Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памерла Натальля Адамовіч, дачка і захавальніца спадчыны пісьменьніка Алеся Адамовіча

абноўлена
Натальля Адамовіч
Натальля Адамовіч

На 73-м годзе жыцьця памерла Натальля Адамовіч, дачка і захавальніца спадчыны літаратара і грамадзкага дзеяча Алеся Адамовіча. Пра гэта Свабодзе стала вядома ад яе былых калег.

Натальля Адамовіч нарадзілася у 1954 годзе ў сям’і пісьменьніка Алеся Адамовіча і філёлага Веры Адамовіч.

Натальля Адамовіч была філёлягам, захавальніцай спадчыны і дасьледчыцай архіваў свайго бацькі. Яна актыўна займалася выданьнем яго кніг і арганізацыяй выставаў, сустракалася са школьнікамі і студэнтамі.

У 2007 годзе Натальля разам з маці Верай Сямёнаўнай уклала зборнік «...Имя сей звезде Чернобыль» з творамі і публікацыямі бацькі пра чарнобыльскую катастрофу, для адкрыцьця праўды пра якую ён так шмат зрабіў.

Журналіст, былы дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук называе Натальлю Адамовіч «садоўнікам саду памяці вялікай эпохі».

«Кожны чалавек пакідае па сабе сад. Сад Алеся Адамовіча — яго кнігі, фільмы, яго грамадзкая дзейнасьць. Але любы сад прыходзіць у заняпад без садоўніка. Натальля Адамовіч застаецца ў гісторыі перш за ўсё садоўнікам саду памяці той вялікай эпохі, выразьнікам якой быў Алесь Адамовіч, — сказаў Аляксандар Лукашук у праграме «ПіК Свабоды». — У Менску на ўсіх акцыях, дэманстрацыях, на якія я патрапляў як журналіст, заўсёды сустракаў яе ўсьмешлівы твар. Яна была прыкладам для беларускай інтэлігенцыі і для памяці ў прынцыпе, што без такіх людзей наша памяць ня будзе існаваць».

Алесь Адамовіч, дачка Натальля і жонка Вера Сямёнаўна
Алесь Адамовіч, дачка Натальля і жонка Вера Сямёнаўна

«Натальля заўсёды была неад’емнай часткай гісторыі прэміі імя Алеся Адамовіча, заснаванай Беларускім ПЭНам. Яна цікавілася ўсім, што адбывалася вакол прэміі, падтрымлівала яе і ў меру сваіх магчымасьцяў дапамагала. Калі цырымоніі ўручэньня праходзілі ў Беларусі, Натальля прыходзіла на іх і брала ўдзел ва ўшанаваньні ляўрэатаў», — напісаў на сьмерць Натальлі Адамовіч Беларускі ПЭН.

Шмат гадоў Натальля Адамовіч працавала ў Дзяржаўным літаратурна-мэмарыяльным музэі Якуба Коласа.

Яе бацька пісьменьнік і грамадзкі дзяяч Алесь Адамовіч памёр у 1994 годзе, а маці Вера Адамовіч памерла ў 2014 годзе.

аа

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG