Што менавіта адбылося 25 жніўня 1991 году?
Увечары 25 жніўня Вярхоўны Савет Беларускай ССР прыняў закон «Аб наданьні статусу канстытуцыйнага закону Дэклярацыі Вярхоўнага Савету Беларускай ССР аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай ССР».
Гэта азначала, што палажэньні Дэклярацыі атрымалі найвышэйшую юрыдычную сілу ў рэспубліцы. З гэтага моманту Беларусь юрыдычна стала незалежнай дзяржавай.
Таму 25 жніўня 1991 году называюць днём абвяшчэньня або аднаўленьня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі.
Дык Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце прынялі не 25 жніўня?
Не. Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце больш як за год да таго, 27 ліпеня 1990 году.
Яна абвяшчала: «Поўны дзяржаўны сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь як вяршэнства, самастойнасьць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі».
Аднак першапачаткова Дэклярацыя ня мела статусу канстытуцыйнага закону. У ёй таксама захоўваліся фармулёўкі пра ўдзел Беларусі ў абноўленым Савецкім Саюзе. Таму дакумэнт яшчэ не азначаў фактычнага выхаду БССР з СССР.
Чаму незалежнасьць не абвясьцілі яшчэ ў 1990 годзе?
У Вярхоўным Савеце, абраным у 1990 годзе, пераважалі прадстаўнікі савецкай намэнклятуры і чальцы Камуністычнай партыі. Апазыцыя Беларускага Народнага Фронту складала толькі некалькі дзясяткаў дэпутатаў.
Большасьць парлямэнтароў не выступала за поўны выхад з СССР. Яны разглядалі сувэрэнітэт пераважна як пашырэньне паўнамоцтваў рэспублікі ў межах абноўленага Савецкага Саюзу.
Гэта адпавядала і тагачасным настроям значнай часткі грамадзтва. На ўсесаюзным рэфэрэндуме 17 сакавіка 1991 году, паводле афіцыйных вынікаў, 82,5% удзельнікаў галасаваньня ў БССР падтрымалі захаваньне СССР як «абноўленай фэдэрацыі раўнапраўных сувэрэнных рэспублік».
БНФ ставіў пад сумнеў законнасьць правядзеньня рэфэрэндуму ў Беларусі і зьвяртаў увагу на тое, што праціўнікі захаваньня СССР ня мелі роўнага доступу да дзяржаўных мэдыя.
Дэпутат апазыцыі БНФ Алег Трусаў пазьней не пагаджаўся з думкай, што Беларусь атрымала незалежнасьць выпадкова і грамадзтва не было да яе падрыхтаванае,
«Калі я чытаю некаторых рускамоўных дэмакратаў, што незалежнасьць упала „як цагліна зь неба“, усё гэта хлусьня. Беларусы былі гатовыя. Можа, ня так актыўна, як прыбалты».
21 траўня 1991 году Апазыцыя БНФ прапанавала ўключыць у парадак дня Вярхоўнага Савету пытаньне аб абвяшчэньні незалежнасьці. Прапанова набрала 118 галасоў пры неабходнай канстытуцыйнай большасьці і не прайшла.
«Звычайна, каб перацягнуць на свой бок 15–20 дэпутатаў, нам даводзілася прыкладаць вялізныя намаганьні — весьці кулюарныя перамовы, шукаць дадатковую аргумэнтацыю, і займала гэта ня дзень і ня два. Але пераканаць пару дзясяткаў зьмяніць пазыцыю было рэальна, калі ж не хапала 130 галасоў — ня памятаю, каб мы настойвалі на хуткім перагаласаваньні», — пазьней так апісваў суадносіны сілаў у парлямэнце дэпутат БНФ Сяргей Навумчык.
Хто дамагаўся незалежнасьці Беларусі?
Галоўнай палітычнай сілай, якая пасьлядоўна патрабавала незалежнасьці, быў Беларускі Народны Фронт і ягоная фракцыя ў Вярхоўным Савеце на чале зь Зянонам Пазьняком.
На Другім зьезьдзе БНФ у сакавіку 1991 году Пазьняк сфармуляваў галоўную мэту руху:
«У нас ёсьць усё, каб жыць добра. Няма толькі свабоды і незалежнасьці. Дасягненьне свабоды і сувэрэнітэту Беларусі — найважнейшая задача нашага пакаленьня».
Патрабаваньне рэальнага выкананьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце гучала і падчас масавых рабочых страйкаў у Менску ў красавіку 1991 году. Рабочыя патрабавалі «неадкладна распачаць выкананьне Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце», не падпісваць саюзны дагавор да прыняцьця Канстытуцыі сувэрэннай Беларусі і нацыяналізаваць маёмасьць КПБ-КПСС.
Што зьмянілася ў жніўні 1991 году?
19 жніўня група высокапастаўленых савецкіх чыноўнікаў абвясьціла пра стварэньне Дзяржаўнага камітэту па надзвычайным становішчы, вядомага як ГКЧП.
Путчысты заявілі, што прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў нібыта ня можа выконваць абавязкі паводле стану здароўя. Іхнай мэтай было спыніць распад СССР, захаваць уладу Камуністычнай партыі і не дапусьціць падпісаньня новага саюзнага дагавору.
У Маскву ўвялі танкі. Кіраўніцтва Камуністычнай партыі Беларусі падтрымала ГКЧП. На чыгуначную станцыю Радыятарная ў Менску прыгналі восем закратаваных вагонаў.
Дэпутаты Апазыцыі БНФ у той жа дзень назвалі стварэньне ГКЧП дзяржаўным пераваротам, заклікалі не выконваць распараджэньняў путчыстаў і пачалі зьбіраць людзей на плошчы перад Домам ураду.
«Перш за ўсё гэта быў замах на нашу народную, чалавечую і нацыянальную годнасьць. Наша дзяржава Беларусь апынулася безабароннай перад крымінальным абліччам хунты, нам не было чым бараніць свой сувэрэнітэт і свой шлях да свабоды, — заявіў падчас надзвычайнай сэсіі Зянон Пазьняк. — Беларусі патрэбна беларускае нацыянальнае войска, дзяржаўная сыстэма нацыянальнай бясьпекі, структура аховы краю і грамадзтва. Беларусі патрэбны поўны і рэальны, а не дэкляраваны, сувэрэнітэт».
Як правал маскоўскага путчу паўплываў на Беларусь?
21 жніўня путч праваліўся. Пазыцыі кіраўніцтва КПСС і яе беларускай арганізацыі рэзка аслаблі.
Тым часам працэс распаду СССР паскорыўся. 24 жніўня незалежнасьць абвясьціла Ўкраіна. Іншыя суседнія рэспублікі таксама ўжо ішлі шляхам стварэньня незалежных нацыянальных дзяржаў.
У гэтых умовах захаваньне ранейшага статусу пагражала Беларусі палітычнай і эканамічнай залежнасьцю ад суседзяў і Масквы. У Вярхоўным Савеце зьявілася кароткае акно магчымасьцяў, каб прыняць рашэньні, якія яшчэ за некалькі дзён да таго здаваліся немагчымымі.
«Тая сытуацыя, якая склалася тады і ў самой Беларусі, і ў Вярхоўным Савеце, і вакол яго, мы скарысталі на сто працэнтаў трапна для таго, каб надаць Дэклярацыі статус канстытуцыйнага закону, — узгадваў дэпутат Апазыцыі БНФ Лявон Дзейка (1950-2021). — Зьбег абставінаў, які склаўся менавіта ў тыя дні, якраз быў скарыстаны найбольш эфэктыўна. Мне падаецца, у іншай сытуацыі, праз нейкі пэўны тэрмін, гэта магло б і не адбыцца».
Хто дамогся скліканьня надзвычайнай сэсіі?
Дэпутаты Апазыцыі БНФ запатрабавалі неадкладна склікаць надзвычайную сэсію Вярхоўнага Савету. Да іх далучыліся іншыя дэмакратычныя дэпутаты. Усяго за скліканьне сэсіі выказаліся 84 дэпутаты.
22 жніўня Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету быў вымушаны пагадзіцца. Дэпутаты БНФ на чале зь Зянонам Пазьняком за двое сутак падрыхтавалі пакет з больш як 20 праектаў законаў і пастановаў.
Сярод прапановаў былі:
- наданьне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закону;
- стварэньне ўласнага войска;
- дэпартызацыя дзяржаўных органаў;
- спыненьне дзейнасьці КПБ-КПСС;
- ацэнка дзеяньняў кіраўніцтва рэспублікі падчас путчу;
- падпарадкаваньне Беларусі саюзных органаў, прадпрыемстваў і сілавых структураў на яе тэрыторыі.
«Практычна начамі мы працавалі ў апазыцыі, рыхтуючы законапраекты, зьвязаныя з абвяшчэньнем незалежнасьці Беларусі, таму што зьявіўся ўнікальны шанец, і мы гэта адчувалі, — прыгадваў дэпутат Лявон Баршчэўскі. — Рыхтавалі законапраекты, зьвязаныя з атрыбутамі незалежнай дзяржавы, і з войскам, і зь міліцыяй, з падпарадкаваньнем, і зь неабходнымі канстытуцыйнымі зьменамі, з сымболікай».
23 жніўня Зянон Пазьняк, Валянцін Голубеў, Уладзімер Заблоцкі і Сяргей Навумчык выступілі ў жывым эфіры Беларускага тэлебачаньня і заклікалі людзей прыйсьці да Дому ўраду.
Ужо падчас сэсіі дэпутат Яўген Глушкевіч паўтарыў гэты заклік: «Я зьвяртаюся да менчукоў, тых, хто нас цяпер слухае. Нам патрэбна ваша дапамога. Прыходзьце на плошчу, нам патрэбна ваша падтрымка».
Як пачалася «сэсія Незалежнасьці»?
Надзвычайная сэсія працавала 24 і 25 жніўня. Перад Домам ураду сабраліся тысячы людзей. Па закліку дэпутатаў БНФ яны прыходзілі на плошчу, каб падтрымаць патрабаваньне незалежнасьці.
Дэпутатка Галіна Сямдзянава ўнесла ў Авальную залю бел-чырвона-белы сьцяг і разам з Валянцінам Голубевым замацавала яго за трыбунай. Пазьняк прапанаваў пакінуць сьцяг у залі, але за гэта прагаласавалі толькі 107 дэпутатаў.
«Мы пачакаем», — сказаў Пазьняк. Голубеў прыбраў сьцяг са сцэны і паставіў яго ў сэктары, дзе сядзелі дэпутаты ад Менску. Там сьцяг заставаўся на працягу ўсёй сэсіі.
Першапачаткова кіраўніцтва Вярхоўнага Савету не зьбіралася разглядаць пытаньне незалежнасьці. Прэзыдыюм прапанаваў толькі два асноўныя пункты: «Аб бягучым моманце» і «Аб саюзным дагаворы». За ягоны парадак дня прагаласавалі 210 дэпутатаў.
Першая спроба ўключыць прапанову аб наданьні Дэклярацыі канстытуцыйнай моцы набрала 161 голас. Для прыняцьця рашэньня патрабавалася канстытуцыйная большасьць, якой тады не хапіла.
Як дэпутаты БНФ дамагаліся ўключэньня пытаньня аб незалежнасьці?
На працягу двух дзён яны выступалі з трыбуны, прыводзілі доказы падтрымкі путчу кіраўнікамі КПБ і патрабавалі разгляду падрыхтаваных імі законапраектаў. Дэбаты наўпрост трансьляваліся па радыё, а перад Домам ураду павялічвалася колькасьць людзей.
Калі ў чарговым варыянце парадку дня зноў не аказалася пытаньня аб незалежнасьці, Валянцін Голубеў зьвярнуўся да Станіслава Шушкевіча:
«Дзе дзелася пытаньне аб наданьні статусу канстытуцыйнага закону Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце? Што, мы ізноў уцяклі, ізноў баімся сказаць, што мы беларусы і Вярхоўны Савет Беларусі павінен ахоўваць сваю рэспубліку?»
Голубеў таксама патрабаваў даць ацэнку кіраўніцтву рэспублікі, спыніць дзейнасьць Камуністычнай партыі і нацыяналізаваць яе маёмасьць.
Баршчэўскі падкрэсьліваў, што без грамадзкай падтрымкі за межамі Авальнай залі сабраць неабходныя галасы было б значна цяжэй: «Сэсія ішла вельмі цяжка, таму што абсалютная большасьць была партыйная намэнклятура, якая не хацела здаваць ані Мікалая Дземянцея, ані іншых, хто запляміўся падтрымкай путчу».
На ягоную думку, на дэпутатаў паўплывалі і людзі на плошчы, і агучаныя доказы паводзінаў кіраўніцтва падчас путчу.
«Было б цяжка гэта зрабіць, калі б не сабралася многа народу на вуліцы, калі б у прамую трансьляцыю не прайшла тая самая стужка з дыктафона Ігара Герменчука, дзе людзі чулі, як рэальна сябе паводзіў кіраўнік ВС у першы дзень путчу».
Гаворка ішла пра зроблены дэпутатам Ігарам Герменчуком аўдыёзапіс пасяджэньня Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету ў першы дзень путчу.
Чаму сэсія раптам пайшла паводле іншага сцэнару?
Пераломным стаў эпізод з выступам першага сакратара ЦК КПБ Анатоля Малафеева, які падтрымаў ГКЧП. Калі Малафееў накіраваўся да трыбуны, Галіна Сямдзянава загарадзіла мікрафон. Іншыя дэмакратычныя дэпутаты атачылі яго і прымусілі вярнуцца на месца.
«Абуральныя былі паводзіны і нашых камуністаў, і абуральныя былі паводзіны Малафеева, у той час першага сакратара ЦК Беларусі. Ён выйшаў на трыбуну, дык дэпутаты прыйшлі да трыбуны і яго адтуль сагналі», — узгадваў дэпутат Апазыцыі БНФ Алесь Шут (1952-2019), які ўдзельнічаў у супрацьстаяньні каля трыбуны.
Для камуністычнай большасьці, звыклай да безумоўнай улады партыйнага кіраўніка, гэта стала псыхалягічным пераломам.
«Усемагутнага першага сакратара ЦК, які дзесяцігодзьдзямі ўспрымаўся намесьнікам Бога на зямлі, сагналі, выкінулі, як школьніка-недарэку. Сьвет, які складаўся дзесяцігодзьдзямі, абрынаўся ў іх галовах», — тлумачыў псыхалёгію моманту Сяргей Навумчык.
Неўзабаве старшыня Вярхоўнага Савету Мікалай Дземянцей, якога абвінавачвалі ў бязьдзейнасьці падчас путчу, падаў у адстаўку. Сэсію працягнуў весьці ягоны першы намесьнік Станіслаў Шушкевіч.
Паводле Навумчыка, «камуністы былі псыхалягічна надломленыя і пачалі здаваць свае „бастыёны“ адзін за другім».
Лявон Дзейка згадваў, што сэсія працавала дапазна, а рашэньні даваліся праз вострыя спрэчкі: «Многія пытаньні ішлі вельмі цяжка, вельмі напружана, вельмі, як кажуць, ваяваць прыходзілася літаральна за кожную фармулёўку».
Што сказаў перад галасаваньнем Зянон Пазьняк?
Перад вырашальным галасаваньнем Пазьняк заклікаў дэпутатаў улічыць прынцыпова новую сытуацыю пасьля правалу ГКЧП і абвяшчэньня незалежнасьці суседнімі рэспублікамі:
«Зараз мы ўступілі ў прынцыпова новую сытуацыю. Усе рэспублікі вакол нас аб’явілі аб сваёй нацыянальнай дзяржаўнай незалежнасьці. У тым ліку ўчора гэта зрабіла Ўкраіна. Практычна пытаньне аб Саюзным дагаворы здымаецца на нейкі тэрмін. Саюз існуе толькі намінальна».
Завяршаючы выступ, Пазьняк заклікаў не адкладаць рашэньня: «Я прашу вас паставіць гэтае пытаньне і вырашыць яго сёньня. Бо заўтра можа быць позна».
Дэпутат Апазыцыі БНФ Юры Беленькі згадваў, што падчас другога выступу Пазьняк зьмяніў тон і зьвярнуўся да камуністычнай большасьці як да «шаноўных калег»: «Другі выступ Пазьняка, я б сказаў, гэта ўвогуле фэнамэнальная рэч. Пазьняк прапанаваў ім выйсьці. Ён нават ужыў такі зварот да іх, як „шаноўныя калегі“».
Паводле Беленькага, пасьля гэтага адзін з прадстаўнікоў камуністычнай большасьці Міхаіл Мачуленка заклікаў падтрымаць Пазьняка. «Вы ведаеце, спадары дэпутаты, а спадар жа Пазьняк мае рацыю. Нам трэба стопрацэнтова падтрымаць дэпутата Пазьняка», — пераказваў Беленькі ягоныя словы.
«Дзейнасьць лідэраў Апазыцыі, іх выступленьні, іх аргумэнтацыя, найперш, я лічу, гэта зорны час быў у Вярхоўным Савеце лідэра Апазыцыі Зянона Станіслававіча Пазьняка, якраз і паспрыялі таму, што тыя рашэньні, якія падтрымлівала Апазыцыя, былі прынятыя большасьцю», — згадваў Лявон Дзейка.
Пасьля выступу Пазьняка прэм’ер Вячаслаў Кебіч і кіраўнікі абласьцей заклікалі дэпутатаў падтрымаць прапанову аб незалежнасьці.
Як прайшло галасаваньне?
Галасаваньне адбылося 25 жніўня, а 20:12.
У залі зарэгістраваліся 265 дэпутатаў:
- 256 прагаласавалі «за»;
- супраць не прагаласаваў ніхто;
- ніхто не ўстрымаўся;
- дзевяць дэпутатаў не галасавалі.
Такім чынам, была набраная неабходная канстытуцыйная большасьць.
Некаторыя ўдзельнікі пазьней называлі час 20:08, але ў стэнаграме сэсіі вырашальнае галасаваньне зафіксаванае, а 20:12.
Станіслаў Шушкевіч, які пасьля адстаўкі Дземянцея вёў сэсію, прызнаваўся, што не чакаў набраньня канстытуцыйнай большасьці. «Мае прадчуваньні мяне падвялі. Я чамусьці быў упэўнены, што канстытуцыйную большасьць не набярэ такая прапанова. Мне здавалася, што занадта многа ў нас ёсьць сіл, якія супрацьстаяць гэтаму. Але я памыліўся, і шчасьлівы, што памыліўся, таму што такі статус быў нададзены».
Шушкевіч тлумачыў галасаваньне разгубленасьцю намэнклятурнай большасьці пасьля правалу путчу. «Наш Вярхоўны Савет у той час усё ж такі больш глядзеў на Маскву. У Маскве ўжо да гэтага часу было рашучае падаўленьне путчу, і таму наш Вярхоўны Савет быў у стане страху».
Паводле Сяргея Навумчыка, менавіта вырашальны выступ Пазьняка паўплываў на вынік галасаваньня.
«Ён выступаў спантанна, бяз падрыхтоўкі, але гэта, перакананы, была самая выніковая прамова ў найноўшай гісторыі Беларусі. Менавіта тая прамова, сказаная без падрыхтоўкі, ад мікрафону, інтуітыўна, „на адным дыханьні“, самым непасрэдным чынам паўплывала на тое, што на мапе сьвету зьявілася новая краіна — Беларусь».
Ці галасаваў за незалежнасьць Аляксандар Лукашэнка?
Не. Лукашэнка, які быў дэпутатам ад Шклоўскай выбарчай акругі, падпісаў патрабаваньне аб скліканьні надзвычайнай сэсіі і выступаў з крытыкай кіраўнікоў рэспублікі за іх паводзіны падчас путчу. Аднак прапанову аб наданьні Дэклярацыі канстытуцыйнага статусу ён не падтрымаў.
«Падзеі апошніх дзён і гадзін дазваляюць нам зрабіць выснову пра тое, што Беларусь ня можа апынуцца ў палітычнай і эканамічнай ізаляцыі ад Расеі і іншых рэспублік, — засьцерагаў Лукашэнка 25 жніўня. З гэтай прычыны мы можам быць адрынутыя прэзыдэнтам Гарбачовым, у выніку чаго апынёмся на задворках фармаваньня новых органаў кіраўніцтва саюзу».
Напярэдадні ён заявіў, што ня хоча ўдзельнічаць у далейшых галасаваньнях: «Я не магу браць далейшы ўдзел у гэтай сэсіі і браць удзел у галасаваньні. Я не хачу, каб на канчатковым этапе гэтага смутнага часу, гэтага кароткага адрэзку мае рукі былі бруднымі».
Падчас вырашальнага галасаваньня насупраць прозьвішча Лукашэнкі ў стэнаграме стаіць пазнака «Адсутнічаў». Апошні раз таго дня ён зарэгістраваўся ў электроннай сыстэме, а 16:33. За незалежнасьць Беларусі Лукашэнка не галасаваў.
Якія яшчэ рашэньні прыняла сэсія?
Вярхоўны Савет спыніў дзейнасьць Камуністычнай партыі Беларусі, асудзіў дзеяньні ГКЧП, пастанавіў правесьці дэпартызацыю дзяржаўных органаў і стварыў камісію для ацэнкі паводзінаў службовых асобаў і ўстановаў падчас путчу.
«Былі прынятыя пастановы, якія вызначалі падпарадкаваньне Рэспубліцы Беларусь органаў пракуратуры, аб маёмасьці, якая знаходзілася на тэрыторыі Беларусі, — згадваў Лявон Дзейка. — Ну і самае галоўнае — гэта была пастанова Вярхоўнага Савету аб наданьні Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай ССР сілы канстытуцыйнага закону».
У наступныя тыдні працэс юрыдычнага афармленьня незалежнай дзяржавы працягнуўся. 19 верасьня 1991 году БССР была перайменаваная ў Рэспубліку Беларусь, скарочана Беларусь. Дзяржаўнымі сымбалямі сталі бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня».
«19 верасьня 1991 году мы прынялі назву дзяржавы, прынялі сымболіку, мне давялося якраз яе прымаць — на трыбуне стаяць. І прынялі і сьцяг, і герб, і назву», — распавядаў Алег Трусаў, які выступаў у Вярхоўным Савеце з прадстаўленьнем дзяржаўных сымбаляў.
У сьнежні 1991 году кіраўнікі Беларусі, Расеі і Ўкраіны падпісалі Белавескія пагадненьні, у якіх канстатавалі, што СССР спыніў існаваньне.
Ці стала 25 жніўня дзяржаўным сьвятам?
Не. Пасьля прыняцьця Дэклярацыі ў 1990 годзе Днём Незалежнасьці абвясьцілі 27 ліпеня. Гэтая дата заставалася афіцыйным сьвятам да 1996 году.
Пасьля ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму 1996 году Дзень Незалежнасьці перанесьлі на 3 ліпеня, дзень вызваленьня Менску ад нацысцкай акупацыі ў 1944 годзе.
25 жніўня ня стала афіцыйным сьвятам, хоць менавіта ў гэты дзень у 1991 годзе незалежнасьць Беларусі атрымала юрыдычнае замацаваньне.
Чаму 25 жніўня называюць адной з найважнейшых датаў беларускай гісторыі?
Гэта быў дзень, калі Беларусь з савецкай рэспублікі ператварылася ў юрыдычна незалежную дзяржаву. Рашэньне не было аўтаматычным вынікам распаду СССР. Яму папярэднічалі шматгадовы нацыянальны рух, дзейнасьць БНФ, масавыя пратэсты і страйкі, падрыхтоўка законапраектаў, ціск людзей на плошчы і вострая палітычная барацьба ў Вярхоўным Савеце.
Пазьняк падчас гістарычнай сэсіі так сфармуляваў сэнс прапанаванага рашэньня:
«Сувэрэнітэт дасьць нам магчымасьць стаць свабоднымі і незалежнымі, дасьць нам магчымасьць разьвіць тыя асновы, якія мы закладаем, ідучы да рэформаў».
Лявон Баршчэўскі падкрэсьліваў ролю невялікай дэмакратычнай меншасьці ў падрыхтоўцы рашэньняў.
«Гэта было сапраўды сьвята, гэта вялізная гістарычная падзея. Спрычынілася да гэтага невялікая дэмакратычная меншасьць, а ў першую чаргу дэпутаты Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту, якія адзіныя мэтанакіравана працавалі, ня спалі начамі, рыхтавалі гэтыя акты, — пераасэнсоўваў тыя падзеі Баршчэўскі. — Лічу, што мы зрабілі ўсё, што маглі ў тых умовах, і тое, на што нам была дадзеная воляй таго народу, які выбіраў нас дэпутатамі».
«Пасьля гэтага адразу ўключыліся, каб пачаць ствараць усе інстытуцыі незалежнай дзяржавы, — распавядаў Юры Беленькі. — Нам удалося тады многія рэчы, неабходныя для існаваньня незалежнай дзяржавы, юрыдычна замацаваць, прыняць у якасьці законаў, пастановаў».
25 жніўня 1991 году была створаная прававая аснова Рэспублікі Беларусь, яе дзяржаўных інстытутаў, межаў, грамадзянства, войска, зьнешняй палітыкі і міжнароднага прызнаньня. Менавіта ад рашэньня, прынятага, а 20:12, бярэ пачатак сучасная незалежная беларуская дзяржава.
БІБЛІЯТЭКА СВАБОДЫ
Чытайце кнігу Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы» (2-е выданьне, 2016) (Спампаваць PDF) (Спампаваць EPUB)
Форум