Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад «Аль-Каіды» да тэрарыстаў-адзіночак і штучнага інтэлекту: як зьмяніўся тэрарызм пасьля 11 верасьня

Баец «Фронту ан-Нусра» са сьцягам «Аль-Каіды» на куртцы (у цэнтры) займае пазыцыю разам з іншымі баевікамі на ўскраіне Алепа, Сірыя.
Баец «Фронту ан-Нусра» са сьцягам «Аль-Каіды» на куртцы (у цэнтры) займае пазыцыю разам з іншымі баевікамі на ўскраіне Алепа, Сірыя.

Фархаду Н. было ўсяго некалькі месяцаў, калі 11 верасьня 2001 году тэрарысты захапілі самалёты і накіравалі іх у вежы-блізьняты Сусьветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку. Гэта было часткай нападаў на Злучаныя Штаты, у выніку якіх загінулі тысячы людзей.

Праз дваццаць пяць гадоў яго асудзілі на пажыцьцёвае зьняволеньне за тое, што ён на аўтамабілі Mini Cooper уехаў у натоўп людзей у Мюнхэне, забіўшы двух чалавек і параніўшы дзясяткі, піша старшы міжнародны карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Рэй Фурлонг.

Гісторыя 25-гадовага афганца паказвае, як фармаваўся сьвет пасьля 11 верасьня 2001 году, калі і тэрарыстычная пагроза, і контратэрарыстычныя апэрацыі ўвесь час мяняліся.

Тэракты 11 верасьня сплянавала «Аль-Каіда», групоўка пад кіраўніцтвам саудаўскага мільянэра Ўсамы бін Ладэна, якой давалі прытулак улады талібаў у Кабуле, пазьней адхіленыя ад улады.

Пасьля гэтага Фархад Н., прозьвішча якога скарочанае ў адпаведнасьці зь нямецкімі правіламі абароны прыватнасьці, рос у краіне, дзе міжнародныя сілы на чале з ЗША 20 гадоў ваявалі, каб не дапусьціць вяртаньня талібаў да ўлады.

Пазьней ён стаў адным з сотняў тысяч афганцаў, якія пакінулі сваю краіну ў пошуках міру і дабрабыту ў Эўропе, але ў выніку радыкалізаваўся пад уплывам прапаганды ў інтэрнэце, якую распаўсюджвалі імамы зь яго роднай краіны.

Ён ня меў дачыненьня або сувязяў зь якой-кольвек канкрэтнай групоўкай і, відаць, дзейнічаў цалкам з уласнай ініцыятывы.

«Раней мы называлі такіх людзей адзіночкамі або „самотнымі ваўкамі“. За гэтым будучыня», — сказаў Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода былы амэрыканскі дыплямат з шматгадовым досьведам працы ў сфэры барацьбы з тэрарызмам.

«Нікому ня трэба быць часткай нейкай групоўкі… Яны могуць натхняцца адной групоўкай, могуць натхняцца некалькімі групоўкамі», — сказаў былы дыплямат, які пажадаў застацца неназваным. Ён дадаў, што разьвіцьцё штучнага інтэлекту паглыбляе «пераломны момант» у разьвіцьці тэрарыстычных пагрозаў.

Радыё Свабода паразмаўляла зь некалькімі экспэртамі пра тое, як тэхналягічныя сродкі, якіх не існавала 25 гадоў таму, у тым ліку дроны, штучны інтэлект і сацыяльныя сеткі, ствараюць цалкам новае і больш небясьпечнае асяродзьдзе.

Джозэф Вотэл
Джозэф Вотэл

«Мы пачынаем бачыць значна большую прысутнасьць у інтэрнэце. Мы пачынаем бачыць значна больш актыўнае выкарыстаньне інфлюэнсэраў… У дадатак да стандартных суб’ектаў, якіх мы прызвычаіліся бачыць у тэрарыстычным асяродзьдзі, цяпер ёсьць і адзіночкі, тыя, хто трапляе пад уплыў», — сказаў РСЭ/РС адстаўны амэрыканскі генэрал Джозэф Вотэл.

У кастрычніку 2001 году, усяго празь некалькі тыдняў пасьля тэрактаў 11 верасьня ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне, Вотэл кіраваў парашутным дэсантам амэрыканскіх вайскоўцаў на пазыцыі талібаў у Кандагары. Пазьней ён адыграў ключавую ролю ў тым, што атрымала назву «вайна з тэрарызмам», служыў таксама ў Іраку і камандаваў апэрацыямі супраць баевікоў «Ісламскай дзяржавы» (ІД).

«Гэтыя тэрарыстычныя арганізацыі выжылі. Яны працягвалі адаптавацца, наколькі маглі… яны сталі больш дасканалымі, — сказаў ён. — Цяпер асяродзьдзе для экспэртаў у бясьпецы значна больш складанае».

«Тэрарысты старой фармацыі»

У выпадку «Аль-Каіды» гісторыя пасьля 11 верасьня была гісторыяй адгалінаваньняў: такія групоўкі, як «Аш-Шабаб» у Самалі і «Джамаат Нусрат аль-Іслам валь-Муслімін» (JNIM) у рэгіёне Сахэль у Заходняй Афрыцы, далучыліся да «Аль-Каіды», зьвязаўшы ўласныя мясцовыя мэты зь яе імкненьнем ажыцьцяўляць новыя глябальныя напады.

Такая дэцэнтралізаваная структура дазволіла брэнду «Аль-Каіды» выжыць пасьля таго, як у наступныя за 11 верасьня месяцы амэрыканскія вайсковыя сілы нанесьлі магутныя ўдары па яе кіраўніцтве і пазбавілі яе бясьпечных прытулкаў у Аўганістане.

Новая Стратэгія ЗША ў барацьбе з тэрарызмам, апублікаваная сёлета ў траўні, ставіць «Аль-Каіду» і «яе найбольш агрэсіўную падгрупу, „Аль-Каіду на Арабійскай паўвысьпе“» (AQAP) на першае месца ў сьпісе тых, каго яна называе «ісламісцкімі тэрарыстамі старой фармацыі».

Сувязі Ірану з «Аль-Каідай» і «крымінальнымі проксі»

Стратэгія ЗША ў барацьбе з тэрарызмам называе «Аль-Каіду» сур’ёзнай пагрозай, адначасова характарызуючы Іран як «дзяржаву-спонсара тэрарызму № 1 у сьвеце». Падтрымка Тэгеранам груповак, якія Вашынгтон прызнаў тэрарыстычнымі арганізацыямі, у тым ліку «Хэзбалы» і ХАМАС, добра задакумэнтаваная.

Іран таксама мае даўнія сувязі з «Аль-Каідай». У шматлікіх справаздачах ААН гаворыцца, што фактычны кіраўнік групоўкі Саіф аль-Адэль жыве ў Тэгеране, хаця ў нядаўняй справаздачы адзначалася, што рэгіянальны канфлікт, які працягваецца з 28 лютага, мог паставіць пад пагрозу яго бясьпеку.

Экспэрты кажуць, што ў аснове малаверагодных на першы погляд адносінаў паміж Іранам, якім кіруюць шыіты, і суніцкай ваяўнічай групоўкай ляжыць прагматызм.

Паводле адстаўнога амэрыканскага генэрала Джозэфа Вотэла, Тэгеран лічыць «Аль-Каіду» карыснай, бо яе дзейнасьць «прымушае ЗША плаціць цану». Прытулак, дадзены аль-Адэлю, таксама можа даваць Тэгерану рычаг уплыву на яго.

Іран гэтаксама падтрымліваў ХАМАС, яшчэ адну суніцкую групоўку, якую Вашынгтон прызнаў тэрарыстычнай арганізацыяй, і падтрымаў яе напад на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 году, падчас якога былі забітыя блізу 1200 чалавек і 250 узятыя ў закладнікі.

Іран таксама абвінавачвалі ў выкарыстаньні проксі ў больш аддаленых рэгіёнах. У справаздачы Цэнтру барацьбы з тэрарызмам пры Вэст-Пойнце за 2025 год адзначалася, што Тэгеран усё часьцей выкарыстоўвае «крымінальных проксі для ажыцьцяўленьня нападаў, каб захоўваць магчымасьць праўдападобна адмаўляць сваю датычнасьць».

У справаздачы ААН у мінулым месяцы AQAP называлася «авангардам» глябальнага руху «Аль-Каіды».

Дасьледаваньні апошніх гадоў паказалі, як адгалінаваньні «Аль-Каіды» каардынуюць фінансаваньне і падрыхтоўку. Напрыклад, летась назіральнікі ААН адзначылі адзін выпадак выплаты JNIM выкупу ў памеры 50 мільёнаў даляраў, якім групоўка падзялілася з AQIM («Аль-Каідай у ісламскім Магрыбе»), AQAP у Емэне і «вышэйшым кіраўніцтвам „Аль-Каіды“ ў Паўднёвай Азіі».

Яны таксама нарошчваюць інфармацыйную актыўнасьць у інтэрнэце.

«Аб’ём прапаганды „Аль-Каіды“ ў Емэне рэзка вырас пасьля вываду войскаў з Афганістану і застаецца такім да сёньня. Яны апублікавалі больш, чым я апублікавала за апошнія некалькі гадоў», — сказала РСЭ/РС Сара Гармуш, экспэртка ў пытаньнях тэрарызму і дасьледчыца Інстытуту памежнай бясьпекі і Праграмы вывучэньня экстрэмізму пры Ўнівэрсытэце Джорджа Вашынгтона.

«„Аль-Каіда“ ў Емэне яшчэ літаральна некалькі месяцаў таму… выступала з заявамі і відэа, у якіх падбухторвала да нападаў „ваўкоў-адзіночак“, заклікаючы людзей, якія знаходзяцца на Захадзе, ажыцьцяўляць напады на тэрыторыі ЗША і ў Эўропе», — сказала яна.

«Ляцім усьляпую»?

У гэтым асяродзьдзі, якое імкліва мяняецца, ёсьць яшчэ адна праблема: страта магчымасьцяў для барацьбы з тэрарызмам.

«Мы ляцім усьляпую. За апошнія паўтара году… мы страцілі людзей і страцілі грошы», — сказаў былы дыплямат, дадаўшы, што цяперашняя геапалітычная сытуацыя яшчэ больш ускладніла праблему.

«Цяпер мы нібыта знаходзімся ў самым эпіцэнтры паміж наступствамі 7 кастрычніка [нападу на Ізраіль у 2023 годзе пад кіраўніцтвам ХАМАС] і вайной з Іранам, якая працягваецца», — працягнуў ён. — Мы страцілі шмат добрых спэцыялістаў, якія мелі досьвед працы на месцах і інстытуцыйныя веды».

За апошнія паўтара году… мы страцілі людзей і страцілі грошы. Мы страцілі шмат добрых спэцыялістаў

Падчас вэбінару Ўнівэрсытэту Джорджа Вашынгтона 2 верасьня іншыя вядучыя экспэрты ў барацьбе з тэрарызмам выказалі падобную занепакоенасьць.

Том Сандэрсан з Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў адзначыў «зьмяншэньне ўвагі да тэрарызму, бюджэтаў, пэрсаналу», а Брус Гофман з Рады міжнародных адносінаў казаў пра «масавы сыход» супрацоўнікаў з рэарганізаванага летась бюро ў барацьбе з тэрарызмам Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.

На момант выхаду публікацыі мы не атрымалі адказаў Белага дому і Дзяржаўнага дэпартамэнту ў пытаньнях, узьнятых у гэтым артыкуле. Фінансаваньне барацьбы з тэрарызмам пачало зьмяншацца пасьля перагляду ў 2018 годзе, а з 2025 году тэмпы гэтага скарачэньня паскорыліся.

У Стратэгіі ЗША ў барацьбе з тэрарызмам гаворыцца, што «выведная супольнасьць, якая загразла ў старых падыходах да разгляду пагрозаў, не служыла належным чынам нашай краіне».

Джонатан Шродэн, дасьледчык аналітычнага цэнтру CNA у Вашынгтоне, сказаў Радыё Свабода, што ў апошнія гады адбылася ключавая зьмена палітыкі.

«Нашы мэты зьмясьціліся ад поўнага разгрому гэтых груповак да эфэктыўнага кіраваньня пагрозай, якую яны ствараюць… каб не дапусьціць гэтай пагрозы на тэрыторыю ЗША», — сказаў ён.

«Я думаю, што структура, якая дзейнічае ў ЗША на працягу апошніх пяці-сямі гадоў, у цэлым эфэктыўна спраўлялася з гэтай задачай», — дадаў ён.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG