Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цягнікі ў Беларусі накіроўвалі ў аб’езд, бо на Браншчыне падарвалі рэйкі, — Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Улады пазьней так і не растлумачылі, у чым былі «тэхнічныя прычыны». якія прымусілі істотна зьмяніць маршрут цягнікоў 1 верасьня.

1 верасьня 2026 году цягнік № 302 Менск — Адлер затрымалі ў Гомлі, а сустрэчны № 301 Адлер — Менск накіравалі ў аб’езд праз Крычаў, Магілёў і Асіповічы.

Паводле зьвестак крыніц «Супольнасьці беларускіх чыгуначнікаў», прычынай стаў чарговы падрыў чыгуначных каляінаў у межах станцыі Ўнеча (Бранская вобласьць Расеі), пасьля чаго станцыю часова зачынілі, і яна не прымала цягнікоў.

Праверыць гэтую інфармацыю з дапамогай незалежных крыніц на момант выхаду публікацыі немагчыма.

Паводле раскладу адпраўленьне зь Менску было прадугледжана, а 11:21, з Гомлі — а 16:17. У афіцыйным паведамленьні спаслаліся на тэхнічныя прычыны, якія не залежаць ад Беларускай чыгункі. Аб падрыве і пашкоджаньні шляхоў у паведамленьні ня згадвалася.

Для сустрэчнага цягніка № 301 Адлер — Менск, які адправіўся з Адлера 30 жніўня, абвясьцілі зьмену маршруту і чаканае спазьненьне прыкладна на 4 гадзіны. Тут БЧ спаслалася на апэратыўную інфармацыю «Расейскай чыгункі» і тую ж фармулёўку аб тэхнічных прычынах.

Праз баявыя дзеяньні і пагрозы дывэрсій вайсковыя эшалёны і вагоны з выбуховымі матэрыяламі сталі накіроўваць у абыход Унечы. Пазьней на абыходныя маршруты перавялі і гружаны нафтаналіў Мазырскага НПЗ.

Пасажырскія цягнікі пры гэтым працягваюць рухацца праз Унечу, нягледзячы на пагрозу падрываў і ўдараў дронаў па чыгуначнай інфраструктуры.

Пры перавозцы выбуховых матэрыялаў — небясьпечных грузаў клясы 1 — падрыў каляінаў і сыход вагонаў ствараюць дадатковую пагрозу выбуху грузу. Для вайсковага эшалёна наступствамі могуць стаць гібель і раненьні асабовага складу, страта ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі, зрыў тэрмінаў перакіданьня. Для пасажырскага цягніка ўсё можа скончыцца масавымі ахвярамі, але кіраўніцтва чыгункі не пераводзіць такія цягнікі на іншыя маршруты.

Пасьля пачатку ў лютым 2022 году паўнамаштабнай вайны супраць Украіны Расея сутыкнулася з праявамі партызанскага змаганьня. На чыгунцы, як на тэрыторыі самой Расеі, адкуль адпраўляліся вайсковыя эшалёны, так і Беларусі, празь якую ішла частка саставаў, адбыліся сотні буйных і дробных здарэньняў. Спальваліся рэлейныя шафы, падрываліся рэйкі, каб запаволіць рух войскаў ува Ўкраіну.

Нават прыцягненьне вайскоўцаў і спэцслужбаў да сачэньня за чыгункай ня можа спыніць дывэрсій.

Папярэднія атакі дронаў на Браншчыне

Пачатая Расеяй вайна справакавала адказы Ўкраіны. Штодня над Бранскай вобласьцю, у непасрэднай блізкасьці да Беларусі, пралятаюць ударныя бесьпілётнікі. У атаках ужо гінулі людзі, пашкоджаньняў зазнавала тэхніка.

Найбольш рэзанансным эпізодам стала атака бесьпілётніка на станцыю Ўнеча, якая адбылася 21 траўня 2026 году. Як сьцьвярджаюць расейскія крыніцы інфармацыі, у выніку простага трапленьня бесьпілётніка ў манэўравы цеплавоз загінулі трое супрацоўнікаў расейскай чыгункі: машыніст, памочнік машыніста і агляднік-рамонтнік вагонаў.

Сэрыя атак на Ўнечу і Бранскі чыгуначны вузел, а таксама гібель супрацоўнікаў «РЖД» пры ўдары па манэўравым цеплавозе 21 траўня наўпрост паўплывалі на настроі ў лякаматыўным дэпо «Гомель», на Гомельскім аддзяленьні БЧ. Сярод лякаматыўных брыгад рэзка зьнізілася гатоўнасьць рухацца з грузавымі цягнікамі на тэрыторыю Расеі, паведамляла СЧБ.

Улетку 2026 году на Браншчыне атакі зазналі два аўтобусы зь беларускімі пасажырамі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG