Эвалюцыя ШАС
Сёлетні саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва — юбілейны. Споўнілася 25 гадоў з часу стварэньня гэтага альянсу. У мерапрыемствах вакол саміту ўдзельнічалі кіраўнікі 17 краін, а таксама генэральны сакратар ААН.
Уласна 1 верасьня ў сталіцы Кіргізстана Бішкеку прайшло два саміты. Спачатку прайшоў саміт ШАС з удзелам 10 краін-чальцоў арганізацыі, потым — сустрэча ў фармаце «ШАС плюс», у якой удзельнічалі таксама лідэры краін, запрошаных на форум.
ШАС стала фармалізаванай структурай са сваімі органамі і правіламі (у адрозьненьне, напрыклад, ад БРІКС). Яна дэманструе імкненьне перайсьці ад дыялёгавай пляцоўкі, якой была напачатку, да паўнавартаснага мэханізму практычнага супрацоўніцтва.
І ў выступах лідэраў краін-чальцоў ШАС, і ў выніковай Бішкекскай дэклярацыі было шмат патасных словаў пра вялікую ролю гэтай арганізацыі ў сусьветных працэсах. Гучалі заклікі да неабходнасьці супрацоўніцтва ва ўсіх сфэрах. Але сама Бішкекская дэклярацыя мае перадусім палітычны характар і не стварае для краін-чальцоў такіх юрыдычных абавязаньняў, як міжнародная дамова.
Розныя інтарэсы
Аднак галоўная праблема ШАС палягае ў тым, што гэта арганізацыя, якая ўсё яшчэ знаходзіцца ў працэсе пошуку сваёй ідэнтычнасьці. Яна аб’ядноўвае занадта розныя краіны, з рознымі інтарэсамі, геапалітычнымі праблемамі, культурамі і цывілізацыйнымі традыцыямі. Паміж чальцамі гэтай арганізацыі ёсьць шмат супярэчнасьцяў і канфліктаў. Напрыклад, напружаныя адносіны існуюць паміж Індыяй і Кітаем, Індыяй і Пакістанам (год таму паміж апошнімі дзьвюма краінамі адбылося кароткае ўзброенае сутыкненьне).
Невыпадкова Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на саміце, назваў адной з галоўных задач «забясьпечыць адзінства самой арганізацыі». Аднак і ў яго няма ілюзій наконт пэрспэктыў ператварэньня ШАС у новы цэнтар сілы ў сьвеце. «Мы ўсё гэта разумеем, гаворым, што ў нас нейкі „дух“ і гэтак далей. Але гэтага мала. Людзі ад нас чакаюць канкрэтных дзеяньняў у напрамку шматпалярнасьці. Час сыходзіць. Калі мы страцім час, то можам ператварыцца ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацый у тым выглядзе, у якім яна існуе», — сказаў Лукашэнка.
Крытычна ацаніў ён і ролю вялікіх дзяржаў-чальцоў ШАС: «Якія б мы ні былі тут раўнапраўныя, мы ж прызнаем, што ў нас ёсьць тры наймагутныя дзяржавы — Кітайская Народная Рэспубліка, Індыя, Расейская Фэдэрацыя. Магутныя ў эканамічных і рэсурсавых адносінах ядзерныя краіны. Чакаем ад іх найперш ініцыятывы. Гэтай ініцыятывы пакуль, на жаль, няма».
Антызаходні крэн
Чым далей, тым выразьней у дакумэнтах і рыторыцы шэрагу лідэраў ШАС гучыць імкненьне прапанаваць альтэрнатыву заходнецэнтрычнай мадэлі міжнародных адносінаў.
У выніковай Бішкекскай дэклярацыі ёсьць некалькі тэзісаў, якія можна разглядаць як скіраваныя супраць палітыкі Захаду. Гэта, у прыватнасьці, крытыка «аднабаковых прымусовых захадаў», якія, паводле дэклярацыі, супярэчаць Статуту ААН і нормам Сусьветнай гандлёвай арганізацыі. На практыцы гэты тэзіс найперш сугучны крытыцы заходніх санкцыяў з боку Расеі, Ірану і Беларусі. Таксама дэклярацыя заклікае да пашырэньня выкарыстаньня нацыянальных валют ва ўзаемным гандлі, што адпавядае курсу Расеі, Кітаю, Беларусі на зьніжэньне залежнасьці ад даляра. ШАС выступае за рэфармаваньне сусьветнай фінансавай сыстэмы, каб яна больш улічвала інтарэсы краін Глябальнага Поўдня. Бішкекская дэклярацыя асуджае ваенныя ўдары па Іране як парушэньне міжнароднага права і Статута ААН. У той жа час выніковы дакумэнт ШАС ніяк не ўзгадвае вайну Расеі супраць Украіны.
Гэтаму настрою адпавядае і рыторыка Аляксандра Лукашэнкі. На ўсіх самітах ШАС ён выступае з антызаходніх пазыцый, заклікае ператварыць арганізацыю ў альтэрнатыву Захаду. І цяпер ён абвінавачвае заходнія краіны ў выкарыстаньні «тэхналёгіі каляровых рэвалюцый і гібрыднага ўзьдзеяньня». «Цяпер дэманстратыўна вярнулася прамая масіраваная ваенная агрэсія!», — заявіў Лукашэнка, маючы на ўвазе ваенныя дзеяньні ЗША і Ізраілю супраць Ірану. Аднак вайну Расеі супраць Украіны, у якой ён апасродкавана ўдзельнічае на баку Масквы, ён чамусьці не разглядае як ваенную агрэсію.
Лукашэнкі заклікае «нарошчваць кантакты» ШАС з ідэалягічна блізкімі абʼяднаньнямі (ЭАЭС, СНД, АДКБ, АСЕАН, Афрыканскі саюз і, вядома ж, БРІКС), але ня згадвае пра тыя, якія асацыююцца з краінамі Захаду (ЭЗ, NATO, АБСЭ і г. д.). Само па сабе гэта вельмі паказальна.
Што Беларусь шукае ў ШАС
Сяброўства Беларусі ў ШАС сталася не ад добрага жыцьця. У выніку агульнанацыянальных рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі і падтрымкі расейскай агрэсіі супраць Украіны краіна апынулася ізгоем у эўрапейскай супольнасьці. Таму афіцыйны Менск быў вымушаны шукаць шчасьця ў іншым рэгіёне.
Варта падкрэсьліць, што ШАС аб’ядноўвае краіны Азіі і створаная найперш дзеля гарантаваньня рэгіянальнай бясьпекі. Разам з тым Беларусь геаграфічна знаходзіцца па-за асноўным рэгіёнам, дзеля якога першапачаткова стваралася ШАС. Таму значная частка рэгіянальнага парадку дня арганізацыі непасрэдна Беларусі не датычыць. Там абмяркоўваюцца праблемы далёкага ад беларусаў рэгіёну.
Важны кірунак супрацы ў ШАС — лягістыка, транзыт і разьвіцьцё транспартных калідораў. Для Беларусі гэта якраз можа мець практычны інтарэс як для краіны, разьмешчанай на шляхах паміж рынкамі Эўропы і Азіі. Аднак пытаньне ў тым, наколькі сяброўства ў ШАС дае Менску дадатковыя магчымасьці ў гэтай сфэры, якіх ён ня меў у рамках двухбаковых адносінаў з Кітаем, Расеяй і краінамі Цэнтральнай Азіі.
Значэньне сяброўства Беларусі ў ШАС хутчэй сымбалічнае. Яно дае багатую спажыву для дзяржаўнай прапаганды. Маўляў, няма ніякай міжнароднай ізаляцыі Беларусі, беларускі кіраўнік — паважаны палітык у сьвеце, глядзіце, з кім ён сустракаецца на самітах ШАС. Аднак далёка ня ўсе шматлікія сустрэчы Лукашэнкі з кіраўнікамі краін ШАС даюць відавочныя і вымяральныя вынікі для беларускай эканомікі.
Форум