Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт М’янмы ў Менску сустрэнецца з Лукашэнкам і адкрые амбасаду

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком М'янмы Аўнг Глайнгам, 7 сакавіка 2025Ілюстрацыйнае фота
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком М'янмы Аўнг Глайнгам, 7 сакавіка 2025Ілюстрацыйнае фота

Папярэдняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прэзыдэнтам М’янмы Мін Аўнг Глайнгам адбылася 2 ліпеня.

Міністэрства інфармацыі Мʼянмы паведаміла, што пасьля візыту ў Маскву прэзыдэнт гэтай краіны Мін Аўнг Глайнг на запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі наведае з афіцыйным візытам Менск. Кіраўнік вайсковай хунты знаходзіцца ў Маскве 18-19 жніўня.

У Менску заплянаваныя сустрэчы прэзыдэнта Мʼянмы з Аляксандрам Лукашэнкам, кіраўнікамі ўраду, Палаты прадстаўнікоў і іншымі.

«Прэзыдэнт цёпла абмяркуе пытаньні, зьвязаныя з далейшым умацаваньнем існуючай двухбаковай дружбы і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ва ўсіх сфэрах, якія ўяўляюць агульны інтарэс, у тым ліку ў эканоміцы, бясьпецы і сацыяльнай сфэрыў»,— паведамілі ў МЗС Мʼянмы.

Кіраўнік гэтай краіны таксама прыме ўдзел у цырымоніі адкрыцьця пасольства Мʼянмы ў Менску і ў мʼянманска-беларускім бізнэс-форуме.

Чакаецца, што восеньню адкрыюць і амбасаду Беларусі ў М’янме.

Пацьвярджэньня гэтага візыту зь беларускага боку пакуль няма.

У ліпені 2026-га і ў канцы 2025 году Аляксандар Лукашэнка наведваў М’янму. У ліпені 2026 году падчас візыту Лукашэнкі Мʼянму бакі абмеркавалі супрацу ў прамысловасьці, сельскай гаспадарцы, фармацэўтыцы, гуманітарнай сфэры і ў іншых кірунках. Плян супольных дзеяньняў уключае захады на пэрыяд 2026–2028 гадоў.

У М’янме кіруе вайсковая хунта

Паварот замежнай палітыкі афіцыйнага Менску ў бок Глябальнага Поўдня і Паўднёва-ўсходняй Азіі адбыўся з-за канфлікту Беларусі з Захадам.

У М’янме Лукашэнка выказваў захапленьне гэтай краінай і рэжымам, які там кіруе. А між тым М’янма — адна з самых праблемных, бедных і ізаляваных краінаў сьвету. Там кіруе вайсковая хунта. У краіне ідзе грамадзянская вайна.

Пракурор Міжнароднага крымінальнага суду запрасіў ордэр на арышт кіраўніка вайсковай хунты Мін Аўнг Глайнга, які стаў прэзыдэнтам.

У 2025 годзе Мін Аўнг Глайнг двойчы наведваў Беларусь. Галоўным кампанэнтам абодвух візытаў была вайскова-тэхнічная супраца — на сустрэчах найперш абмяркоўвалі пытаньні паставак, мадэрнізацыі тэхнікі, а таксама пляны па паглыбленьні абароннага супрацоўніцтва.

Дыпляматычныя адносіны паміж Беларусьсю і М’янмай былі ўстаноўленыя ў 1999 годзе. Ганаровае консульства Беларусі ў Янгоне адкрытае ў 2011 годзе. За апошнія дзесяць гадоў актывізаваліся афіцыйныя візыты, заключэньне пагадненьняў і арганізацыя сумесных абаронных праграм.

Вайсковае супрацоўніцтва каардынуецца праз сумесную камісію, у рамках якой абмяркоўваюцца пытаньні вытворчасьці, рамонту, трансфэру тэхналёгій і навучаньня.

Праваабарончая арганізацыя Justice For Myanmar заклікае заходнія юрысдыкцыі каардынаваць адсочваньне і надгляд падазроных грузаў на судах і самалётах, якія курсіруюць паміж Беларусьсю і Мʼянмай, у прыватнасьці праз транзытныя краіны, а таксама ўзмацніць мытны кантроль у транзытных вузлах, праз якія могуць накіроўвацца грузы зь Беларусі ў Мʼянму.

Арганізацыя таксама заклікае пашырыць санкцыі ў адказ на беларускае саўдзел у Мʼянме. У прыватнасьці, БДУІР, БДТУ і БДУ і іх кіраўніцтва павінны быць падвергнутыя санкцыям і шырэйшаму акадэмічнаму байкоту з прычыны іх сувязяў з мʼянманскай хунтай.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG