Мэр Масквы Сяргей Сабянін назваў атаку наймацнейшай за ўвесь час вайны. Паводле яго, на падступах да Масквы і над горадам былі зьбітыя больш за 400 дронаў, а на розных рубяжах — каля 1600. Расейскае Мінабароны заявіла пра больш як 1100 зьбітых бесьпілётнікаў.
Сабянін пацьвердзіў, што некалькі дронаў трапілі ў НПЗ. У Маскве і вобласьці таксама пашкоджаныя жылыя дамы і іншыя аб’екты. Губэрнатар Маскоўскай вобласьці Андрэй Вараб’ёў паведаміў пра двух загінулых і 20 пацярпелых.
Паводле OSINT-аналізу ASTRA, атакаваныя таксама складзкі комплекс у Раменскім раёне і ЦЭЦ-22 у Дзяржынскім. Расейскія ўлады ўдару па ЦЭЦ не пацьвярджалі.
Паводле РБК, у маскоўскіх аэрапортах затрымалі або адмянілі больш за 400 рэйсаў.
Уладзімір Зяленскі заявіў, што акрамя дронаў Украіна ўпершыню выкарыстала балістычную ракету ўкраінскай вытворчасьці «Пелікан», а таксама крылатыя ракеты «Флямінга». Генштаб УСУ ўдары пакуль не камэнтаваў.
Сёньня ў Расеі апошні дзень выбараў у Дзярждуму. Сабянін заявіў, што атака была спробай сарваць выбары, але гэтага не адбылося.
Форум