У катэгорыі «Дакумэнтальны фільм пра ўнутраныя падзеі» (Domestic Affairs Documentary) стужка Кушніра будзе спаборнічаць з шасьцю іншымі працамі, у тым ліку ад BBC Breakfast, BBC Northern Ireland і Green Bean Media.
Як паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода, пераможцаў абвесьцяць на ўрачыстай цырымоніі AIB у Лёндане 20 лістапада 2026 году.
Пра што стужка
«Вярніце мне маё імя» — гэта дакумэнтальны фільм «Радыё Свабода», прысьвечаны пошуку, ідэнтыфікацыі і рэпатрыяцыі целаў украінскіх вайскоўцаў, якія раней лічыліся зьніклымі без вестак.
У ім распавядаюць аб рэпатрыяцыі целаў украінскіх вайскоўцаў, якія лічыліся зьніклымі без вестак. Стужка выйшла ў лютым 2026 году; яе аўтар — ваенны карэспандэнт Марʼян Кушнір.
Дакумэнтальны фільм пачынаецца на полі бою і завяршаецца пасьля таго, як целы загінулых вайскоўцаў былі знойдзеныя, апазнаныя і вернутыя семʼям. Карціна раскрывае сутнасьць статусу «зьніклы без вестак» праз асабістыя гісторыі людзей, якія пакутуюць ад нявызначанасьці, — у тым ліку праз гісторыю жанчыны, якая на працягу аднаго года стала жонкай, маці і ўдавой.
Што папярэднічала
У 2025 годзе фільм-расьсьледаваньне «Буча: Яблунская», створаны Ўкраінскай службай «Радыё Свабода», атрымаў узнагароду Асацыяцыі міжнародных моўнікаў (AIB) у катэгорыі «Найлепшае расьсьледаваньне». Узнагароду прыняў аўтар фільма, журналіст «Радыё Свабода» Дзьмітро Джулай.
Association for International Broadcasters — гэта арганізацыя, якая абʼядноўвае вяшчальнікаў, што ствараюць мясцовы, нацыянальны, міжнародны і глябальны мэдыякантэнт. Сярод яе сябраў — BBC, ABC, France Médias Monde, RFE/RL, USAGM і іншыя.
Чаму гэта важна
Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
Цяпер на тэрыторыі Беларусі адбываюцца абмены палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, а таксама — рэпатрыяцыя целаў загінулых вайскоўцаў.
Сярод зьніклых бязь вестак ёсьць два беларускія добраахвотнікі — Васіль Парфянкоў і Васіль Грудовік, якія, як паведамлялі, загінулі 26 чэрвеня 2022 году ў баях пад Лісічанскам. Яшчэ два беларусы — Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў, як мяркуюць, знаходзяцца ў расейскім палоне.
Форум