Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, эвакуацыя будзе ажыцьцяўляцца на падставе плянаў цывільнай абароны і плянаў абароны насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сытуацый і тэхнагеннага характару адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак.
Згодна з пастановай, якую цытуе выданьне «Позірк», эвакуацыю павінны арганізаваць уласьнікі і карыстальнікі каштоўнасьцяў на аснове гэтых плянаў, а працэс будуць каардынаваць мясцовыя выканаўчыя органы, Міністэрства ў надзвычайных сытуацыях і Міністэрства культуры.
Найперш будуць вывозіць каштоўнасьці катэгорый «0» і «1» (аб’екты ўсясьветнага значэньня), потым катэгорыі «2» (аб’екты нацыянальнага значэньня) і «3» (аб’екты рэгіянальнага значэньня) і без катэгорыі. Загадзя на маёмасьць складуць вопісы: адзін — для ўласьніка, другі — каб укласьці ўнутр пакаваньня, трэці — для суправаджаючай асобы і чацьвёрты — для дадатку да пляну эвакуацыі.
У выпадку нястачы ўласных рэсурсаў для вывазу каштоўнасьцяў іх уласьнікі могуць падпісаць папярэднія дамовы на адпаведныя паслугі. Уласьнікі таксама абавязаныя забясьпечыць ахову каштоўнасьцяў цягам усяго маршруту, якія павінны быць узгодненыя.
Што папярэднічала і чаму гэта важна
Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь катэгарычна супраць вайны, аднак краіна абавязаная рыхтавацца да магчымага ўзброенага канфлікту. Пры гэтым ён падкрэсьліваў, што Менск ня мае намеру самастойна ўцягвацца ў баявыя дзеяньні або нападаць на суседзяў, а любы ўдзел Беларусі магчымы выключна ў выпадку прамой агрэсіі на яе тэрыторыю.
Расейскія войскі зьнішчылі або пашкодзілі на тэрыторыі Ўкраіны вялікую колькасьць гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. У прыватнасьці, у ноч на 15 чэрвеня 2026 году яны нанесьлі ўдар па Кіева-Пячэрскай лаўры.
Форум