У школах размова не ідзе аб «татальным надглядзе» вучняў на ўваходзе, заявіў дзяржаўным СМІ міністар адукацыі Андрэй Іванец, камэнтуючы новаўвядзеньні з 1 верасьня.
На думку міністра, бацькі павінны перад выхадам дзіцяці ў школу пераканацца, што ў яго торбе няма нажа ці іншых забароненых прадметаў.
«Ужо 1 верасьня тая праца, якую мы правялі сумесна з МУС, паказала, што, на жаль, у нас былі выяўлены дзеці, якія спрабавалі пранесьці ў школу нажы», – сказаў міністар.
Чаму гэта важна
Новаўвядзеньні пачаліся пасьля пастановы Савету Міністраў № 307 ад 19 чэрвеня 2026 году «Аб ажыцьцяўленьні ахоўнай дзейнасьці».
Нягледзячы на тое, што школьнікі непаўналетнія, цяпер не патрабуецца прысутнасьць бацькоў пры надглядзе рэчаў дзіцяці, на яго можна запрашаць кагосьці з «пэдагагічнага складу» школы.
27 жніўня са спасылкай на начальніка Дэпартамента аховы МУС Аляксандра Шапялёва паведамлялася, што яго прадстаўнікі змогуць праводзіць дагляд навучэнцаў у прысутнасьці пэдагагічнага работніка.
Выбіраць, каго з школьнікаў весьці на надгляд, маюць права ахоўнікі, абапіраючыся на свой досьвед, зьвяртаючы ўвагу на «асаблівасьці паводзінаў» непаўналетніх. Правяраюць таксама наведнікаў школ, а таксама бацькоў.
Намесьнік міністра адукацыі Ўладзімер Далжанкоў паведаміў, што ўсе ўстановы адукацыі абсталяваныя трывожнымі кнопкамі, а «дастаткова вялікая колькасьць» – сыстэмамі відэаназіраньня», піша Позірк.
Пералік прадметаў, якія забаронена праносіць у школу, павінен быць разьмешчаны на ўваходзе ў кожную школу.
У якасьці прычын для ўвядзеньня такіх праверак у міліцыі называюць трагічныя выпадкі ў Расеі, калі школьнікі, «якія зазналі булінг або кіраваліся помстай зь нейкіх іншых прычынаў», учынялі напады з халоднай і агнястрэльнай зброяй, а таксама з арбалетам.