўгім сьпісе не было?
— У мяне спампаваны пераклад Верасаева, але я ім практычна не карыстаўся: папраўдзе кажучы, ён крыху састарэлы. Дарэчы, сёлета зьявіўся яшчэ адзін добры пераклад у Польшчы, які зрабіла Анна Мацяеўская. Але я ім не карыстаўся, бо чытаў пасьля таго, як свой зрабіў.
— Вы зрабілі адзін празаічны пераклад на лягчэйшую, даступную мову, а другі — гекзамэтрам. Ці ня цяжка сучаснаму чытачу будзе чытаць гэтыя гекзамэтры па-беларуску? Там шмат эпітэтаў, паўтораў. Як вы пераадольвалі гэтыя складанасьці, цяжкасьці, тонкасьці перакладу?
— Гэта ацэньваць чытачу. Я вельмі ўдзячны Ўладзімеру Арлову, зь якім мы прайшлі ўвесь пераклад, ён фактычна быў галоўным рэдактарам перакладу і ставіў пытаньні.
Грэцкая мова адрозьніваецца ад шэрагу сучасных эўрапейскіх моваў (у тым ліку і ад беларускай, расейскай) — там ёсьць доўгія і кароткія склады. Даўжыня радку вагаецца ад 13 да 17 складоў. Будзем умоўна гаварыць, што доўгі склад — гэта як два кароткія. Калі ўлічваць прасодыку — працягласьць доўгіх і кароткіх складоў — то, у прынцыпе, усё павінна быць 17-складовікам. І я пастараўся зрабіць свой пераклад (у адрозьненьне ад перакладаў Жукоўскага, Верасаева, іншых) 17-складовым. Мы гэта правяралі і з двума карэктарамі, і з рэдактарам. Магчыма, сярод такой вялікай колькасьці радкоў — 12 100 — дзе і праскочыць адзін раз 16 складоў. Але стараўся ўсё рабіць па 17.
— Мне здаецца, што амаль ўсе ведаюць прынамсі пачатак і «Іліяды», і «Адысэі». Прабачце за цытаваньне расейскага варыянту: «Муза, скажи мне о том многоопытном муже, который, странствуя долго со дня, как святой Илион им разрушен, многих людей посетил, города и обычаи видел…» Дык вось грэцкае πολύτροπος перакладалі па-рознаму: «многоопытный», «хитроумный», «многостранствующий»… А як Вы пераклалі гэтае шматзначнае слова на беларускую?
— «Муза, пачні свой аповед пра дзеі адважнага мужа, што пасьля Троі зьнішчэньня дарогай прайшоў пакручастай, бачыў ён шмат гарадоў, і людзей самых розных і звычак, безьліч нягодаў пазнаў падчас цяжкіх вандровак па моры, каб і сябе ўратаваць, і сябрам даць вярнуцца дадому…» Вось так першыя пяць радкоў гучаць у перакладзе на беларускую.
Па-грэцку павінна быць 17 складоў, пасьля сёмага ці восьмага пасярэдзіне — паўза. Бо гэта ж для сьпеваў пісалася, дакладней, для рэпу, рэчытатыву, і сьпявак павінен узяць паветра — ён ня мог увесь радок выцягнуць якасна, ня ўзяўшы паветра. Таму заўсёды ў сярэдзіне павінна быць цэзура — паўза.
— А колькі часу Вы працавалі над перакладам «Адысэі»?
— Празаічны пераклад я пачаў 1 сьнежня 2025 году і скончыў 8 сакавіка 2026 году. Праз два тыдні я пачаў паэтычны пераклад, і з 15 сакавіка да 31 ліпеня я яго выканаў. Ня думаю, што хтосьці ў сьвеце хутчэй зрабіў гэты пераклад (сьмяецца). Бо той жа Васіль Жукоўскі, па-першае, ня ведаў грэцкай мовы і перакладаў зь нямецкай, а па-другое, ён ня меў той літаратуры і дапаможнікаў, якія ёсьць сёньня і даступныя онлайн. Існуюць шматтомныя камэнтаваныя выданьні, дзе практычна кожнае слова растлумачана — як яго трэба разумець у гэтым кантэксьце. Ёсьць і разыходжаньні — у такіх выпадках я зьвяртаўся да перакладаў на іншыя мовы. Цяпер гэта можна рабіць хутчэй, калі кампутар пад рукой, ня трэба да машыністак насіць пераклад.
Васіль Жукоўскі перакладаў «Адысэю», здаецца, гадоў 8–9. Ведаю, што Мікалай Гнедзіч над «Іліядай» працаваў 29 гадоў — уявіце сабе! Я зрабіў пераклад «Адысэі» за 128 дзён — розьніца адчуваецца.
— І ўсё ж і ў «Іліядзе», і ў «Адысэі» для сучаснага чытача ёсьць шмат архаізмаў, незразумелых словаў і паняцьцяў. Як Вы разьвязвалі гэтую праблему, як тлумачылі?
— Я стараўся рабіць тлумачэньні падрадковыя, а не ў канцы (бо імі нязручна карыстацца: лезьці ў канец кнігі, шукаць, які разьдзел, які радок). Выкарыстоўваў самыя аўтарытэтныя крыніцы. Некаторыя тлумачэньні сам напісаў, з сваіх ведаў, бо праца з грэцкімі тэкстамі пачалася ў мяне з 1990-х гадоў: я перакладаў камэдыі і трагедыі Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, Арыстафана, Мэнандра. Вывучаў я і працы першых беларускіх перакладнікаў «Іліяды» — Браніслава Тарашкевіча і «Адысэі» — Юльяна Дрэйзіна: якія яны эпітэты выкарыстоўвалі. Некаторыя я пераняў, некаторыя па-свойму зрабіў… Няхай чытач ацэніць: атрымалася, не атрымалася…
«Я б не сказаў, што ў Нолана Адысэй горшы — ён проста не такі, якім павінен быць»
— Ці зьмянілася Ваша асабістае стаўленьне да супярэчлівай фігуры Адысэя пасьля 128 дзён такой абложнай працы? Ці сталі Вы яму больш спачуваць ці, наадварот, больш крытычна ставіцца? Можа, расчараваліся?
— Нечаканае пытаньне… Я нават і не скажу адразу. Я яго ўяўляў такім, якім ён у мяне атрымаўся. А вось у фільме Нолана яго зрабілі не такім. На жаль.
— Прабачце, але я скептычна стаўлюся да таго, што моладзь будзе масава чытаць «Адысэю». Вось схадзілі яны на новы фільм Нолана, уяўленьне склалася, хто такі Адысэй. Вы кажаце, што ў фільме ён горшы…
— Мы глядзелі фільм разам з прафэсарам Алесем Смаленчуком у дзень усясьветнай прэм’еры ў кінатэатры ў Кракаве. Я б не сказаў, што ў фільме Нолана Адысэй горшы — ён проста не такі, якім павінен быць, на мой погляд. Рэжысэр яму прыпісаў якасьці і пазытыўныя, і адмоўныя — ну ня тыя, якія былі ў Адысэя ў маім ўяўленьні і ва ўяўленьні большасьці.
Калі ўжо глядзець фільмы, то экранізацыя Андрэя Канчалоўскага, зробленая, праўда, не ў Расеі, а на Захадзе, мне бліжэйшая па разуменьні, у сутнасьці. У Нолана Адысэй гаворыць, што прыйдзе нейкі народ, «люд з мора». Але сам Адысэй быў з мора — ён з Ітакі, яго называлі «чалавекам з мора».
Я ня буду гаварыць пра падбор актораў, якія саступаюць таму ж фільму Канчалоўскага ці фільму Ўмбэрта Пазаліні 2024 году «Вяртаньне» (дзе толькі фінальная частка «Адысэі», калі герой вяртаецца на Ітаку). Але Мэт Дэйман — гэта ня той актор, які павінен граць Адысэя, на маю думку. У Канчалоўскага ў фільме The Odyssey 1997 году галоўную ролю бліскуча выканаў Арманд Асантэ — вось такім я ўяўляў Адысэя. У фільме Ўмбэрта Пазаліні куды больш пераканаўча Адысэя грае Рэйф Файнз — у маім уяўленьні…
Паляка Высьпяньскага перакладаць цяжэй за эпас народу мая-кічэ
— Спадар Лявон, пачыналі вы зь перакладу паэзіі Бэртальда Брэхта. Потым былі дзясяткі выбітных усясьветных знакамітасьцяў, уключна з Кафкам… Хто быў для вас самым складаным? Гамэр з гекзамэтрам ці хто іншы?
— Станіслаў Высьпяньскі, ягонае «Вясельле» — гэта, бадай, самы складаны твор быў для перакладу, пагатоў расейскі пераклад быў вельмі кепскі, перакладаў чалавек, які ня ведаў польскай мовы. Але, галоўнае, ён ня ведаў польскай праблемы — змаганьня за незалежнасьць, ён абсалютна не разумеў Высьпяньскага. Гэты пераклад мне даўся вельмі цяжка, дый значна даўжэй я перакладаў, хоць кніга Высьпяньскага меншая аб’ёмам за «Іліяду» або «Адысэю». Але я вельмі шмат часу аддаў.
Складана было перакладаць лацінаамэрыканскі эпас народу мая-кічэ «Попаль-Вух» (Кніга Супольнасьці і Роду). Бо гэта зусім іншая культура, іншая парода людзей. Мне вельмі дапамог разабрацца амэрыканскі прафэсар Ален Крыстэнсан, які напісаў прадмову. Спачатку я чытаў ягоныя публікацыі, а потым знайшоў кантакт. Было вельмі цяжка, бо мову кічэ я, натуральна, ня ведаў — рабіў з ангельскага і гішпанскага перакладаў. Але таксама даволі складана было.
Мары пра гішпанскія «блазанскія раманы»
— Зараз беларускія выдаўцы, што апынуліся ў выгнаньні, паставілі задачу выдаць па-беларуску як мага больш усясьветнай клясыкі. Андрэй Янушкевіч, які выдае Борхэса, Стывэна Кінга, Кормака Макарці, Рэя Брэдбэры, Джоан Роўлінг, Джона Толкіна, прызнаўся, што ў ягоных плянах «Дон Кіхот» Сэрвантэса менавіта з гішпанскай мовы. На Вашу думку, што вельмі важна перакласьці з клясыкі на беларускую ў першую чаргу?
— «Дон Кіхот» належыць да такіх твораў, гэта бясспрэчна. Раней рабілі спробы перакладаў з расейскай мовы. На жаль, не дажыў Якуб Лапатка — ён рабіў скарочаны, хутчэй для школьнікаў, пераклад з мовы арыгіналу, які дагэтуль не апублікаваны. Але харошы пераклад.
Трэба перакласьці гішпанскія «блазанскія», альбо «пікарэскавыя», раманы (novela picaresca) — іх зусім няма па-беларуску (а гэта барочная культура, нам блізкая). Ну і «Страчаны рай» Джона Мілтана — гэта ўжо клясыка. Добра было б, каб хтосьці пераклаў «Боскую камэдыю», бо пры ўсёй маёй павазе да Ўладзімера Скарынкіна ня буду гаварыць, што гэта шэдэўральны пераклад.
Ну, а ХХ стагодзьдзе — там ужо такі сьпіс, што часу ня хопіць пералічыць. Але зрухі пэўныя ёсьць. Я вельмі ўсьцешаны, што Сяргей Шупа пераклаў чатырохтомную сагу Крысьціны Сабаляўскайце Silva rerum. Гэта падзея ў нашым культурным жыцьці, сучасная клясыка. На Захадзе гэты твор яшчэ добра ня ведаюць, але ў нашым рэгіёне ён заслужыў высокія ацэнкі.
Вельмі ўсьцешаны таксама, што Хорхэ Люіс Борхэс выйшаў у двух тамах (зноў-такі ў перакладзе Сяргея Шупы). Гэта бясспрэчная інтэлектуальная клясыка.
— А ў Вашых плянах што? Над чым працуеце?
— Працую над перакладам «Анталёгіі сучаснай нідэрляндзкай паэзіі». Гэта паэты, якія толькі ў ХХІ стагодзьдзі выдалі свае першыя кніжкі. Не скажу, што ўсе аўтары мне спадабаліся, але ёсьць і цікавыя. А мы зусім мала ведаем галяндзкую літаратуру. Я, праўда, адну кніжку перакладаў — іхнага клясыка ХХ стагодзьдзя Герыта Ахтэрбэрга. Гэта будзе другі досьвед.
«Я ўжо ня ў тым узросьце, калі магу чакаць 40 ці 50 гадоў»
— Вернемся да Беларусі. Адысэй цягам доўгіх 10 гадоў вяртаўся на Ітаку па морах-акіянах. Колькі беларусам засталося чакаць, калі яны вернуцца?
— Я спадзяюся, што менш, чым Адысэю давялося, я веру ў гэта. Вядома, гэта абсурд, што найлепшыя літаратары, мастакі, рэжысэры мусяць выяжджаць зь Беларусі. Але я аптыміст. А што застаецца? Я ўжо ня ў тым узросьце, калі магу чакаць 40 ці 50 гадоў. Трэба верыць у лепшы час.
— Што беларус мае захаваць у памяці, прачытаўшы «Адысэю», перагарнуўшы апошнюю старонку? Якія вашыя спадзевы? Усё ж вы пераклалі яе для беларусаў, ды яшчэ ў такі складаны час.
— Вось менавіта пераадолець такі складаны час. Трэба верыць, што Ітака наша вернецца, што мы туды вернемся. Гэта самае галоўнае, што мяне натхняла: як пераадольваць перашкоды, калі здаецца, што ўсё безнадзейна. Аказваецца, не безнадзейна — Адысэй, праўда, выжыў фактычна адзін з усіх сваіх паплечнікаў, якія зь ім разам выпраўляліся дамоў на Ітаку. Але галоўны герой выжыў і здолеў вярнуцца.
Форум