Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фрыдман: Лукашэнка баіцца паўтарыць лёс Младзіча і Караджыча

Босьнія і Герцагавіна. Ваенны лідэр басьнійскіх сэрбаў Радаван Караджыч (справа) і яго генерал Ратка Младзіч. Архіўнае фота. Красавік 1995 году.
Босьнія і Герцагавіна. Ваенны лідэр басьнійскіх сэрбаў Радаван Караджыч (справа) і яго генерал Ратка Младзіч. Архіўнае фота. Красавік 1995 году.

За кратамі памёр ваенны злачынца, камандзір арміі басьнійскіх сэрбаў Ратка Младзіч. Якія шанцы на міжнародны суд адказных за катаваньні і сьмерці ў Беларусі? У «ПіКу Свабоды» разважае гісторык і палітоляг Аляксандар Фрыдман.

00:00 Лукашэнка ляціць у Маскву пасьля візыту кіраўніка ЦРУ
09:09 Чаму Лукашэнка прытуляў ваенных злачынцаў
15:12 Якія інтарэсы афіцыйнага Менску ў Паўночнай Карэі?
19:50 Ці рыхтуецца Расея атакаваць краіны Балтыі
23:13 Дэсант «беларускіх піратаў» у Капэнгагене
28:49 Спрэчка вакол «крыжа Сафіі Менскай»

— На гэтым тыдні памёр былы камандзір арміі басьнійскіх сэрбаў Ратка Младзіч, асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне за ваенныя злачынствы. У 2017 годзе суд прызнаў Ратка Младзіча вінаватым у генацыдзе за арганізацыю забойства ў 1995 годзе сама меней 8 тысяч мусульманаў у басьнійскай Срэбраніцы — найгоршага злачынства ў Эўропе з часоў Другой сусьветнай вайны. На гэтым фоне, якімі вам бачацца шанцы на міжнародны суд адказных за катаваньні і сьмерці ў Беларусі? Ці ня марныя спадзяваньні на міжнародны суд над Лукашэнкам і яго рэжымам?

— Калі мы паглядзім на лёс Ратка Младзіча, то досыць працяглы час яму ўдавалася пазьбягаць адказнасьці. Ён хаваўся ў Сэрбіі. Сэрбскія ўлады пэўны час рабілі выгляд, што ня ведаюць пра ягоны лёс, альбо фактычна нічога не рабілі. Для Сэрбіі гэта было сур’ёзнае і зьнешне, — і ўнутрыпалітычнае пытаньне. У Сэрбіі хапае людзей — і да сёньня іх хапае, — якія не лічаць Ратка Младзіча ваенным злачынцам, чалавекам, адказным за адно з найгоршых злачынстваў у пасьляваеннай гісторыі Эўропы. Я маю на ўвазе карную акцыю ў Срэбраніцы, дзе былі забітыя каля 8 тысяч чалавек. Ёсьць людзі, якія лічаць Младзіча сапраўдным героем Сэрбіі, чалавекам, які змагаўся за сэрбскія інтарэсы.

Але цікава, што ў выпадку Младзіча мы маем справу з чалавекам, які ня толькі зьдзейсьніў злачынствы, але і адказаў за іх. Былі розныя спробы з яго боку і з боку ягонай абароны пазьбегнуць адказнасьці, але лёс Младзіча вядомы: ён быў асуджаны і памёр за кратамі. Праўда, прайшоў вельмі сур’ёзны час, перш чым ён апынуўся за кратамі — амаль 15 гадоў.

Што тычыцца беларускага кантэксту, мне было вельмі цікава назіраць за рэакцыяй беларускай дзяржаўнай прапаганды на лёс і сьмерць Младзіча. Яна была вельмі апэратыўнай. Самі наратывы мяне не зьдзівілі: яны паказваюць Младзіча як выбітную фігуру. Хутчэй пытаньне ў тым, наколькі апэратыўна яны адрэагавалі і наколькі падкрэсьліваюць, што ён памёр менавіта за кратамі. Гэта паказвае, што лёс Младзіча і людзей, якія былі асуджаныя такім чынам, сапраўды турбуе беларускія ўлады. Гэты прывід Гаагі відавочна нікуды не зьнік.

Хаця на дадзены момант шанцы на тое, што ў беларускім кантэксьце нехта паўстане перад судом у Гаазе, мякка кажучы, вельмі невялікія. Шанцы на тое, што будуць пакараныя такія людзі, як Младзіч альбо прэзыдэнт Рэспублікі Сэрбскай Радаван Караджыч, якія знаходзяцца за кратамі, у свой час былі значна большымі. Хаця б таму, што Сэрбія была і да сёньня застаецца зацікаўленай у эўраінтэграцыі і супрацоўніцтве з Эўразьвязам. Беларускі кантэкст зусім іншы. Але кантэкст можа зьмяніцца, дынаміка можа зьмяніцца. І лёс Младзіча і Караджыча — гэта яшчэ адзін сыгнал для беларускіх уладаў, што ў пэўных умовах можа прыйсьці сытуацыя, калі давядзецца адказваць за тое, што было зроблена, у тым ліку і ў Гаазе.

— За кратамі застаецца яшчэ адзін ваенны злачынца 81-гадовы Радаван Караджыч, першы прэзыдэнт Рэспублікі Сэрбскай (частка Босьніі і Герцагавіны). Паводле Флорэнс Хартман, былой прэс-сакратаркі галоўнага пракурора Міжнароднага трыбуналу па былой Югаславіі Карлы дэль Понтэ, у 1997 годзе Расея вывезла Радована Караджыча ў Беларусь, дзе ён хаваўся некалькі месяцаў. Цяпер прапагандысты ў Беларусі выказваць спачуваньні з нагоды сьмерці ваеннага злачынцы Ратка Младзіча. Якое стаўленьне ў Лукашэнкі да асуджаных за ваенныя злачынствы ў былой Югаславіі? Караджыча, Младзіча, таго ж Мілошавіча? Ці гэта для яго проста бізнэс — даць прытулак, як ён гэта зрабіў для былога кыргізскага прэзыдэнта Курманбека Бакіева? Ці тут ёсьць пэўная блізкасьць?

— Я думаю, што пэўная блізкасьць безумоўна прысутнічае. У свой час Лукашэнка, пасьля таго як быў абраны прэзыдэнтам Беларусі, досыць моцна цікавіўся падзеямі на Балканах. Ягоны вядомы візыт у Бялград, ягоныя выказваньні на балканскую тэматыку — ён даволі сыстэматычна сачыў за гэтымі падзеямі. Я думаю, што і лёс Мілошавіча, і іншых ён адсочвае. Калі казаць пра Мілошавіча, а ў выпадку з Караджычам можна сыходзіць з таго, што яны таксама сустракаліся ў Лукашэнкі, калі Караджыч сапраўды хаваўся пэўны час у Менску.

Гэта людзі, з якімі Лукашэнка знаёмы, да якіх ён мае сымпатыю. І гэта людзі, якія ў ягонай сыстэме каардынатаў кінулі выклік Захаду — і прайгралі. Лукашэнка таксама разглядае сябе як чалавека, які кінуў выклік Захаду. Тут можна ўзгадаць розныя прыклады, якія ён час ад часу называе: Мілошавіч, Кадафі, Хусэйн і гэтак далей. Гэта людзі, да якіх ён мае сымпатыю і, напэўна, у розных кантэкстах разважае пра тое, каб і яму не паўтарыць іх лёс.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG