BySol 16 верасьня абвясьціў экстранны збор сродкаў на дапамогу вызваленым у межах дамоўленасьцяў з ЗША палітычных зьняволеных. Плянавалі сабраць сама меней 25 тысяч эўра. Але меней чым за дзень збору сабралі нашмат больш — 32600. Збор будзе актыўны да 16 кастрычніка.
«Гэтыя сродкі спатрэбяцца на арэнду жыльля, мэдычную дапамогу, аднаўленьнея дакумэнтаў, побытавыя расходы. Апроч матэрыяльнай падтрымкі, гэта важны жэст салідарнасьці і людзкога ўдзелу», — адзначаецца ў паведамленьні арганізацыі.
Каб атрымаць дапамогу, вызваленыя маюць зьвярнуцца ў BySol. Сродкі, што ня будуць выкарыстаныя да 16 сакавіка 2027 году, парытэтна разьмяркуюць паміж усімі тымі, хто зьвернецца па дапамогу.
Што папярэднічала
Аляксандар Лукашэнка 15 верасьня сустрэўся з прадстаўнікамі каманды прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа на чале са спэцпасланьнікам ЗША па Беларусі Джонам Коўлам. Разам з Коўлам на перамовы прыбыў прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту Крыстафэр Паніка.
Удзел у перамовах зь беларускага боку таксама ўзяў прэмʼер-міністар Аляксандар Турчын, старшыня КДБ Іван Тэртэль і пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў.
16 верасьня стала вядома, што ў выніку двухдзённых перамоў спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША для Беларусі Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам вызвалілі 25 зьняволеных.
Колькі палітвязьняў вызвалілі пры ўдзеле ЗША
У жнівеньскім інтэрвію «Голасу Амэрыкі» Джон Коўл паведаміў, што ў сярэдзіне верасьня зьбіраецца ў Беларусь, каб дамагчыся новага вызваленьня палітзьняволеных.
«Мы дамагліся вызваленьня пяцісот чалавек, потым былі памілаваныя яшчэ каля дзьвюхсот. Так што рэальная лічба складае прыкладна 700–800 чалавек. Спадзяюся неўзабаве давесьці яе да тысячы», — сказаў пасланьнік.
Пазьней у адказ на крытычную рэпліку ў сацыяльнай сетцы Х — «Пакуль вы вызваляеце 100 чалавек, саджаюць новых 200» — Джон Коўл напісаў, што ўдалося вызваліць больш за 700 чалавек.
Дакладна вядома пра 671 вызваленага за два гады, але ня ўсе зь іх палітвязьні.