Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея другі дзень запар атакуе памежны зь Беларусьсю рэгіён, на Адэшчыне — больш за 30 параненых

Наступствы расейскага абстрэлу шматпавярховага дому ў Адэсе, 12 верасьня 2026 году
Наступствы расейскага абстрэлу шматпавярховага дому ў Адэсе, 12 верасьня 2026 году

Украіна атакавала хімічныя і нафтавыя аб’екты ў Расеі.

У ноч на 12 верасьня расейскія войскі нанесьлі ракетны і дронавы ўдар па Ўкраіне. Для атакі выкарысталі больш за 14 балістычных, крылатых і авіяцыйных ракет, а таксама 129 ударных бесьпілётнікаў.

Як паведамілі ў апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны, супрацьпаветраныя сілы змаглі зьбіць 6 ракет «Калібар» і дзьве авіяракеты Х-59/69, адну ракету-дрон «Бандэроль» і 101 бесьпілётнкі тыпу Shahed. Асноўны ўдар быў накіраваны на Адэскую вобласьць.

На Адэшчыне больш за трыццаць пацярпелых

Як паведамілі ўкраінскія ратаўнікі, у Адэсе найбольш пацярпеў жылы сэктар і цывільная інфраструктуры. Шмат пацярпелых і разбурэньняў.

У 25-павярховым доме гарэлі кватэры з 21 да 23 паверху. Змаглі ўратаваць 7 чалавек, у тым ліку дваіх дзяцей. Пакуль што вядома аб 16 пацярпелых.

У Чарнаморску цалкам зьнішчылі адзін будынак і яшчэ тры пашкодзілі. Пажар пачаўся пасьля пацэльваньня ў газавую трубу. Пацярпелі 5 чалавек, у тым ліку 4 дзяцей. Апроч таго, расейскія войскі пашкодзілі рэабілітацыйны цэнтар і прыпаркаваныя побач аўтамабілі.

Паводле абласных уладаў, усяго ў Адэскай вобласьці пацярпелі 35 чалавек, у тым ліку пяцімесячнае немаўля. Яшчэ два чалавекі не выходзяць на сувязь, іх пошукі працягваюцца.

У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што ў Адэскай вобласьці атакавалі порт, празь які нібыта ажыцьцяўляецца дастаўка грузаў для Ўзброеных сіл Украіны.

У Жытомірскай вобласьці цэляцца па прадпрыемствах

Другі дзень запар расейскія войскі атакуюць Жытомірскую вобласьць. 11 верасьня пацэлілі ў прыватнае прадпрыемства ў Оўрыцкім раёне (гэты раён мяжуе з Гомельскай вобласьцю Беларусі). Пажар патушылі, ніхто не пацярпеў.

У ноч на 12 верасьня пацярпела прадпрыемства ў Зьвягельскім раёне вобласьці. У выніку пацэльваньня пачаўся пажар, але ніхто не пацярпеў.

Раніцай у Ровенскай вобласьці, якая таксама мяжуе зь Беларусьсю, расейскія войскі пацэлілі ў аўтазапраўку. Пакуль няма інфармацыі аб пацярпелых.

Інфармацыі аб тым, што дроны ляцелі празь Беларусь украінскія маніторынгавыя каналы не паведамлялі.

У Днепрапятроўскай вобласьці адзін чалавек загінуў, тры параненыя

У Днепрапятроўскай вобласьці расейскі войскі амаль 20 разоў атакавалі 4 раёны рэгіёну.

У Крывым Рагу загінулі два чалавекі і тры параненыя. Пашкоджаньні атрымаў аб’ект інфраструктуры. Цэльлю ў абласным цэнтры таксама было інфраструктурнае прадпрыемства. У Нікапалі і Марганецкай грамадзе пашкоджаная пажарна-ратавальная частка і прыватны будынак. Пажары ад пацэльваньняў адбыліся ў прыватных сэктарах Сінельнікаўскага раёну.

У Расеі заявілі, што атакавалі мэталюргічны і два горна-абагачальныя камбінаты ў Крывым Рагу і завод «Інтэрпайп Сталь» у Дніпры.

Украінскія сілы атакавалі хімічнае прадпрыемства ў Самарскай вобласьці

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны заявілі аб пацэльваньні ў ноч на 12 верасьня па камбінаце «Тольяттикаучук» у Самарскай вобласьці Расеі

На тэрыторыі прадпрыемства, што спэцыялізуецца на вытворчасьці сынтэтычных каўчукоў і дабавак да бэнзіну, зафіксавалі пацэльваньне з далейшым пажарам. Каўчукі, у прыватнасьці, выкарыстоўваюць у вытворчасьці ракетнага паліва для тактычных і балістычных ракет.

Апроч таго, за апошнія два дні ўкраінскім вайскоўцам удалося пацэліць па складах і месцах захоўваньня дронаў і вайсковай тэхнікі ў акупаваных Расеяй Запароскай, Херсонскай, Луганскай, і Данецкай вобласьцяў.

Улады Самарскай вобласьці заявілі толькі ад тым, што на рэгіён была ўчыненая «чарговая буйная варожая атака».


Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG