Расея і Ўкраіна ў Беларусі абмяняліся целамі загінулых вайскоўцаў

Аўтамабіль, на якіх зь Беларусі транспартуюць целы загінулых. Ілюстрацыйнае фота
Аўтамабіль, на якіх зь Беларусі транспартуюць целы загінулых. Ілюстрацыйнае фота

У Каардынацыйным штабе Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі паведамілі, аб перадачы Расеяй целаў 252 загінулых, якія нібыта належаць украінскім вайскоўцам.

«Сьледчыя праваахоўных органаў супольна з экспэртнымі ўстановамі МУС правядуць усе неабходныя экспэртызы і правядуць ідэнтыфікацыю рэпатрыяваных цел», — адзначылі ў штабе.

Згодна з інфармацыяй расейскага боку, Украіна вярнула Расеі целы 23 загінулых расейцаў.

Абмен адбыўся пры пасярэдніцтве Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа.

Чаму гэта важна

Прапорцыя колькасьці целаў вайскоўцаў Украіны і Расеі не адпавядае суадносінам рэальных стратаў бакоў на вайне. Паводле экспэртаў, большыя страты нясе той бок, які наступае, а эвакуаваць з поля бою целы загінулых складаней войску, што адступае.

Раней украінскі бок паведамляў, што падчас такіх абменаў Расея перадае Ўкраіне і «целы расейскіх вайскоўцаў — зьмешаныя зь целамі ўкраінцаў». Украінцы апублікавалі шэраг доказаў гэтаму, у тым ліку вайсковыя дакумэнты загінулых расейцаў. У Расеі дагэтуль такія выпадкі не камэнтавалі. Колькасьць зьніклых бязь вестак і загінулых на вайне расейскіх вайскоўцаў афіцыйна невядомая.

Вядома сама меней пра двух загінулых беларусаў, целы якіх ня могуць эвакуаваць зь месца іх гібелі больш за тры гады.


​
XS
SM
MD
LG