Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка не паехаў на саміт БРІКС?

Кіраўнік Казахстану Касым-Жамарт Такаеў, у адрозьненьне ад Лукашэнкі, у Індыю прыляцеў
Кіраўнік Казахстану Касым-Жамарт Такаеў, у адрозьненьне ад Лукашэнкі, у Індыю прыляцеў

Сьцісла

  • Лукашэнка рэгулярна наведвае міжнародныя форумы. Але на саміт БРІКС ён накіраваў міністра замежных спраў Рыжанкова.
  • Пасьля 2020 году афіцыйны Менск узяў курс на пераарыентацыю вонкавай палітыкі ў бок Глябальнага Поўдня.
  • Улады выказвалі незадавальненьне ўсяго толькі «партнэрскім» статусам Беларусі ў БРІКС.

Аляксандар Лукашэнка не паляцеў на чарговы саміт БРІКС у Дэлі. Ці сьведчыць гэта пра зьмену стаўленьня Менску да гэтай міжнароднай ініцыятывы і ці мог паўплываць заплянаваны візыт у Менск амэрыканскага спэцпасланьніка? Аналізуе палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.

Беларусь імкнулася ўступіць у ШАС і БРІКС

12-13 верасьня ў сталіцы Індыі Дэлі прайшоў XVIII саміт БРІКС. У ім удзельнічалі кіраўнікі 13 дзяржаў. Беларусь з 2025 году зьяўляецца краінай-партнэрам БРІКС. Але Аляксандар Лукашэнка на саміт не прыехаў. Беларусь прадстаўляў на форуме міністар замежных спраў Максім Рыжанкоў.

Звычайна Лукашэнка любіць наведваць розныя міжнародныя форумы, на якіх прысутнічаюць лідэры іншых краін. Раней ён з ахвотай езьдзіў на юбілейныя саміты ААН. Не прамінаў паседжаньні на вышэйшым узроўні Руху Недалучэньня. Езьдзіў на Алімпійскія гульні, фіналы чэмпіянатаў сьвету ці Эўропы ў футболе. У 2016 годзе нават удзельнічаў у саміце Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва ў Стамбуле і выступіў на пленарнай сэсіі саміту. Апошнім часам двойчы наведваў канфэрэнцыі аб зьменах клімату.

Пасьля 2020 году афіцыйны Менск узяў курс на пераарыентацыю вонкавай палітыкі ў бок Глябальнага Поўдня. Асаблівую ўвагу беларускія ўлады сталі надаваць ШАС і БРІКС, дзе ключавую ролю адыгрываюць незаходнія дзяржавы і прасоўваецца ідэя шматпалярнага сьвету. Менск настойліва дамагаўся ўдзелу ў гэтых структурах.

Такая пераарыентацыя стала асабліва важнай на тле міжнароднай ізаляцыі афіцыйнага Менску пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў, масавых рэпрэсіяў і падтрымкі поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ўва Ўкраіну. Шэраг заходніх краінаў не прызналі вынікаў выбараў 2020 году і легітымнасьці Лукашэнкі, а таксама ўвялі санкцыі супраць Беларусі.

У пэўным сэнсе амбіцыі афіцыйнага Менску былі задаволеныя. Беларусь стала паўнапраўным сябрам ШАС з 2024 году, і ў 2025 годзе атрымала статус партнэра ў БРІКС. Афіцыйныя мэдыя сьвяткавалі перамогу, трактавалі гэта як вялізны дыпляматычны прарыў. З такога гледзішча саміты ШАС і БРІКС, здавалася б, павінны былі стаць абавязковымі для наведваньня Лукашэнкам.

Што тычыцца ШАС, то гэтак і адбываецца — кіраўнік Беларусі рэгулярна езьдзіць на ўсе саміты гэтай арганізацыі. А вось з наведваньнем форумаў БРІКС атрымоўваецца складаней.

Лёгкае расчараваньне ў Казані

У пэўным сэнсе трыюмфальным для Лукашэнкі быў візыт на форум гэтай арганізацыі ў Казані ў 2024 годзе. Расея тады старшынявала ў БРІКС. Таму Лукашэнка атрымаў запрашэньне ад Уладзіміра Пуціна. На саміце абмяркоўвалася заяўка Беларусі на ўступленьне ў БРІКС. Аднак Беларусь не атрымала паўнапраўнага сяброўства: ёй прапанавалі статус краіны-партнэра. Лукашэнка быў гэтым незадаволены, казаў: «Прыдумалі гэты „прылазьнік“ у выглядзе партнэра».

Тым ня менш, на тым саміце ў Казані ён правёў шэсьць сустрэч зь лідэрамі іншых краін, даў пяць інтэрвію замежным мэдыя.

Саміт БРІКС 2025 году адбыўся ў бразыльскім Рыю-дэ-Жанэйру. Лукашэнка туды не паляцеў. Палёт у Бразылію быў бы значна складанейшы праз санкцыйныя абмежаваньні для беларускай авіяцыі. Але, мусіць, галоўным было тое, што толькі восем краін былі прадстаўленыя на найвышэйшым узроўні. Не прыехалі, у прыватнасьці, лідэры Кітаю, Расеі, Індыі. Беларусь прадстаўляў кіраўнік МЗС Рыжанкоў.

І вось новы саміт БРІКС у Дэлі, Лукашэнка зноў не паляцеў, накіраваў туды міністра замежных спраў. Чаму?

Ці ажыятаж спадае?

Найперш варта заўважыць, што ёсьць фармальная падстава. Беларусь не паўнапраўны ўдзельнік БРІКС, яна мае толькі статус партнэра. Статус, дарэчы, ня вельмі зразумелы. Сама па сабе БРІКС ні вайсковы альянс, ні інтэграцыйнае эканамічнае аб’яднаньне, ні міжнародная арганізацыя кшталту ШАС. У БРІКС няма статуту, штаб-кватэры, сакратарыяту, якіх-небудзь каардынацыйных органаў і дакладных працэдур яго функцыянаваньня. Ягоныя рашэньні ня маюць абавязковай юрыдычнай сілы для ўдзельнікаў. Гэта нефармальнае аб’яднаньне, клюб, пляцоўка для сустрэч.

Што значыць быць партнэрам нефармальнага аб’яднаньня, ня вельмі зразумела. З 11 дзяржаў-партнэраў у Дэлі на найвышэйшым узроўні былі прадстаўлены толькі тры дзяржавы.

Агулам ажыятаж вакол БРІКС, які назіраўся падчас яго хуткага пашырэньня, выглядае меншым, чым некалькі гадоў таму. У 2024 годзе на XVI саміт гэтай арганізацыі ў Казані запрасілі 38 краін, зь іх 24 дзяржавы былі прадстаўленыя на найвышэйшым узроўні. Наступны саміт БРІКС 2025 году ў бразыльскім Рыю-дэ-Жанэйру сабраў кіраўнікоў толькі васьмі краін. Цяпер у Дэлі прыехалі лідэры 13 дзяржаў.

Дарэчы, у саміце ШАС і яго пашыраным фармаце ШАС+, які прайшоў 1 верасьня ў сталіцы Кіргізстану Бішкеку, удзельнічалі кіраўнікі 17 краін. Лукашэнка там быў, шмат з кім з палітыкаў убачыўся ў кулюарах.

Нельга выключаць і больш прагматычнай прычыны: удзел у такіх форумах мае для Лукашэнкі асаблівую каштоўнасьць, калі дае магчымасьць правесьці двухбаковыя сустрэчы. Ці былі такія сустрэчы папярэдне ўзгодненыя ў Дэлі, невядома.

15 верасьня ў Менск мусіць прыехаць спэцпрадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл. Як вядома, Адміністрацыя Дональда Трампа крытычна ставіцца да БРІКС, асабліва да ягоных ініцыятываў, якія могуць аслабляць дамінаваньне ЗША і даляру ў сусьветнай фінансавай сыстэме. Таму, магчыма, напярэдадні візыту Коўла Менск мог не хацець рабіць крокаў, якія Вашынгтон успрыняў бы як дэманстратыўнае збліжэньне з апанэнтамі ЗША.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода

    Кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі «Александр Лукашенко. Политический портрет» (2010), адзін з самых цытаваных палітычных камэнтатараў Беларусі.

    На Свабодзе — ад 1999 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG