Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Міністэрстве абароны абвясьцілі аб вучэньнях у камэндатурах і тэрытарыяльных войсках. Будуць практыкавацца ў супрацьдзеяньні дронам

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі аб правядзеньні 25–27 жніўня тактыка-спэцыяльнага вучэньня з камэнданцкімі вайсковымі часткамі пад кіраўніцтвам начальніка ўпраўленьня службы войскаў Узброеных сілаў Дзьмітрыя Жукоўскага.

«Мэта — павышэньне ўзроўню падрыхтоўкі адказных асобаў у кіраваньні камэнданцкімі вайсковымі часткамі і навучанасьці асабовага складу падразьдзелаў падчас выкананьня прызначаных задачаў», — сказана ў паведамленьні.

Плянуюць практыкавацца ў забесьпячэньні дзеяньняў вайсковых частак у раёнах выкананьня задачаў, падтрыманьні правапарадку і бясьпекі дарожнага руху, а таксама ў выведцы з выкарыстаньнем бесьпілётнікаў і супрацьдзеяньні дронам праціўніка.

У вучэньні залучаць вайскоўцаў камэндатураў і кіналягічнага цэнтру Ўзброеных сілаў.

У Менскай і Горадзенскай вобласьцях — вучэньні тэрытарыяльных войскаў

Ад 25 жніўня ў Бярэзінскім і Чэрвеньскім раёнах Менскай вобласьці і ад 26 жніўня ў Ваўкавыскім раёне Горадзенскай вобласьці пад кіраўніцтвам старшыняў райвыканкамаў адбудуцца навучальныя зборы з вайсковаабавязанымі.

На зборах плянуюць ажыцьцявіць прыём вайсковаабавязаных тэрытарыяльных войскаў і іх забесьпячэньне, аднавіць навыкі каманднага складу ў кіраваньні падначаленымі, падрыхтаваць вайсковабавязаных да выкананьня задач, адпаведных іхным пасадам, а таксама адпрацаваць пытаньні фармаваньня, падрыхтоўкі і выкарыстаньня атрадаў народнага апалчэньня.

На завяршальным этапе правядуць камандна-штабныя і тактычныя вучэньні.

Што папярэднічала і чаму гэта важна

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі фактычна на сталай аснове адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў пагрозамі і імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Хоць за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу наяўнасьці такіх плянаў.

Сёлета ў чэрвені і ліпені ўлады і вайсковае кіраўніцтва Беларусі надалей гаварылі аб існаваньні плянаў «калектыўнага Захаду» напасьці на Беларусь і Расею. З адпаведнымі заявамі выступіў міністар абароны Віктар Хрэнін на паседжаньні Рады міністраў абароны краінаў АДКБ у Маскве, а потым і на IV «Міжнародным антыфашысцкім кангрэсе» ў Менску, дзе ён абвінаваціў эўрапейцаў у «нацысцкім мэнталітэце» і рыхтаваньні да вайны.

Але ўжо ў канцы ліпеня Хрэнін у дакладзе Аляксандру Лукашэнку заявіў пра спакойную вайскова-палітычную абстаноўку вакол Беларусі і «брак прыкметаў рыхтаваньня да актыўных дзеяньняў з боку суседніх дзяржаваў».

16 жніўня камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Андрэй Лук’яновіч ужо канстатаваў брак вонкавай пагрозы для Беларусі і аднаўленьне апэратыўных кантактаў з Латвіяй, Літвой і Польшчай.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG