Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі загінуў яшчэ адзін беларус. Целы загінулых у аўтакатастрофе грамадзян Беларусі прывезьлі ў Менск

Ілюстрацыйнае ФОТА
Ілюстрацыйнае ФОТА

Міністэрства ўнутраных спраў Грузіі вядзе расьсьледаваньне.

У Грузіі на пад’езьдзе да Батумі грузавы цягнік зьбіў 35-гадовага грамадзяніна Беларусі.

Як паведаміла выданьне newsgeorgia.ge, ён загінуў на месцы. Міністэрства ўнутраных спраў Грузіі вядзе расьсьледаваньне.

Дзяржаўнае агенцтва «БелТА» з спасылкай на Міністэрства замежных спраў Беларусі паведаміла, што ў Грузіі пацьвердзілі беларускае грамадзянства загінулага.

Апроч таго, выданьне паведаміла аб дастаўцы целаў чатырох грамадзян Беларусі, якія загінулі ў выніку аўтакатастрофы 12 жніўня ў горным курорце Гаміс Мта ў рэгіёне Гурыя. Тады яшчэ 15 чалавек шпіталізавалі з рознымі траўмамі, два чалавекі ўсё яшчэ застаюцца ў лякарні.

Што папярэднічала

Аварыя адбылася 12 жніўня ў раёне Гурыі. Грузінская пракуратура выставіла абвінавачаньне кіроўцу, які не ўтрымаў мікрааўтобус на дарозе і той упаў у цясьніну. У выніку загінулі 4 беларусы, яшчэ 16 чалавек атрымалі траўмы.

Паводле сьледчых, кіроўца ня меў правоў адпаведнай катэгорыі для перавозкі такой колькасьці пасажыраў.

Яго затрымалі і абвінавацілі ў парушэньні правілаў бясьпекі руху, што прывяло да сьмерці больш як двух чалавек. Максымальнае пакараньне за такое злачынства — 10 гадоў зьняволеньня.

Пракуратура зьвярнулася ў суд, каб на час сьледзтва кіроўцу пакінулі пад вартай.

За апошні час гэта другая аўтакатастрофа ў Грузіі, у якой загінулі грамадзяне Беларусі.

Сёлета 25 ліпеня ў Батумі ў выніку сутыкненьня турыстычнага мікрааўтобуса з беларускімі пасажырамі і легкавіка загінулі два грамадзяніна Беларусі — 43-гадовая жанчына і мужчына 63 гадоў. Яшчэ 12 чалавек атрымалі рознай цяжкасьці траўмы.

Паводле відавочцаў, удар быў настолькі моцны, што некаторыя пасажыры выпалі з салёну. Ад удару мікрааўтобус перакуліўся, а легкавік урэзаўся ў будынак Батумскага ўнівэрсытэту мастацтваў.

МУС Грузіі вядзе сьледзтва, каб выявіць прычыны аварыі і вінаватых у ёй.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG