Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яна любіла жыцьцё». Раптоўна памерла ўкраінская праваабаронца, якая дапамагала беларусам

Саша Дэлеменчук
Саша Дэлеменчук

14 верасьня ў шпіталі памерла ўкраінская праваабаронца Аляксандра Дэлеменчук. У апошнія гады яна жыла ў Грузіі. Дэлеменчук дапамагала таксама беларусам. Некаторыя зь іх падзяліліся з Свабодай успамінамі пра Аляксандру.

Пра сьмерць Аляксандры Дэлеменчук паведаміла каманда шэлтара ў Тібілісі Tbilisi Shelter City. Дэлеменчук стварыла гэтую ініцыятыву ў 2016 годзе, яна ж кіравала шэлтарам. Ёй было 43 гады.

«Саша стварыла дом»

«Ёсьць людзі, якія ствараюць арганізацыі. І ёсьць тыя, хто стварае дом. Саша стварыла дом для дзясяткаў актывістаў, журналістаў і праваабаронцаў, якія ў нейкі момант засталіся без апоры, без бясьпекі, бяз сілаў працягваць. Яна знаходзіла іх у самую цёмную гадзіну і рабіла тое, што здаецца немагчымым: вяртала надзею там, дзе яе амаль не засталося», — напісалі пра Сашу ейныя паплечнікі.

У тбіліскім шэлтары спыняліся таксама беларусы.

«Шэлтар у Тбілісі прымаў беларусаў ня раз. Мяне ў тым ліку. Яна ніколі не адмаўляла беларусам. Я не памятаю ніводнага выпадку, калі Саша ў нечым адмовіла. Яна шмат дапамагала беларусам. Апошні раз мы бачыліся ўлетку 2022 году. Пасьля я ня раз зьвярталася да яе па дапамогу для сваіх калег — усіх яна абагрэла. Гэта вельмі нечаканая і балючая страта», — кажа пра Аляксандру Дэлеменчук беларуская праваабаронца і заснавальніца рэабілітацыйнага цэнтру для ўкраінскіх вайскоўцаў у Кіеве Тацяна Гацура-Яворская.

Тацяна Гацура-Яворская
Тацяна Гацура-Яворская

Былы кіраўнік фонду беларускай салідарнасьці BySol Андрэй Стрыжак адзначыў, што Аляксандра была сузаснавальніцай і актыўнай удзельніцай розных праектаў, у якіх прымалі ўдзел таксама беларусы.

«Фокус яе працы і створанага ёй шэлтара тычыўся розных постсавецкіх рэгіёнаў: Цэнтральная Азія, Каўказ. Але ж і беларускі кірунак і падтрымка беларускай грамадзянскай супольнасьці заўсёды была важнай для Сашы», — камэнтуе Стрыжак.

Працавала зь беларусамі і для беларусаў

Аляксандра Дэлеменчук скончыла ў Кіеве магістратуру па міжнародным праве. З 2005 па 2011 гады яна жыла ў Грузіі і працавала у міжнародных і мясцовых грамадзкіх арганізацыях. У тым ліку дакумэнтавала злачынствы вайны 2008 году ў Грузіі.

Пазьней працавала каардынатаркай міжнародных праграмаў у «Цэнтры грамадзянскіх свабод» у Кіеве. Гэты Цэнтар стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру разам з Алесем Бяляцкім, старшынём беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна», і расейскай арганізацыяй «Мэмарыял» у 2022 годзе.

Дэлеменчук была сузаснавальніцай ініцыятывы «Эўрамайдан SOS», якая ўзьнікла ў лістападзе 2013 году ва Ўкраіне, каб аказваць бясплатную юрыдычную дапамогу пацярпелым падчас разгону Майдана.

Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак

«Нашае знаёмства пачалося ў 2014 годзе, калі „Цэнтар грамадзянскіх свабод“ быў актыўнай часткай Эўрамайдану. Я кароткі час быў валянтэрам гарачай лініі „Эўрамайдан SOS“. Пазьней мы перасякаліся на розных пляцоўках і ў розных кампаніях і маніторынгах, у тым ліку гаворка пра падтрымку працы ў зоне ваеннага канфлікту. Саша актыўна ўдзельнічала ў падтрымцы беларускай праваабарончай супольнасьці пасьля пратэстаў 2020 году», — успамінае супрацу з Аляксандрай Андрэй Стрыжак.

Дэлеменчук працавала таксама ў Беларусі, Армэніі, Азербайджане, Малдове, Казахстане, Нэпале. У 2011 годзе Аляксандра была прадстаўніцай Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй у Беларусі. У тым жа годзе яна ўдзельнічала ў Міжнароднай назіральнай місіі, якая аналізавала сытуацыю з правамі журналістаў у Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.

«Варта асобна адзначыць, што падчас падзей на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня прадстаўнікі ўлады ў выглядзе міліцыі і АМАПу прымянялі сілу без разбору і супраць простых грамадзянаў, і супраць журналістаў, якія выконвалі свае прафэсійныя абавязкі», — адзначала тады Дэлеменчук.

Сустрэча ўкраінскіх актывістаў з Гілары Клінтан. Аляксандра Дэлеменчук першая зьлева ад Гілары Клінтан, 2012 год. Архіўнае фота
Сустрэча ўкраінскіх актывістаў з Гілары Клінтан. Аляксандра Дэлеменчук першая зьлева ад Гілары Клінтан, 2012 год. Архіўнае фота

Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне Аляксандра разам з 78-гадовай маці пераехала ў Грузію. Праз год ейная маці памерла.

«Яна любіла жыцьцё»

Тацяна Гацура-Яворская ўспамінае, што яны пазнаёміліся з Аляксандрай у Менску.

«Я некуды падвозіла Сашу на просьбу іншай сяброўкі з праваабарончай тусоўкі. Саша раскрылася для мяне пазьней як трэнэрка. Гэта роля была ейным каньком», — расказвае суразмоўца.

Тацяна адзначае, што ў Аляксандры быў няпросты характар.

«Яна сама гэта культывавала і падкрэсьлівала, што любіць калі яе называюць „Люцыфэраўна“. З аднаго боку, яна імкнулася стварыць такі жорсткі вобраз, а зь іншага — дапамагала людзям», — кажа праваабаронца.

На думку Андрэя Стрыжака, сьмерць Аляксандры нагадвае, што людзі, якія дапамагаюць іншым, «самі часта безабаронныя перад хваробамі, напружаньнем, стрэсамі, якія яны перажываюць ня толькі за сябе, але і за іншых людзей».

«Яна любіла жыцьцё ў ва ўсіх ягоных праявах, пра што любіла распавядаць смачна і яскрава, у тым ліку і ў вершаванай форме. Казала тое, што думае. Была крытычнай да шальмаваньня іншых людзей. Была жорсткай да тых, хто парушае правы чалавека. Праз ейны характар да яе было складана быць абыякавым. Такія людзі і падабаюцца шмат каму і нажываюць сабе ворагаў», — ахарактарызаваў Аляксандру Андрэй Стрыжак.

«Сашы больш няма з намі, але ўсё, што яна пабудавала, усе людзі, якіх яна выратавала, вярнула да жыцьця і веры ў тое, што дапамога магчымая, гэта тое, што застанецца», — напісалі ў разьвітальным слове калегі Аляксандры па тбіліскім шэлтары.

Апошні допіс у сацыяльных сетках Аляксандра Дэлеменчук пакінула за некалькі дзён да сваёй сьмерці і прысьвяціла яго трагедыі 11 верасьня 2001 году ў ЗША:

«Я стаяла каля гэта мэмарыялу і тады не асэнсоўвала, што 25 гадоў таму і пачалося ўсё тое дзярмо, з наступствамі якога мы дагэтуль ня можам даць рады. Тады вайна здавалася вельмі далёкай, і вельмі тэлевізійнай. Я абсалютна не здагадвалася, як блізка яна падыдзе і задыхае на лоб. І ёсьць адчуваньне, што гэта далёка не канец. Адзінае, што нам застаецца, салодкія, берагчы сябе і сваіх блізкіх, данаціць на Ўзброеныя сілы Ўкраіны і насалоджвацца верасьнёўскім днём».

Разьвітаньне з Аляксандрай Дэлеменчук і пахаваньне пройдзе а 14-й гадзіне 17 верасьня ў Тбілісі па адрасе вуліца Атоці, 2Б.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG