Лукашэнка заклапаціўся паркоўкамі ў жылых дварах Менску. На сустрэчы з кіраўніком Менгарвыканкаму Ўладзімерам Кухаравым ён даручыў прыбраць машыны з двароў жылых дамоў, каб людзі «дыхалі чыстай прыродай».
«Паступова, ня заўтра, не забаронамі. А прыбраць гэтыя стаянкі некуды далей. Каб людзі маглі, асабліва дзеткі, выйсьці, старыя — пасядзець на лаўцы. Таму добраўпарадкаваньне — пытаньне для Менска вельмі важнае», — казаў ён.
Ужо 4 верасьня Уладзімір Кухараў у праграме «Размова ў прэзыдэнта» расказаў, што да канца году ў сталіцы хочуць давесьці колькасьць платных парковак да 10 тысяч. Цяпер, па словах старшыні Менгарвыканкаму, іх 9 тысяч.
«Цяпер, з улікам увядзеньня платных парковак, аўтамабілі ўжо накіроўваюцца на стаянкі, паркоўкі, паркінгі. А месцы для гэтага ў горадзе ёсьць. Сёньня больш за 20 тысяч свабодных месцаў у паркінгах і на стаянках, — сказаў ён.
Глядзім, што насамрэч у Менску з паркоўкамі.
«Прасьцей ракету на Месяц пасадзіць, чым прыпаркавацца»
Уладальнікі аўто, зь якімі Свабода пагаварыла на ўмовах ананімнасьці, апісваюць такую карціну: новыя паркоўкі будуюцца ў новых жылых раёнах, кшталту «Менск-Міру» ці «Паўночнага берага». У старых раёнах нічога новага не робяць, там людзі паркуюцца ў дварах і ўздоўж прылеглых вуліц. Прычым у новых раёнах празь вялікую колькасьць машынаў месцаў усё адно не хапае.
«Прасьцей ракету на Месяц пасадзіць, чым прыпаркавацца ў новых раёнах. У адзін з такіх раёнаў нядаўна сябра падвозіў, жыхароў там пакуль няшмат, а ўжо машыну паставіў за паўкілямэтра ад дому», — расказаў адзін з суразмоўцаў.
Іншы суразмоўца зважае, што ў старых раёнах няма месцаў, каб будаваць там паркінгі.
«Людзі асабліва не імкнуцца плаціць за паркінг. Аргумэнт, кшталту, далёка па машыну хадзіць. А так у новых раёнах будуюць паркінгі, у тым ліку платныяі», — кажа аўтааматар.
Жыхары новага раёну «Менск-Мір» сутыкнуліся з праблемай: пасьля адкрыцьця поруч з вуліцах Брацкай гандлёвага цэнтру, наведнікі пачалі паркаваць свае аўто ў дварах. Жыхары раёну зьвярнуліся ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёну з прапановай паставіць абмежавальнік — шлягбаум за свой кошт, каб у двары маглі паркавацца толькі жыхары дамоў. Аднак, у адміністрацыі адмовілі, бо паркоўкі там лічацца месцамі агульнага карыстаньня.
Адзін з аўтааматараў расказаў, што платныя паркоўкі ў цэнтры сапраўды зьявіліся, каштуюць 2 рублі за гадзіну, працуюць яны па графіку з 8:00 да 18:00 (у іншы час бясплатна). Штраф за нясплату — 45 рублёў. За гэтымі правіламі строга сочаць, кажа суразмоўца.
«Трэба прасоўваць альтэрнатыўныя сродкі гарадзкой мабільнасьці»
Экспэрт-урбаніст, з якім Свабода пагаварыла на ўмовах ананімнасьці, адзначае, што Менск яшчэ не самы аўтамабілізаваны горад, у адрозьненьні ад суседзяў, напрыклад той жа Варшавы. Аднак, ёсьць праблема з шчыльнай забудовай, праз што ўзьнікаюць пытаньні з паркоўкамі.
«У Менску ёсьць вялікая праблема, зьвязаная з высокай шчыльнасьцю забудовы. Калі ўзяць, напрыклад, „Мінск-Мір“ — гэта сапраўднае пекла для аўтамабілістаў з пункту гледжаньня паркоўкі. Праблема ў тым, што пры будаўніцтве гэтага вялікага раёна вырашылі прыкладна на 40% скараціць нарматыў па колькасьці парковачных месцаў на адну кватэру. Калі ў прынцыпе да 2023 года ў нас дзейнічала такое правіла: адна новая кватэра — адзін гараж або парковачнае месца, то ў „Мінск-Міры“ сказалі: не, мы зробім гэты нарматыў на 40% меншым», — тлумачыць суразмоўца.
Гэтую праблему можна вырашыць толькі комплексна, працягвае экспэрт. З аднаго боку — можна рабіць месцы на паркоўках у новых жыльлёвых комплексах даражэйшымі для тых, хто там не жыве.
«Ёсьць платныя паркоўкі, ёсьць магчымасьць недзе там, на ўскраінах Менску прыпаркавацца, хоць гэтая сыстэма таксама працуе са скрыпам, бо гандлёвы цэнтар цяпер уводзіць плату за працяглую паркоўку на сваіх шматпавярховых паркінгах. То бок у такіх раёнах, як „Менск-Мір“, адзіны спосаб проста вырашыць гэтую праблему — гэта далей стымуляваць людзей не купляць аўтамабілі. З аднаго боку, гэта можа быць плата за паркоўку. Зь іншага боку, гораду трэба вельмі сур’ёзна думаць, якім чынам рэгуляваць рух у гэтым раёне, то бок рабіць вуліцы больш закрытымі. А таксама, вядома ж, забясьпечваць вельмі добрую альтэрнатыву для гараджан, каб яны маглі перамяшчацца грамадзкім транспартам», — працягвае суразмоўца.
Што да старых раёнаў, то падчас іх будаўніцтва закладваліся зусім іншыя крытэры па колькасьці парковачных месцаў. Аўтамабіляў у часы іх будаўніцтва, за савецкім часам, было значна меней.
«Цяпер людзі паркуюцца па старой разьметцы. Ёсьць стыхійная такая паркоўка: хто дзе, як і куды ўлезе. Аднак, ёсьць і прыклады таго, як проста, напрыклад, больш шчыльная разьметка ў дварах дазваляе недзе на 13–20% павялічыць колькасьць аўтамабіляў, якія могуць там паркавацца. Хоць гэта і не вырашае праблему разгрузкі двароў. Ёсьць у Менску такі прынцып як падвойнае выкарыстаньне парковак каля нейкіх грамадзкіх абʼектаў. Напрыклад, аўтамабілі могуць паркавацца каля гандлёвых цэнтраў або каля нейкіх культурных цэнтраў, дамоў культуры і гэтак далей.
То бок па максымуме ў старых гэтых раёнах выкарыстоўваць для паркоўкі нейкія грамадзкія месцы, дзе ёсьць парковачныя месцы. Ёсьць рашэньні, якімі карысталіся некаторыя гарады, напрыклад, дзе найбольш старыя раёны сутыкаліся з гэтай праблемай. Там будаваліся шматузроўневыя паркінгі — на нейкім пустыры або на месцы, дзе, напрыклад, раней стаялі старыя будынкі. Аднак, самае важнае, што можна зрабіць, — гэта разьвіваць сыстэму грамадзкага транспарту і розныя альтэрнатыўныя спосабы гарадзкой мабільнасьці», — кажа ўрбаніст.
Ён параўноўвае Менск з Варшавай, дзе аўтамабіляў значна болей. Там уводзяць жорсткія правілы для новай забудовы, каб месцаў пад машыны хапала.
«У іх ёсьць выразная гарадзкая палітыка, як яны з гэтым працуюць. То бок калі гэта новая забудова, то там як мінімум павінна быць адзін да аднаго „машына-месца“ на сям’ю, а часам нават ёсьць такое патрабаваньне, што на адну сямʼю павінна быць паўтара парковачныя месцы ў падземным гаражы. Гэта для новай забудовы. Для старой забудовы, напрыклад, яны ўводзяць правілы платнай паркоўкі, у тым ліку і для жыхароў раёну. Гэта залежыць ад палітыкі кожнага раёну і ад узроўню праблем, якія ў іх ёсьць», — зьвяртае ўвагу экспэрт.
У Менску па словах старшын Менгарвыканкаму Ўладзімера Кухарава зарэгістравана амаль 900 тысяч аўтамабіляў. Яшчэ 200 тысяч уяжджаюць у горад амаль кожны дзень зь іншых месцаў.
Форум